Вучыцца ніколі не позна
Некалькі гадоў назад кіраўніцтва мясцовага льнозавода планавала-марыла, што з узвядзеннем новага цэха з мадэрнізаванай вытворчасцю колькасць і якасць перапрацаванай трасты значна павысіцца. А значыць падрастуць і даходы прадпрыемства. Аднак, «разбор палётаў» на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама сведчыць, што ў гэтага прадпрыемства ўсё даволі аддалена ад планаванага і жаданага.
У мінулы панядзелак абмяркоўваліся меры па выхадзе на поўную загрузку магутнасцяў ільнозавода. Сёння і заўтра гэтага таварыства – тэма, якая не аднойчы гучала і на старонках «ЛВ». Прадпрыемства з рэспубліканскай Дошкі гонару, дзе яго назва красавалася ў 2016 годзе, і пра якое шмат пісалі і гаварылі як пра мадэрнізаванае і канкурэнтаздольнае, сёння разглядаецца, на жаль, зусім у іншым ракурсе.
У сваім дакладзе дырэктар ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Дзмітрый Скакун адзначыў, што для загрузкі магутнасці на 100 працэнтаў неабходна нарыхтаваць 10 тысяч тон трасты сярэднім нумарам не менш за 1,25. Гэта дазволіць мець месячную выручку ад рэалізацыі звыш 700 тысяч рублёў. Аднак, у дачыненні да названага, ёсць пытанне наконт 50 тон ільнонасення, якіх не хапае, каб засеяць 2200 гектараў. Да таго ж у дакладзе прагучала, што ёсць праблема і з тэхнікай: яе таксама не хапае. Як не хапае і сродкаў, каб самастойна яе набыць. Незразумелы яшчэ адзін дэфіцыт – кадравы, у тым ліку механізатараў. Тут маглі б уладкаваць на працу 12 профі. Чаму не звяртаюцца з заявамі аб прыёме на працу? Відаць, варта задумацца кіраўніцтву прадпрыемства пра вырашэнне гэтай праблемы.
На шматлікія пытанні наконт перспектыўных планаў дырэктар адмоўчваўся. Ды і даклад можна назваць з разраду «дзеля галачкі».
Магчыма, варта паглядзець, як праблемы льновытворчасці вырашаюць калегі з Пружан- шчыны. Адзначалася, што Пружанскі льнозавод каля 70 працэнтаў пасеваў летась страціў, на Ляхавіччыне была пашкоджана трэцяя частка. Аднак запазычанасць нашага прадпрыемства амаль у дзесяць разоў большая, чым у пружанскага.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі ўпэўнены, што ў Ляхавіцкага льнозавода ёсць перспектыва і ўсе шанцы выйсці на станоўчы вынік. Трэба сур’ёзна ўзяцца за справу, вырашаць праблемы комплексна, не баяцца новага – таго, што можа змяніць «мінус» на «плюс».
Адным словам, вучыцца ніколі не позна.
Маргарыта КУХТА.