Нашы надзеі. Алімпійскія

У першы дзень лютага стартавалі алімпійскія дні моладзі Брэсцкай вобласці па дзюдо. Месца правядзення – спецыялізаваная зала абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву, удзельнікі – юнакі і дзяўчаты 2003-2004 гадоў нараджэння. Татамі сабрала мацнейшых у гэтай узроставай катэгорыі барцоў Берасцейшчыны. Удалае выступленне ў Брэсце амаль гарантавана адкрывала юнакам і дзяўчатам дарогу ў Наваполацк, дзе 22-23 лютага адбудуцца алімпійскія дні Рэспублікі Беларусь.
Ляхавіцкія дзюдаісты паказалі выдатную барацьбу і былі ў ліку лепшых. З васьмі заяўленых да выступлення ляхавічан прызы турніру атрымалі сем. Пераможцамі сталі Кацярына Ракуць (вагавая катэгорыя да 70 кілаграмаў) і Данііл Глушкоўскі ў спаборніцтве атлетаў вагой да 60 кілаграмаў. Данііл пачынаў у Ляхавічах, цяпер навучэнец аблвучылішча алімпійскага рэзерву.
У ляхавічан таксама два другія месцы – Ульяна Шчарбакова (48 кілаграмаў) і Мікалай Жытко (90 кілаграмаў). Вераніка Хвясько, Максім Маруцік і Павел Андрыевіч сталі бронзавымі прызёрамі спаборніцтва ў вагавых катэгорыях 70, 73 і 50 кілаграмаў адпаведна.
Усе з пералічаных спартсменаў атрымалі магчымасць увайсці ў склад зборнай каманды вобласці для паездкі ў Наваполацк. Як расказаў настаўнік дзюдаістаў трэнер-выкладчык СДЮШАР раёна Віктар Богуш, найбольшыя шанцы на паездку маюць першыя нумары спаборніцтва. Але і прызёрам дарога не закрыта: дастаткова паказаць сябе ва ўсёй прыгажосці на падрыхтоўчым зборы, які будзе папярэднічаць рэспубліканскім алімпійскім дням моладзі.
Іван КАВАЛЕНКА.