Мадэрновы наваселец

Не так даўно наваселле справіла Навасёлкаўскае лясніцтва. Новы адміністрацыйны будынак узведзены ў Свяціцы на вуліцы Маладзёжнай. Змена прапіскі адбылася з-за сучасных патрабаванняў да інфар-матызацыі падраздзялення, новых падыходаў да ўладкавання працоўных месцаў. З 1950 года лясніцтва размяшчалася ў Навасёлках, а частка работнікаў дабіралася сюды са Свяціцы – адлегласць не ў адзін кіламетр.
– Гэта не першы аб’ект, узведзены лясгасам. За апошнія сем гадоў узведзены адміністрацыйны будынак Крывошынскага лясніцтва, яшчэ чатыры рэканструяваны. Акрамя таго абноўлены гасцявы комплекс у Мыслабажы. У мінулым годзе пачалі добраўпарадкаванне тэрыторыі дрэваапрацоўчага цэха. На ўзвядзенне будынка Навасёлкаўскага лясніцтва лясгас выдаткаваў больш за 230 тысяч рублёў, – расказаў дырэктар ДЛГУ Міхаіл Свістун.
Утульнае і светлае памяшканне адміністрацыйнага будынка, гаражы і гаспадарчыя пабудовы, кацельня, апранутая ў асфальт тэрыторыя, выкладзеныя пліткай сцежкі – наваселец сёння выглядае, як сказала б моладзь, мадэрнова.
Падрадчыкамі на ўзвядзенні аб’екта выступалі ПМК-13 і ДРБУ-200.
Калектыў Навасёлкаўскага лясніцтва – 23 чалавекі, сярод якіх ляснічы Сяргей Бураў, майстры, вальшчыкі лесу і многія іншыя прафесіяналы. Іх тэрыторыя адказнасці – плошча большая за 10000 гектараў, з якіх каля 9000 займае лес.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас»