Дэжавю праз 45
Першы дзень восені 1964 года ў маёй памяці назаўжды застанецца сонечным, яркім і цікавым. Сямігадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі,
мае аднакласнікі, сталі вучнямі. СШ № 2 тады знаходзілася на вуліцы Камсамольскай, у будынку, дзе потым размясціўся вучэбна-вытворчы камбінат.
Незабыўны быў гэты час. Пісаць мы вучыліся пёравымі ручкамі, чарнілы налівалі ў шкляныя чарнільніцы. Зімой у школу хадзілі ў валёнках, у класах стаялі печкі. На перапынках дзяўчынкі гулялі ў класікі, скакалі на скакалцы, любімая забава для хлопчыкаў – «каштаны». А яшчэ з нецярпеннем чакалі «Зарніцу» – у той час многія марылі стаць ваеннымі.
Як жа хваляваўся кожны з маіх аднакласнікаў перад уступленнем
у акцябраты, піянеры, камсамол. Дзесяць гадоў школьнага жыцця
праляцелі непрыкметна. І вось ён, апошні званок. Павіншаваць з уступленнем у дарослае жыццё прыехала першая настаўніца Нэла Сцяпанаўна Церашкевіч, якая тады ўжо жыла ў Ганцавічах. Кожнаму з нас уручыла падарунак – малюнак, зроблены намі на першым уроку. Гэта было нядаўна, гэта было даўно…
Выпускнікі СШ № 2 1974 года выпуску беражліва захоўваюць слаўную традыцыю: збірацца ў першую суботу лютага на доўгачаканае спатканне з аднакласнікамі. Стараемся і паміж сустрэчамі падтрымліваць сувязь адзін з адным.
Прайшло 45 гадоў пасля развітальнага выпускнога. Усе мы ўжо на пенсіі, сталі бабулямі і дзядулямі. Некаторых ужо, на жаль, няма
побач, як і няма многіх настаўнікаў, якія нас вучылі не толькі пісаць і лічыць, але і выхоўвалі. Але жыццё працягваецца. І сёння з розных куткоў Беларусі спяшаюцца ў родныя Ляхавічы ў сваю СШ № 2 мае аднакласнікі.І зноў, як і чатыры з паловай дзесяцігоддзі назад,
разам з намі ўспамінаць дзяцінства будзе любімая першая настаўніца Нэла Сцяпанаўна, якая таксама прыедзе на сустрэчу.
Ігар ЛОБАН, г. Ляхавічы.
Май 1974 года, апошні званок.