Вольга, яна ж «берагіня»

Подыум «ЛВ» не баіцца эксперыментаў, не абмяжоўваецца прынятымі ўсім светам прыгажосці стандартамі, а наадварот ламае стэрэатыпы. Галоўныя крытэрыі моднага «веснікаўскага» прыгавору – смеласць, дзёрзкасць, крэатыўнасць. Нашы героі – надзвычай таленавітыя, абаяльныя, цікавыя людзі. Газетчыкі гатовы ладзіць сцэну практычна ў любым куточку Ляхавіччыны – на мехдварах, у полі, у кабінеце паліклінікі… Ад нас ідэя і фотасесія, ад вас, нашы паважаныя героі, – настрой і жаданне паспытаць што-небудзь новенькае.

Подыум «ЛВ» працягваецца. Сёння ён у Дараўскім сельскім Доме культуры. Менавіта тут працуе абаяльная, яркая, таленавітая, адным словам, наша ляхавіцкая зорачка – Вольга Цімашок.
Дарэчы, для яе выхады на «веснікаўскую» дарожку амаль усе парадныя. І толькі па буднях (і то не заўсёды, часта жыццё бяжыць па гастрольных маршрутах) яе можна застаць у дзелавым – стыльная кашуля, касцюм. Таго патрабуе адказная пасада кіраўніка –
яна дырэктар СДК, дзе і засталі Вольгу. Такая сур’ёзная, сядзіць за кнігамі па фальклоры, нешта пазначае, выпісвае, занатоўвае. Працуе над новым сцэнарыем абраду.
А калі за справу бярэцца народная эксперыментальная вакальная група «Берагіня» Дараўскага СДК – гэта заўсёдны «супер!». Такую адзнаку ставіць глядач чарговаму выступленню калектыву. Здзіўляць умеюць – гэта іх фірменны стыль. Хочаш песню пад біт-бокс, хочаш акапэла, могуць пад баян, а як затанчаць!.. Да слова, наша гераіня яшчэ і кіраўнік гэтага непаўторнага калектыву.
Вобраз нумар два відавочны. Увага, запрашаем на подыум «ЛВ» галоўную «берагіню» з «Берагіні» Вольгу Цімашок… Не ідзе­ – плыве прыгожа і павольна, так, як гучыць беларуская песня. Любіць фальклор, захапляецца народнымі абрадамі і звычаямі. Толькі дай ёй у рукі баян – і пальецца сакавітая, мілагучная, пяшчотная, непаўторная беларуская песня. Зусім арганічна выглядае наша «берагіня» ў нацыянальным строі – вышытыя кашуля, яркая спадніца, фартух – клас! Цяпер уявіце, як наша Вольга глядзелася ў мясцовым Доме рамёстваў, які мы выкарысталі ў якасці фотазоны. Ды што ўявіце, паглядзіце на фотаздымак: прыгожая беларусачка!
На працу літаральна ляціць. Прызнаецца, гэта тое, да чаго ляжыць душа, чым заўсёды так хочацца займацца. Калі думаеце, што «Берагіняй» наша Вольга абмяжоўваецца – памыляецеся. Яна падарожнічае і ў адным з эстрадных цягнікоў «Экспрэса». Яе голас гучыць у складзе гэтай народнай эстраднай студыі. Вольга Цімашок на сцэне – значыць чакайце творча-энергетычны выбух.
Якая ж яна эфектная – гэта пасля дэфіле Вольгі на подыуме «ЛВ». Шыкоўная вячэрняя сукенка, пяшчотная ўсмешка, чароўны погляд, уменне трымацца ўпэўнена (усё ж чалавек сцэны) выклікаюць захапленне. З ёй проста хочацца пазнаёміцца, нават калі вы ўжо знаёмы. Цікавы суразмоўца з выдатным пачуццём гумару і проста чалавек з добрай энергетыкай.
А яна жартуе, што ёсць яшчэ адзін энерджайзер у іх сям’і – сястра Людміла, таксама адна з «берагінь», некалі кіравала калектывам, цяпер жа знаходзіцца ў самым шчаслівым адпачынку – дэкрэтным.
Наконт натхнення Вольга Цімашок гаворыць адназначна:
– Безумоўна, сям’я. Для нас з мужам наша маленькая дачушка Ксенія самая лепшая – тое, дзеля чаго жывём.

P.S. Наступны выхад ваш…

Спадзяёмся, гэты праект ад «веснікаўцаў» вам, паважаныя чытачы, даспадобы. І вы з нецярпеннем будзеце чакаць наступных вытворчых і фэшн-фотасесій нашых землякоў.
«ЛВ» працягвае кастынг (не турбуйцеся, ён без моднага прыгавору). Вы жадаеце стаць героем праекта «На подыум «ЛВ» запрашаецца…»? Калі ласка, мы толькі за! Разгарнём фотазону на працоўных квадратах і ў міг скрэацівім наконт моднага пераўвасаблення. А можа сярод вашых знаёмых, калег, сяброў ёсць проста стопрацэнтная кандыдатура для гэтай задумкі? Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, лідары бээрэсэмаўскіх пярвічак, старшыні прафкамаў, прыгледзьцеся і падкажыце нам.
А «веснікаўцы» возьмуць справу ў свае рукі!

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.