Работу шукаюць, работа шукае

Прадпрыемства скараціла штаты або камусьці захацелася нешта памяняць у сваім жыцці, іншага не задавальняюць умовы працы ці заработная плата. Некаторыя самі адпраўляюцца на пошукі работы, хтосьці становіцца кліентам службы занятасці і цэнтраў перападрыхтоўкі кадраў ці заўсёднікам кірмашоў вакансій. Некаторыя пасля доўгіх блуканняў і сумненняў кардынальна мяняюць прафесію. Настаўнік становіцца сацыяльным работнікам, інжынер – вадзіцелем, муляр – прадпрымальнікам.

Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла, сітуацыя на рынку працы ў Ляхавіцкім раёне стабільная і рэгулюемая. Паказчык беспрацоўя ў нашым раёне за мінулы год – 0,3 працэнта пры прагнозе 1,1 працэнта. Па стане на 1 студзеня гэтага года на ўліку ў службе занятасці стаялі 34 беспрацоўныя (амаль палова – ва ўзросце 50-59 гадоў). Усяго ў пошуку работы летась сюды звярнуліся 333 жыхары раёна, працаўладкаваны – 254 чалавекі. Рашэннем райвыканкама на шэрагу прадпрыемстваў устаноўлена броня колькасцю 68 працоўных месцаў для працаўладкавання грамадзян, якім патрэбна сацыяльная абарона, якія не здольны на роўных канкурыраваць на рынку працы, а таксама абавязаных бацькоў. Дарэчы, у нашым раёне забяспечана стопрацэнтнае працаўладкаванне абавязаных асоб. Працоўнае месца на адным з прыватных прадпрыемстваў прадастаўлена і грамадзяніну, які вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі.
Курсы па навучанні новай прафесіі ці перакваліфікацыя – добры варыянт для тых, хто па розных прычынах застаўся без працы ці жадае знайсці больш высокааплатную работу. У асноўным гэта магчымасць запатрабавана маладымі людзьмі.
Па-ранейшаму ёсць цікавая прапанова для ініцыятыўных і прадпрымальных. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама мае магчымасць выдаць субсідыі на развіццё бізнесу. Але летась сярод нашых землякоў, жадаючых заняцца сваёй справай на такіх умовах, не знайшлося.
На прафесійнае навучанне ў 2018 годзе накіравана 18 чалавек, 14 з іх па заказах наймальнікаў. Нашы землякі набылі самыя розныя спецыяльнасці: вальшчык лесу, прадавец, кантралёр-касір, аператар ЭВМ, візажыст, майстар па манікюры, педыкюры і інш.
Запатрабаваная форма пошуку работы – кірмашы вакансій, летась праведзена чатыры, іх наведалі 89 грамадзян. Вакансіі прадставілі 17 прад-прыемстваў і арганізацый раёна, якія прапанавалі часовае ці пастаяннае працаўладкаванне, а таксама ўдзел у аплатных грамадскіх работах. У грамадскіх работах удзельнічалі 70 чалавек, якія працавалі ў камунгасе, на тэрыторыі Ганчароўскага, Жарабковіцкага, Крывошынскага і Конькаўскага сельсаветаў.
Існуе агульнарэспубліканскі банк вакансій, са зместам якога можна азнаёміцца ў тым ліку і на афіцыйнай старонцы Ляхавіцкага райвыканкама на сайце аблвыканкама. Як расказала Ірына Пабягайла, часцей за ўсё работу шукаюць бухгалтары і юрысты. А сярод самых запатрабаваных у раёне прафесій – урачы, медыцынскія сёстры, вадзіцелі, прадаўцы, спецыялісты сельскай гаспадаркі (ветфельчары, ветурачы, трактарысты-машыністы, бухгалтары, жывёлаводы, брыгадзіры), а таксама культработнікі.
Ёсць вакансіі для працаўладкавання ў лясгасе, райпо, райаграсэрвісе, раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, райбальніцы, аблбальніцы «Крывошын», на кансервавым і льнозаводах, у камунгасе, ААТ «Шлях новы», «Жарабковічы», КСУП «Ліпнянка», райветстанцыі, СВК «Ляхавіцкі», ДП «Нача», раённай цэнтральнай клубнай сістэме. Гатовы даць працоўнае месца землякам прыватныя прадпрыемствы «Ажуруна», «Кампазітная кампанія», «ТМТ», некаторыя іншыя арганізацыі і прадпрыемствы. Па даных службы занятасці на 25 студзеня налічвалася 178 вакансій.

У тэму

Для каардынацыі работы ўсіх службаў па рэалізацыі палажэнняў Дэкрэта № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» пры райвыканкаме створана пастаянна дзеючая камісія. Для інфармавання насельніцтва на інтэрнэт-старонцы райвыканкама размешчаны тлумачэнні па пытаннях рэалізацыі дэкрэта. Інфармацыйныя матэрыялы накіраваны ў паўсотні прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Са жніўня 2018 года ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па нумары 2-36-36 арганізавана работа тэлефоннай лініі «Актыўнае працаўладкаванне». За гэты час на яе звярнуліся 26 землякоў, якія атрымалі кансультацыі па пытаннях рэалізацыі Дэкрэта № 3.

Факт

Камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва фарміруюць спіс працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія будуць плаціць па поўным кошце паслугу па гарачым водазабеспячэнні.
Калі вы не заняты ў эканоміцы, з’яўляецеся плацельшчыкам данай паслугі і дасёння не звярталіся ў камісіі, просьба да 20 лютага 2019 года прадаставіць звесткі, якія даюць права не ўключаць вас ва ўказаны спіс.
Інфармацыя аб рабоце камісій размешчана на афіцыйных сайтах гаррайвыканкамаў.

Галіна КАНЬКО.