«Харошыя мае»…- гэта Людміла пра каровак-цялятак, якіх даглядае. 10011 кілаграмаў малака дала кожная з яе рагуль у 2018 годзе
Не ведаю, ці завецца адна з яе любіміц Архідэяй, але менавіта гэта экзатычная кветка ўзяла ў палон сэрца Людмілы. Дома ў яе 14 відаў архідэй, і блізкія дакладна ведаюць, які падарунак для жанчыны заўсёды жаданы.
Але гэта – хобі. А праца зусім не з кветкаводствам звязана. Людміла Кудзін (на здымку) – аператар машыннага даення. На Гуліцкай ферме ААТ «Жарабковічы» яна поплеч з сяброўкамі малочнай справай займаецца.
Васямнаццаць гадоў як з гараджанкі стала наша гераіня вяскоўкай, дакладней, аграгараджанкай. І не толькі жыллём у Жарабковічах абзавялася, але і знайшла сваё прызванне. Не менш, чым кветкі, любіць жывёлу. «Харошыя мае» – гэта пра каровак-цялятак, якіх даглядае. Дадаглядалася да рэкордных надояў: кожная з яе рагуль дала ў 2018 годзе па 10011 кілаграмаў малака!
– Сакрэт? Ён просты – ніякага сакрэта: люблю тое, што раблю, – смяецца Людміла Мікалаеўна і расказвае, што мама працавала даяркай… што сама дапамагала ёй з дзяцінства… што жывёла хоць гаварыць не можа, але ўсё разумее…
Ну, і як вы гэта трактуеце: проза ці паэзія? Адназначны доказ: гарманічны і шчаслівы чалавек – Людміла Кудзін. Яна і яе сяброўкі ўшчэнт разбіваюць стэрэатыпы наконт «а паспрабавалі б вы на ферме паўкалваць»… Так, у чатыры гадзіны на ранішнюю зімовую дойку прыходзяць; так, з вячэрняй пазнавата вяртаюцца дадому; так, работа нялёгкая, турботная, адказная, прычым, круглы год. Але ёсць вынік і ёсць задавальненне ад зробленага і ад заробленага.
Зрэшты, ніхто не прымушае іх паўтараць «харошыя мае»…
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Маргарыты КУХТА.