Ход каньком. У «Брэсцкай лыжні-2019» удзельнічала і ляхавіцкая каманда

Дружалюбна-прыветлівыя ўсмешкі, звонкі смех, шчырыя апладысменты высокай трыбуны і балельшчыкаў «на зямлі». У той суботні, 26 студзеня, дзень трыбуны абласнога Цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні жадалі ўдзельнікам стартаў зусім не хуткай вады – лёгкага снегу.
Яго «падсабралі і настралялі» так, што частка перыметра вяслярнага канала ператварылася ў нядрэннай якасці лыжны круг. Усё дзеля абласной зімовай спартакіяды «Брэсцкая лыжня-2019». Сабраліся лепшыя, тыя з зімовых бегуноў, хто прайшоў выпрабаванне першым – мясцовым – этапам і атрымаў права прадстаўляць свой рэгіён на стадыі спартакіядных фіналаў.

Пакуль яшчэ не спартыўны, аднак, афіцыйны старт прыгожаму, здароваму, феерычна-святочнаму мерапрыемству ўступным словам даў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс. Ён шчыра вітаў усіх удзельнікаў і гасцей «лыжні», адзначыў важнасць рэгулярных заняткаў спортам як аднаго з элементаў здаровага ладу жыцця, падкрэсліў, што на Брэстчыне створаны выдатныя ўмовы для фізкультурна-спартыўных заняткаў. Каштоўнасць жа спаборніцтваў такога маштабу і арганізацыі, па меркаванні Анатолія Васільевіча, яшчэ і ў тым, што ў якасці прыкладу спартыўнай актыўнасці выступаюць кіраўнікі структур улады. А гэта і ёсць лепшае для падначаленых «запрашэнне» стаць у рады фізкультурнікаў-спартсменаў.
Прымерка амуніцыі, знаёмства з трасай, кароткая інтэнсіўная размінка – і вось ужо стартавае поле падзялілі першапраходцы эстафетнага забегу сярод каманд абласнога, гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў Брэстчыны. Формула гэтага віду спартакіяднай праграмы – квартэт лыжнікаў, кожнаму з якіх патрабавалася пераадолець 1200 метраў. Адрэзак не працяглы і не прад’яўляе
асаблівых «раскладаў»
адносна тактыкі яго пераадолення. У падобных выпадках ключавым словам з’яўляецца хуткасць, якая, у сваю чаргу, фарміруецца на падмурку тэхнічнай і фізічнай падрыхтаванасці спартсмена, яго жадання выкладвацца і ўмення пераадольваць сябе па дыстанцыі.
У якасці «забойшчыкаў» рэгламент абавязаў выступіць прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Яны не падвялі, а некаторыя з лыжніц прадэманстравалі цалкам дасканалы лыжны бег. Тут быў і імклівы «канёк» і старая добрая энергічна-размашыстая класіка. А перавага будучых пераможцаў «вертыкальнай» эстафеты абазначылася літаральна на першай сотні метраў дыстанцыі. Настолькі магутна распачала бег прадстаўніца каманды аблвыканкама. Сваёй лідарскай пазіцыі гэта каманда не саступіла, і першым з усіх удзельнікаў фінішную рысу пераадолеў старшыня аблвыканкама. Анатолій Ліс і старшыні гар-, райвыканкамаў выступалі за свае каманды на заключным – чацвёртым –  этапе.
З даволі значным па часе адставаннем сярэбранай камандай стаў эстафетны квартэт Баранавіцкага райвыканкама, замкнулі ж прызавую тройку яшчэ адны нашы суседзі – «вертыкальшчыкі» з Ганцавіцкага раёна.
Што да землякоў, то спартакіядная эстафета Ляхавіцкага райвыканкама таксама выглядала дастойна, яе сфарміравалі галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Валуй, старшыня Крывошынскага сельвыканкама Юрый Чаранкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ляшчэня і кіраўнік раёна Аляксандр Камінскі.
Вельмі дынамічна, нібы на адным дыханні, праляцела эстафетная гонка сярод каманд, якія прадстаўлялі сілавыя структуры вобласці. Формула спаборніцтва – аналагічная папярэдняму выпадку, а выніковы пратакол наступны: перамог квартэт лыжнікаў абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі аблупраўлення дэпартамента аховы МУС сталі другімі, упраўлення ўнутра-ных спраў аблвыканкама – трэцімі.
А «Брэсцкую лыжню», тым часам, прадоўжылі лыжнікі і лыжніцы-індывідуалы. Тры ўзроўставыя катэгорыі – да 25, да 40 і звыш 40 гадоў як сярод мужчын, так і жанчын. Было многа барацьбы, шэраг спартсменаў паказаў ледзь ці не алімпійскія хуткасці і зусім не аматарскую тэхнічную і фізічную падрыхтаванасць. Змагаліся да апошняга метра, выкладваліся на ўсе 100 працэнтаў. Іменна ў спаборніцтве атлетаў узроставай катэгорыі «да 25» ляхавічан чакаў бронзавы поспех. Малады работнік ААТ «Шлях новы» Яўгеній Коктыш завяршыў сваю дыстанцыю трэцім. Пры гэтым, усіх трох прызёраў раздзялілі на фінішы лічаныя секунды часу.
Усе пераможцы і прызёры «Брэсцкай лыжні» атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Кубкі, медалі, дыпломы лаўрэатам спартакіяды ўручылі старшыня аблвыканкама Анатолій Ліс. Гэтую ганаровую місію выконваў і начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Мікалай Глушэня. Былі і спецыяльныя – спонсарскія – прызы спартакіяды. Былі таксама песні, аншлаг вакол палявой кухні з салдацкай кашай. А яшчэ быў і працягвае заставацца настрой.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Яўгеній КОКТЫШ, бронзавы прызёр «Брэсцкай лыжні»:
– Адзначу добрую арганізацыю і належную падрыхтоўку трасы «Брэсцкай лыжні». Снег хоць і штучны, але дастаткова хуткі. Парадаваў і недзе крыху нават здзівіў узровень гатоўнасці многіх удзельнікаў спаборніцтва. Канешне, рады свайму ўдзелу ў забегу і выніку.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс удзельнічаў у змешанай эстафеце.
У спаборніцтве мужчын узростам да 25 гадоў Яўгеній КОКТЫШ быў трэцім.
Пасля ► фінішу: эстафетная каманда Ляхавіцкага раёна ў скла-дзе Аляксандра Камінскага,  Андрэя Ляшчэні,  Святланы  Валуй, Юрыя Чаранкевіча  (справа налева).