Згодна схемы доследу
Напярэдадні Дня беларускай навукі за круглым сталом «ЛВ» выкладчыкі каледжа расказваюць пра свае навукова-практычныя даследаванні.
Яшчэ пару гадоў назад магчымасць размаўляць па тэлефоне і адначасова бачыць суразмоўцу ўспрымалася як нейкі цуд. Сёння ж гаджэты злучаюць людзей, якія знаходзяцца на розных кантынентах. А з дапамогай месенджараў і сацыяльных сетак такія відэасеансы і фінансава не стратныя. А як вам «разумны» дом? На адлегласці можна закіпяціць чай ці выставіць патрэбную тэмпературу на ацяпляльным катле. Яшчэ адзін ужо звыклы сёння малюнак: буракі з поля патокам плывуць у камбайн, каб выйсці адтуль без зялёнай вопраткі… Навука не абыходзіць ні адну галіну, новыя тэхналогіі трывала замацоўваюцца ў жыцці.
У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы з навукай таксама сябруюць, ёй жывуць і кіруюцца. ЛДАК з’яўляецца падраздзяленнем Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які ўзначальвае
доктар сельскагаспадарчых навук прафесар Васілій Качурка. А дырэктар мясцовай сярэдняй спецыяльнай установы – кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Алена Абарава. Загадчыца агранамічнага аддзялення Яўгенія Рытвінская мае вучоную ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук.
Педагогі і навучэнцы актыўна займаюцца доследамі і даследаваннямі, а вынікі ўкараняюць у практыку.
У каледжы не толькі развіваюць прафесійныя і творчыя здольнасці будучых аграрыяў, але, напрыклад, садзейнічаюць выпрацоўцы метадаў і спосабаў паляпшэння ўраджайнасці, змяншэння захворвання сельскагаспадарчай жывёлы і г.д.
Алена АБАРАВА,
дырэктар ЛДАКа:
– 27 студзеня для нашай установы адукацыі дзень, можна сказаць, святочны. Мае калегі не абмяжоўваюцца выкладчыцкай дзейнасцю. Яны эксперыментуюць і выпрабоўваюць, прычым навуко-выя даследаванні ў каледжы праходзяць у непарыўнай сувязі з адукацыйным працэсам. Нашы выкладчыкі супрацоўнічаюць з навуковымі ўстановамі, пад грыфам рэспубліканскага інстытута прафе-сійнай адукацыі выходзяць падручнікі, вучэбныя дапаможнікі і практыкумы іх аўтарства. Сёлета ў бібліятэку метадычнай літаратуры дабавіліся яшчэ чатыры распрацоўкі: «Прыватная заатэхнія» (аўтар Алена Казакевіч), «Агранамія. Тэхналагічная практыка. Дзённік-справаздача» і «Агранамія. Пераддыпломная практыка. Дзённік-справаздача» (Яўгенія Рытвінская, Галіна Пянткоўская), «Паразіталогія і інвазійныя хваробы жывёл» (аўтар Ала Філічкіна).
Вызначальнымі для дзейнасці калектыву з’яўляюцца рашэнні II З’езда вучоных, які прайшоў напрыканцы 2017 года ў сталіцы. Магістральным напрамкам вызначаны прыкладны характар навукі. У каледжы сучасная матэрыяльна-тэхнічная база, прыжы-ваюцца новыя методыкі навучання, перадавыя сельгастэхналогіі. Плошча вучэбнай гаспадаркі сёлета хоць і зменшылася, але створаны ўсе ўмовы для даследаванняў, набыцця практычных уменняў. Ёсць вучэбныя цяпліца, агарод, майстэрні і пчальнік, гадавальнік, аўта- і трактарадром. Абсталявана і адрамантавана ветклініка з віварыем, дзе знаходзяцца вучэбныя жывёлы: каровы, конь. Плануем дабавіць сюды авечак, трусоў, сельскагаспадарчых птушак.
Кацярына ЮРЧЫК,
выкладчык агранамічных
дысцыплін:
– Мы не вучоныя, але вучымся быць імі. Для будучых аграномаў далучэнне да навукі пачынаецца з даследаванняў. Тэматыка доследаў нашых
навучэнцаў досыць разна-стайная: ад уплыву нормы і спосабаў высеву насення розных сельскагаспадарчых культур на ўраджайнасць да распрацоўкі бізнес-плана развіцця агародніцтва для рэалізацыі прадукцыі ў свежым выглядзе і на перапрацоўку.
Даследчая праца прадугледжвае падрыхтоўку і правядзенне нескла-даных эксперыментаў у вытворчых умовах; паслядоўную распрацоўку комплексу аграмерапрыемстваў па атрыманні высокага і ўстойлівага ўраджаю сельскагаспадарчых куль-
тур з мінімальнымі выдаткамі працы.
Пры правядзенні доследаў галоў-ным з’яўляецца выкананне ўсіх патрабаванняў методыкі, недапушчэнне памылак і адхіленняў ад схемы. Такая работа патрабуе ад юнакоў і дзяўчат адказнага стаўлення.
Святлана ВАЙЦЯХОЎСКАЯ,
выкладчык агранамічных
дысцыплін:
– Як загадчыца лабараторыі насенняводства і селекцыі сумесна з навучэнцамі вяду доследна-даследчую працу. У мінулым навучальным годзе яе вынікі прадставілі на XI адкрытай навукова-практычнай міжнароднай канферэнцыі «Паспяховы той, хто стварае». Зараз працую над выданнем практыкуму па дысцыпліне «Тэхналогія пасляўборачнай дапрацоўкі, захоў-вання і перапрацоўкі прадукцыі рас-лінаводства».
Таццяна ПРЫХАЧ,
выкладчык агранамічных
дысцыплін:
– Плодаагародніцтву без навукі ніяк. Каб удасканальваць тэхналогію, неабходна абавязкова абапірацца на навуковыя дасягненні. Сёлета задумалі арганізаваць вывучэнне розных споса-баў і тэрмінаў размнажэння шаўкоўніцы чорнай. Гэта новае і ў той жа час забытае старое дрэва вырошчваюць дзеля смачных і сакавітых пладоў. Працягваем вывучаць прыёмы, якія стымулююць развіццё каранёвай сістэмы пры чаранкаванні вінаграду.
Ала Філічкіна,
выкладчык ветэрынарных
дысцыплін:
– Навукова-практычныя дасле-даванні на ветэрынарна-заатэхнічным аддзяленні дапамагаюць павысіць зацікаўленасць будучай прафесіяй, пашырыць прафесійныя веды. Не рэдкасць, калі ў дамашняй гаспадарцы хварэе жывёла. Як падабраць аптымальнае лячэнне? Разам з наву-
чэнцамі вывучалі ступень эфектыўнасці розных лекавых формаў у барацьбе, напрыклад, з паразітарнымі захвор-ваннямі трусоў. Вынікі прадставім на штогадовай міжнароднай канферэнцыі ў Брэсце.
Тамара ЮРГЕЛЬ,
выкладчык заатэхнічных
дысцыплін:
– Развіццё сельскай гаспадаркі прад’яўляе да заатэхніі як навукі павышаныя патрабаванні. Таму пытанні развядзення жывёлы, яе кармленне, утрыманне, вытворчасць малака і іншыя актыўна вывучаюцца і ў на-
шым каледжы. Тэма майго даследа-вання – «Узаемасувязь узроўню ўдою кароў з паказчыкамі экстэр’ера сельскагаспадарчых жывёл і перспек-тывы працы з імі». Выкладчык Мікалай Краўчук вывучае ўплыў узросту кароў на іх малочную прадукцыйнасць.
Таццяна ГУЛІЦКАЯ,
выкладчык ветэрынарных
дысцыплін:
– З 2017 года разам з навучэнцамі праводзім дослед «Харчовыя дабаўкі ў каўбаснай вытворчасці». Не сакрэт,
што для надання прадукту пэўных
смакавых уласцівасцяў і захавання якасці ў яго на розных этапах вытвор-часці ўносяць розныя харчовыя дабаўкі. Іх перавышэнне можа пашкодзіць здароўю чалавека. Доследная праца заклікана адказаць на пытанні, якія цікавяць звычайнага спажыўца.
Алена АБАРАВА:
– Дзякуючы прафесіяналізму нашых
педагогаў, іх апантанасці, зацікаў-ленасці справай, у каледжы многае робіцца ў навукова-даследчай дзейнасці. Напрацаваны багаты матэрыял. Доследы ў ЛДАКу будуць працягвацца. Гэта неабходна не толькі дзеля адточвання прафесійных ведаў навучэнцаў, але і дзеля развіцця аграрнай галіны. Тым больш, што вынікі такіх даследаванняў запатрабаваны і выкарыстоўваюцца гаспадаркамі. Нядаўна прыняты закон аб арганічным земляробстве падштурхоўвае да актыўных дзеянняў. Плануем сертыфікаваць участак зямлі, каб праводзіць яшчэ і доследы па арганічным земляробстве.
У Дзень беларускай навукі ЛДАКу ёсць што сказаць і паказаць. Калектыў мае нераўнадушны погляд па вывучаемых накірунках і шчырае жаданне не спыняцца ў адкрыцці новага, у прафесійным станаўленні.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.