Хто ў базе лішні? Камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва завяршае фарміраванне спісаў грамадзян, не занятых у эканоміцы

Кожны грамадзянін абавязаны прымаць удзел у развіцці эканомікі сваёй краіны, у тым ліку і для таго, каб карыстацца правам на сацыяльныя льготы, напрыклад, – тарыфы на ЖКП з улікам субсідый. Што для гэтага неабходна? Усё проста: працаваць. Не важна дзе: на дзяржаўным прадпрыемстве ці ў прыватнай арганізацыі, выключна на сябе ў межах самазанятасці. І, адпаведна, адлічваць падаткі.
Праўда, не ўсе грамадзяне працаздольнага ўзросту жадаюць працаваць, а некаторыя па-ранейшаму працуюць нелегальна або атрымліваюць зарплату ў канвертах. І пры гэтым у поўным аб’ёме карыстаюцца ўсімі сацыяльнымі дабротамі. Несправядлівы расклад атрымліваецца. Дэкрэт Прэзідэнта № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» расставіў кропкі ў такой сітуацыі.

З чэрвеня мінулага года ў раёне дзейнічае пастаянная камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Леанідам Калбаса.
– У нашы абавязкі ўваходзіць работа з не занятымі ў эканоміцы. Ступень адказнасці ў членаў камісіі высокая, бо за рашэннямі, што яны прымаюць, – лёсы лю-дзей. Тым, хто хоча працаваць, дапамагаем знайсці работу. На жаль, ёсць і такія, каго працоўнае месца зусім не цікавіць.
Галоўнае – індывідуальны падыход і дасканалае вывучэнне жыццёвай сітуацыі кожнага, – расказвае Леанід Калбаса.
Камісія аказвае кансультацыйную, метадычную і прававую дапамогу па пытаннях працаўладкавання і самазанятасці. Напрыклад, тут падкажуць, як адкрыць сваю справу ці прапануюць вакансіі на рынку працы. Непрацуючых грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, могуць накіраваць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. У кампетэнцыі камісіі прымаць рашэнне аб поўным ці частковым вызваленні працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, ад аплаты жыллёва-камунальных паслуг у поўным аб’ёме, калі чалавек знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
– Кожны можа самастойна ўдакладніць, ці ўтрымліваюцца звесткі пра яго ў базе даных не занятых у эканоміцы. У камісію варта звярнуцца і таму, хто не згодны з уключэннем у такую базу даных. Ён можа прадставіць дакументы, што пацвярджаюць занятасць, для выключэння са спісаў. Дарэчы, першы спіс працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія будуць аплачваць паслугі ЖКГ у поўным аб’ёме, будзе сфарміраваны да
1 лютага 2019 года, – адзначае старшыня камісіі.
– Галоўны вынік работы камісіі – працаўладкаваныя грамадзяне. Яшчэ адна наша задача – накіраваць на перанавучанне тых, хто жадае гэта зрабіць. Таксама запатрабавана кансультацыйная дапамога. Напрыклад, грама-дзяне, якія працуюць за межамі Беларусі, цікавяцца, якія да-кументы неабходна прадаставіць, каб легалізаваць сваю работу і не трапіць у спісы не занятых у эканоміцы, – гаворыць Леанід Калбаса .
Напрыканцы снежня двое ляхавічан прынеслі дакумен-ты, што яны афіцыйна праца-ўладкаваны ў будаўнічай арга-нізацыі Падмаскоўя, і такім чынам упэўніліся, што не будуць уключаны ў базу даных не занятых у эканоміцы (усяго 35 грамадзян пацвердзілі, што працуюць за мяжой афіцыйна). Адпаведна, плаціць за ЖКП яны будуць, як і іншыя жыхары раёна.
Дарэчы, прадаставіць дакументы, што пацвярджаюць занятасць, можна не толькі асабіста, а і па пошце ці па электроннай пошце.
Праведзена ўжо 24 пасяджэнні камісіі, на якія былі запрошаны 350 чалавек. У выніку летась у якасці беспрацоўных зарэгістравана
19 грамадзян: 17 атрымалі часовую работу. Найбольш высокая актыўнасць насельніцтва – падчас выязных пасяджэнняў камісій (летась такіх было 10). На пасяджэнне ў Крывошынскім сельвыканкаме былі запрошаны кіраўнікі арганізацый, якія знахо-дзяцца на тэрыторыі сельсавета, – КСУП «Ліпнянка» і лячэбна-вытворчых майстэрняў. Адразу былі працаўладкаваны некалькі чалавек.
– У базе даных 790 грамадзян не занятых у эканоміцы, з іх 158 патэнцыяльныя плацельшчыкі ЖКП у поўным аб’ёме. Прычым, як паказвае аналіз, сярод іх ёсць людзі, якія не працуюць доўгі час і не збіраюцца гэта рабіць, менавіта яны – найбольш складаная катэгорыя. Таму камісія працуе ў цесным узаемадзеянні з дэпутатамі сельскіх Саветаў дэпутатаў, участковымі, – расказала сакратар камісіі Тамара Савасцюк.
Што тычыцца чатырох пасяджэнняў камісіі сёлета ў студзені, то на іх фарміраваліся спісы грамадзян не занятых у эканоміцы, якія будуць аплачваць паслугу гарачага водазабеспячэння ў поўным аб’ёме.
– Калі да 1 лютага 2019 года грамадзянін не пацвердзіць камісіі сваю занятасць ці не звернецца з заявай аб вызваленні ад аплаты ЖКП у поўным памеры ў сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі, то яго ўключаць у гэты спіс, – растлумачвае Леанід Калбаса.
Галіна КАНЬКО.

ФАКТ:

Па стане на снежань 2018 года ў эканоміцы раёна занята 10337 жыхароў Ляхавіцкага раёна – гэта 78,4 працэнта ад эканамічна актыўнага насельніцтва. У базе даных каля паловы грамадзян –
тыя, хто пражывае, працуе, знаходзіцца за межамі нашай краіны.