Цуд без межаў
Акцыя «Нашы дзеці» з кожным Новым годам пашырае свае межы, шчодра адорвае хлопчыкаў і дзяўчынак радасцю, пацвярджае – цуды ёсць!
Тры нашы юныя землякі, пэўна, нават у самых смелых марах не ўяўлялі, што будуць на навагоднім свяце, дзе да ўсіх іх звернецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Гімназістку Віялету Ланкуць запрашэнне на сталічную ёлку застала, калі яна, пераможца рэспубліканскага этапу конкурсу «Юны натураліст», знаходзілася ў «Зубраняці»:
– Пераднавагоднія дні для мяне былі сапраўды казачнымі. Такія падарункі – адпачынак у «Зубраняці» і паездка на свята ў Мінск! Гэта запомнілася на ўсё жыццё. Мне вельмі пашанцавала пабываць у Палацы Рэспублікі сярод больш як дзвюх тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Шчырыя пажаданні Кіраўніка дзяржавы нам, дзецям, яго словы пра тое, што мы – галоўны здабытак нашай Беларусі, захапляльнае музычнае шоу, цудоўныя падарункі не проста натхнілі. Захацелася дзейнічаць, спасцігаць новае, ісці наперад, удзельнічаць у разнастайных конкурсах.
Разам з Віялетай на дабрачынным рэспубліканскім навагоднім свяце напрыканцы снежня пабывалі васьмікласніца гімназіі Анастасія Ксёнжык і дзевяцікласнік СШ № 2 Максім Маруцік.
А 3 студзеня яшчэ шэсць рабят з Ляхавіччыны сталі ўдзельнікамі святочнага дзейства ў Мінску. На гэты раз у Палацы Незалежнасці ладзілася свята для рабят, якія выхоўваюцца ў прыёмных і мнагадзетных сем’ях.
Паўтара дзясяткі шчасліўчыкаў з нашага раёна – лепшыя вучні, юныя спартсмены, пераможцы творчых конкурсаў, актывісты дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў – пабывалі на галоўнай ёлцы ў Брэсце. Рабят павіншаваў старшыня аблвыканкама Анатолій Ліс.
Дзевяцікласніца Начаўскай СШ Дар’я Дараневіч, прызёр першынства Рэспублікі Беларусь па футболе (2017 год), дыпламант другой ступені абласной алімпіяды па асновах здаровага ладу жыцця, дома ўсхвалявана расказвала пра пажаданні губернатара вобласці хлопчыкам і дзяўчынкам.
– Мне здаецца, што менавіта такія сустрэчы становяцца лёсавызначальнымі. Анатолій Васільевіч нагадаў: ва ўсіх галінах патрабуюцца граматныя спецыялісты, якія валодаюць сучаснымі тэхналогіямі і тэхнікай. Гаварыў пра тое, што на Брэстчыне шмат робіцца, каб моладзь займалася спортам, вяла здаровы лад жыцця. А гэта мне вельмі блізка, бо ўваходжу ў склад каманды вобласці па футболе сярод дзяўчат. Наогул, гэта ёлка была самая незвычайная і запамінальная ў маім жыцці, – не хавае захаплення Даша.
І гэта ўсё прыемныя моманты дабрачыннага навагодняга марафону.
Колькі ўсмешак і шчырай радасці падарыў ён рабятам, запаліў у дзіцячых вачах іскрынкі, прагучаў шчаслівым
смехам, дапамог паверыць, што калі моцна жадаеш – мара спраўдзіцца.
Акцыя «Нашы дзеці» падводзіць вынікі, але клопат дзяржавы і дарослых пра інтарэсы хлопчыкаў і дзяўчынак працягваецца, і клопат гэты – сапраўдны.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.