Курс – правільны
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не бачыць падстаў мяняць існуючы знешнепалітычны курс краіны. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы напярэдадні 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы, дзе прысутнічалі міністры замежных спраў, якія ў розны час узначальвалі МЗС Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пастаянна павышаецца аўтарытэт і роля Міністэрства замежных спраў, а ў кіраўніцтва знешнепалітычнага ведамства выбудаваны дружалюбныя адносіны з замежнымі калегамі, што пацвярджаецца частымі запрашэннямі на розныя канферэнцыі і міжнародныя мерапрыемствы. Гэта сведчыць аб тым, што Беларусь пачынае адыгрываць усё большую ролю на міжнароднай арэне.
«Пашырана кола замежных партнёраў, саюзнікаў, адкрыты перспектыўныя рынкі (вядома, не зусім так, як хацелася б па хуткасці, але тым не менш). Беларуская дыпламатыя выйшла на якасна новы ўзровень. Вы таксама гэта не можаце не заўважыць. На мінскай перагаворнай пляцоўцы абмяркоўваюцца вельмі складаныя рэгіянальныя і глабальныя праблемы», – адзначыў Прэзідэнт.
Ён асабіста цёпла вітаў кожнага ўдзельніка сустрэчы і выказаў меркаванне, што такія сустрэчы з кіраўнікамі міністэрстваў і ведамстваў мінулых гадоў могуць стаць добрай традыцыяй. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у фармаце жывой дыскусіі абмяняцца думкамі, як дзейнічаць далей і выбудоўваць збалансаваную знешнюю палітыку. На сустрэчу былі запрошаны Пётр Краўчанка (узначальваў МЗС у 1991-1994 гадах), Уладзімір Сянько (1994-1997), Іван Антановіч (1997-1998), Урал Латыпаў (1998-2000), Міхаіл Хвастоў (2000-2003), Сяргей Мартынаў (2003-2012), а таксама цяперашні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
Кіраўнік дзяржавы ўзняў розныя тэмы, што датычацца знешне-палітычнага курсу Беларусі, у тым ліку выказаўся наконт адносін з Расіяй і канфлікту ва Украіне.
Пра саюз і суседзяў
Прэзідэнт назваў умовы, на якіх магчыма развіццё саюзнага будаўніцтва з Расіяй, у тым ліку ўвядзенне адзінай валюты, уніфікацыя падатковай і мытнай палітыкі.
«Саюз – калі ласка. Аб’яднанне – калі ласка, але толькі гэта людзі павінны вырашыць, а не мы. Мы не адмаўляемся ні ад аднаго тэзіса, – заявіў беларускі лідар. – Мы не супраць агульнай валюты, але гэта павінна быць агульная валюта, а не валюта Цэнтрабанка Расіі. Павінен быць эмісійны цэнтр, створаны на роўных умовах. Калі вы прыводзіце прыклад ЕС, добра – на прынцыпах Еўрасаюза. Але каб умовы былі роўныя і падыход».
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў некаторых нападках на Беларусь няма ніякіх міждзяржаўных або міжнародных адносін. «Усё ў асобах, усё ў тым, што некаму не падабаецца курс, які Беларусь праводзіць. Нават не знешнепалітычны. А тую эканоміку, якую мы будуем, той сацыяльны ўклад, які мы ствараем на прынцыпах перш за ўсё справядлівасці», – адзначыў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што на гэта неабходна рэагаваць спакойна і мэтанакіравана. «Мы павінны абараніць свой суверэнітэт і незалежнасць. Мы не супраць расіян, палякаў, літоўцаў. Мы хочам быць у любым саюзе, але жыць у сваёй уласнай кватэры. У нас гэта кватэра ёсць. Нашы суседзі, якія б яны ні былі, мы іх не выбіраем, і мы гатовы з усімі будаваць добрыя, цёплыя, узаемавыгадныя адносіны», – запэўніў беларускі лідар.
«Як бы ў нас ні складваліся адносіны з Расіяй, мы ніколі не дазволім, каб у нас у Беларусі на гэтай святой зямлі дрэнна ставіліся да расіян. Не толькі да рускіх. І калі некаму хочацца сутыкнуць нас – не атрымаецца. Мы ведаем, як на гэта рэагаваць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Правакацыі не пройдуць
Кіраўнік дзяржавы расказаў аб тым, што яго асабліва трывожыць, і, паводле яго слоў, справа не ў падатковым манеўры, які праводзіцца ў нафтавай сферы Расіі. «Перажывём мы яго. Мне не зусім зразумела (думаю, трэба будзе задаць пытанні кіраўніцтву Расіі) такая атака на Беларусь у СМІ, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Насцярожвае тое, што яны спрабуюць нас ужо сутыкнуць з расіянамі».
Беларускі лідар прывёў у прыклад навіну з інтэрнэту – канфлікт у метро, які быў паднесены ў такім ключы, быццам у Беларусі ўчыняюць нападкі на рускіх. Ён дадаў, што калі прачытаў гэта, даручыў неадкладна разабрацца ў сітуацыі. Аказалася, што расіян там не было, гэта канфлікт двух беларусаў, які быў зняты на відэа і скінуты ў інтэрнэт.
«Няўжо камусьці ў Расіі Украіны не хапае? Няўжо трэба абавязкова стварыць праблему на роўным месцы? Ну няма ў вас магчымасці кампенсаваць нам страты ад гэтага падатковага манеўру. Гасподзь з вамі. Мы ж у вас не адбіраем ваш тавар», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што Беларусь не просіць грошай, мы ў стане іх зарабіць. Патрэбны роўныя ўмовы. Кіраўнік дзяржавы заклікаў не баяцца канкурэнцыі на агульным рынку і не ставіць палкі ў колы.
Не даць пажару шанцаў
На сустрэчы ішла размова пра намаганні і ролю Беларусі ў напрамку мірнага вырашэння канфлікту ва Украіне. Аляксандр Лукашэнка заклікаў не акцэнтаваць увагу на месцы правядзення перагавораў, паколькі здарылася «бяда ў нашых родных людзей».
Ён нагадаў, што ў выніку ўкраінскага канфлікту Беларусь сутыкнулася з патокам бежанцаў і перасяленцаў у колькасці амаль 150 тысяч чалавек. Частка з іх ужо вярнуліся ва Украіну, а большасць засталіся ў Беларусі і ім прадастаўлены роўныя правы.
Кіраўнік дзяржавы назваў і іншыя прычыны, па якіх бакам трэба прыкласці максімальныя намаганні для хутчэйшага ўрэгулявання сітуацыі. Так сур’ёзныя асцярогі выклікае прыток зброі праз мяжу.
Беларускі лідар зноў заявіў, што ўкраінскі канфлікт – гэта падарунак для Захаду.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што кожны на фоне канфлікту ва Украіне дбае аб сваіх мэтах. У бакоў часам няма жадання зноў сабрацца і абмеркаваць праблемы бяспекі ў рэгіёне. «Нядаўна на Мюнхенскай сустрэчы і наогул, сустракаючыся з амерыканцамі, еўрапейцамі — яны ўсюды гавораць, што хочуць міру ва Украіне, каб у Еўропе быў парадак. Я гавару: слухайце, давайце хоць збяромся ў рамках АБСЕ, абмяркуем праблемы. Не, не хочацца. У кожнага свае мэты», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аналагічна і з ініцыятывай аб правядзенні новага міжнароднага перагаворнага працэсу Хельсінкі-2.
«Усе хочуць пагрэць рукі на Украіне. І пажар, які там палае сёння (ён невядома, чым скончыцца), не павінен перакінуцца на Беларусь. Таму нам трэба тысячу разоў быць асцярожнымі, акуратнымі і ні ў якім разе не дапусціць унутранай дэстабілізацыі ў краіне. Відаць, пераважная большасць нашага насельніцтва і нават пераважная большасць нашай так званай апазіцыі разумеюць, што гэта можа скончыцца вельмі дрэнна», – заявіў беларускі лідар.
Сустрэча з дыпламатамі працягвалася больш як тры гадзіны. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімір Макей падкрэсліў, што Прэзідэнт рэгулярна цікавіцца меркаваннем папярэднікаў міністра наконт тых або іншых крокаў нашай краіны на міжнароднай арэне. Такая сустрэча – важная падзея ў кантэксце пераемнасці знешняй палітыкі.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Фота БЕЛТА.