На п’едэстал запрашаюцца
На п’едэстал запрашаюцца
Тыдзень назад у Слоніме завяршыліся адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, прысвечаныя памяці Заслужанага трэнера БССР Генадзія Вількіцкага. Спецыяліст з вялікай літары, Генадзій Станіслававіч адкрыў цэлую плеяду знакамітых спартсменаў. Адным з яго выхаванцаў быў, напрыклад, бягун на сярэднія і доўгія дыстанцыі Міхаіл Жалабоўскі – неаднаразовы чэмпіён і рэкардсмен краіны, пераможца Сусветнай універсіяды, удзельнік Алімпійскіх гульняў. Турнір штогадовы, праводзіцца ў манежы СДЮШАР, дзе доўгія гады працаваў настаўнік. Юныя – 14 гадоў і менш – атлеты спаборнічаюць у розных бегавых дысцыплінах, спартыўнай хадзьбе, скачках, штурханні ядра.
Як і ўсе папярэднія, сёлетнія старты прайшлі пры актыўным і паспяховым удзеле выхаванцаў СДЮШАР Ляхавіцкага раёна. Вучань СШ № 1 Аляксандр Пестаў падымаўся на п’едэстал двойчы. І кожны раз на самую высокую яго прыступку – за перамогу ў бегу на дыстанцыі 400 і 800 метраў. Такі ж двайны поспех мела ў Слоніме і Яна Касцюк з СШ № 2, якая стала лепшым «скараходам» турніру на дыстанцыях 2000 і 3000 метраў. У турнірнай залікоўцы Максіма Болтуця з СШ № 1 аказаліся два сярэбраныя п’едэсталы, заваяваныя ў спаборніцтве бегуноў на 800 і 1500 метраў. Яшчэ адну сярэбраную перамогу турніру ляхавіцкай камандзе прынёс Уладзіслаў Ракуць усё з той жа СШ № 1. Валерыя Казлова вучыцца ў СШ № 2, а яе слонімскі поспех мае бронзавае адценне – у спаборніцтве хадакоў на дыстанцыю 2000 метраў.
Прызёры і пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды: медалі, граматы, грашовыя прэміі. А лепшым у бегу на 800 і 1500 метраў дасталіся яшчэ і памятныя статуэткі, заснаваныя і ўручаныя ад імя Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. З ляхавічан такую атрымаў Аляксандр Пестаў. Настаўнікамі юных спартсменаў з’яўляюцца трэнеры-выкладчыкі СДЮШАР Алена Ульянава і Андрэй Іванюценка.
Іван КАВАЛЕНКА.