За імгненне да тысячы. Брэст 27-29 ліпеня адсвяткуе сваё 999-годдзе

Свой дзень нараджэння Брэст будзе адзначаць на працягу некалькіх дзён, гулянні пройдуць больш чым на дзесяці пляцоўках. Так, 27 ліпеня гараджан запрашаюць у парк Міру на фестываль «Воблакі малака». У гэты ж дзень у абласным грамадска-культурным цэнтры адбудзецца святочны канцэрт брэсцкай філармоніі пад назвай «Любімаму гораду».
Асноўныя мерапрыемствы запланаваны на 28 ліпеня. У гэты дзень у 1944 годзе абласны цэнтр быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прадстаўнікі мясцовых органаў улады, дыпламатычных місій, грамадскасць ушануюць памяць абаронцаў, усклаўшы кветкі да помніка «Вызваленне» на плошчы Свабоды. Затым ля манумента 1000-годдзю Брэста адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця Дня горада.
Акрамя традыцыйнай праграмы берасцейцаў і гасцей абласнога цэнтра чакаюць новаўвядзенні. У прыватнасці, адметнасцю Дня горада абяцае стаць канцэрт папулярнай класічнай музыкі «Вячэрняя сімфонія», які адбудзецца на плошчы Леніна 28 ліпеня ў 22.00.
У цэлым можна будзе знайсці забавы на любы густ. Напрыклад, на пляжах упершыню пройдзе фестываль пляжных відаў спорту. На бульвары Шаўчэнкі разгорнецца свята кнігі. На вуліцы Гогаля будзе працаваць кірмаш майстроў народнай творчасці. На набярэжнай Францыска Скарыны арганізуюць культурна-забаўляльную праграму для дзяцей. Моладзі прапануюць адправіцца на Вяслярны канал, каб атрымаць асалоду ад музычнага праекта «Горад святла».
Святкаванне працягнецца 29 ліпеня. Асноўнай пляцоўкай абраны парк культуры і адпачынку. На яго тэрыторыі размесціцца фестываль кветак «Фарбы Брэста». Паралельна ў рэкрэацыйнай зоне адбудзецца адкрыццё ліхтара, прысвечанага воінам-дэсантнікам. У 16.00 берасцейцаў запрашаюць далучыцца да грамадзянска-патрыятычнай акцыі «Мы – разам», падчас якой выступяць фіналісты рэспубліканскіх вакальных конкурсаў Федэрацыі прафсаюзаў «Новыя галасы любімай краіны» і «Новыя імёны Беларусі». Таксама ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў адбудзецца святочны канцэрт творчых калектываў Брэста.
БЕЛТА.