На «Оскар» намінуюцца выпускнікі. 80-годдзе Малагарадзішчанская СШ святкавала ў час вечара сустрэчы з выпускнікамі

Самая цёплая, шчымлівая першая субота лютага. Рыхтуецца, чакае школа сваіх выпускнікоў, сваіх настаўнікаў. У гэты дзень Малагарадзішчанская СШ з 16.00 пачала «абрастаць» іншамаркамі, на якіх пад’язджалі госці свята. Прыгожыя, усхваляваныя, усе, як кажуць, на эмоцыях, з кветкамі і безліччу ўспамінаў. Абдымаюцца – блізкія ж людзі… Сёння няма Таццяны Іванаўны або Васілія Пятровіча. Усё проста: гэта Танька з 11 «А», а вось Вася – ён з нашай паралелі. Самай папулярнай фразай вечара па праве можна назваць «а памятаеце, як некалі…».
Як некалі хадзілі яшчэ ў калёню. Гарадскі вучань наўрад ці зразумеў бы, пра што ідзе размова і чаму менавіта гэта слова такое дарагое для многіх пакаленняў тутэйшых выпускнікоў. Чаму сёння, едучы па старой брэст-маскоўскай, яны шукаюць вачамі месца, дзе некалі стаяла гэта калёня. Так называлі стары будынак школы, дабрацца да якога было няпроста (знаходзіўся ў лесе). Але тыя ўрокі – самыя дарагія сэрцу, там – самыя дарагія людзі.

Рэгістрацыя і «атрымайце свой юбілейны званочак». Урачыста сустракала школа гасцей (толькі запрашалі іх не на вечар сустрэчы, а на юбілейную школьную прэмію «Оскар-80»), ззяла ад шчасця, прымала віншаванні і падарункі, была рада сустрэчы. Школа – юбілярка, ёй – восем дзясяткаў гадоў.
Калі сюжэт назваць «Калёня…крок за крокам у будучыню», то яго стваральнікі пацягнуць на рэжысёраў, якія сачылі, каб фільм быў паспяховым, запатрабаваным і душэўным. Калі спраектаваць на школу, то рэжысёры – людзі, якія ў розныя часы яе ўзначальвалі. У юбілейны дзень яны ў ліку першых прыйшлі сюды. Няхай сёння гэта іншы будынак – сучасны, з утульнымі класамі і мадэрновым абсталяваннем, усё ж яна тая самая – Малагарадзішчанская.
Былыя дырэктары Вячаслаў Вайшэвіч і Анатолій Тураў ёй прысвяцілі дзесяцігоддзі. Памятаюць, з чаго пачыналі, як літаральна па крупінках збіралася школа, пасля пераязджалі… Анатолій Уладзіміравіч і сёння дакладна раскажа, колькі і ў які год сюды прыходзіла школьнікаў, як добраўпарадкавалі тэрыторыю, як асвойвалі новыя методыкі навучання, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах, рыхтавалі пераможцаў алімпіяд. Дарэчы, прыехаў на сустрэчу і выпускнік юбілейнага 2009 года Аляксандр Карповіч – пераможца рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. А тут, як і дзясятак гадоў назад, яго сустрэў любімы настаўнік, Аляксандр Касабуцкі, з якім тады і раздзяліў перамогу.
Трымае планку школа і сёння. За гэты вучэбны год прозвішчы малагарадзішчанскіх школьнікаў чатыры разы гучалі на рэспубліканскіх конкурсах.
Галоўныя памочнікі рэжысёраў, якія прафесійна і высакакласна стваралі, а многія працягваюць ствараць і сёння паспяхова вучэбную атмасферу ў школе, – ветэраны педагагічнай працы. На сцэну пад гучныя апладысменты падымаліся Таіса Гатоўчыц, Валерый і Надзея Патоцкія, Алена Бабко, Таццяна Салодкая, Надзея Хітрык.
Красамоўны факт: многія былыя вучні вярнуліся сюды, у альма-матэр, толькі ўжо настаўнічаць. Па чырвонай дарожцы прэміі «Оскар-80» у намінацыі «Вернасць» прайшліся сённяшнія педагогі – былыя вучні школы Аляксандр Касабуцкі, Вольга Лешык, Аксана Катко, Лілія Пятроўская, Алена Каролік, Юлія Лешык.
На сустрэчу прыехалі два пакаленні выпускнікоў Касабуцкіх – абодва Рыгора (малодшы – старшыня Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў. Яго бацька ветэран працы Рыгор Сцяпанавіч – бронзавы прызёр ВДНГ СССР, кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Працоўнай Славы ІІІ ступені).
Сярод выпускнікоў і жывёлавод Ларыса Іванейчанка, якая ў 2014 годзе ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі».
А пасля на сцэну запрашаліся юбіляры. Яны ўспаміналі, прыгадвалі самыя вясёлыя, шчымлівыя моманты са школьнага жыцця, гаварылі, як удзячны настаўнікам, што вучылі іх не толькі школьнай праграме, але і заставацца людзьмі.
А яшчэ гэты «Оскар» сабраў юбілейны 35-гадовы выпуск Альхоўскай школы.
Віншавалі малагарадзішчанскіх педагогаў і выпускнікоў намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская, старшыня РК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Бялецкая. 
У юбілей нельга без падарункаў, тым больш без торта са
свечкамі. Усё было! З самымі светлымі надзеямі і спадзяваннямі, марамі і жаданнямі дырэктар школы Анжэла Яварчук задзьмула свечкі: няхай усё спраўдзіцца.
У гэты вечар, як і належыць на кінапрэміі «Оскар», усе юбіляры атрымалі сваю запаветную статуэтку. Хочацца дадаць, «Оскар» – гэтай школе!
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара. БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Рэжысёры Малагарадзішчанскага сюжэта: былыя дырэктары Вячаслаў Вайшэвіч (злева), Анатолій Тураў і сённяшні – Анжэла Яварчук.
Настаўніца Юлія Лешык з любімымі вучнямі (выпуск 2009).
Выпускнікі розных гадоў