Прабачце, але не…

Ёсць людзі, якім верыш-давяраеш, таму што ад іх надзейнасць выпраменьваецца. З імі не абавязкова з’есці пуд солі. І ім не трэба рваць на сябе кашулю «ды я ніколі не падманваю…» Верыш безагаворачна, без ваганняў, без сумненняў: не падвядзе, не прадасць, не здрадзіць. Апрыёры праўдзіст, апрыёры сапраўдны.
Ужо некалькі гадоў запар у сярэдзіне лютага ўзгадваю аднаго чалавека, які ў маіх асабістых каардынатах проста знаёмы. Ён мае дачыненне да пятнаццатага дня гэтага месяца. Не блытаць з чатырнаццатым – днём закаханых. Наступны зусім з іншай оперы, шчымлівы і балючы, у якім кветкі цотнай колькасці – таму што да помнікаў. У ім памяць пра воінаў-інтэрнацыяналістаў. Хлопчыкі, якім давялося мужнець на неспадзяванай чужой вайне, даўным-даўным сталыя-дарослыя. Самым маладым па паўцінніку стукнула. Сур’ёзны ўзрост. Майму паважанаму знаёмцу хутчэй за ўсё бліжэй да шасці дзясяткаў, якіх яму, дарэчы, ніяк не дасі. Дакладна ведаю, што давялося служыць у далёкай гарачыні. Тады і там. Далёкай па часе і адлегласці. І такой учэпістай, такой страшнай, што і ўчора, і сёння ён услых не хоча пра яе ўспамінаць. Табу. «Прабачце, але не», – гучыць на просьбу журналіста расказаць пра ягоны Афган. А ў вачах нешта нявыказанае, схаванае за ўсмешкай і лаканічнай адмовай. Прабачце, але не…
Мы не надта блізкія знаёмцы, сустракаемся, як гавораць, па службе. Але інтуітыўнае ўспрыманне, якое выклікаў гэты чалавек пры знаёмстве і якое ніколькі не паменшылася пасля: з ім можна, вобразна кажучы, ісці ў разведку. Зусім не ўпэўнена, што пра афганскую старонку ягонай біяграфіі ведаюць усе калегі. Але за надзейнасць і мужчынскі характар аргументаў шукаць не трэба – усё відавочна. Пасада ў яго не радавая, і ў працоўным калектыве людзі ў вартасці-годнасці свайго …іча не сумняваюцца. Пахваліць за поспех, паўшчувае за няпоспех, падкажа, параіць, а трэба – і шуфель у рукі возьме, і мех, як пушынку, перанясе, і… Не буду ўдакладняць, каб не парушыць інкогніта. Чалавек мае права на асабістую прастору, у якую пабочным асобам уваход забаронены. У асабістай прасторы гэтага воіна-інтэрнацыяналіста ёсць мір і была вайна. І, мусіць, на ягоных вачах «чорны цюльпан» забіраў не аднойчы «груз № 200»… І смерць хадзіла па слядах, і хавалася за чужымі незнаёмымі дрэвамі. І пісьмы з дому былі глытком жыцця, подыхам веры, надзеі, любві ў пекле, з якога не факт што вернешся.
Не буду дамысліваць і прыдумваць. Паважаю маўчанне, якое ён выбраў. Але з падвоенай увагай, з раскрытай душой слухаю ўспаміны іншых афганцаў пра перажытае. Праз трыццаць гадоў яны яшчэ больш уразлівыя, таму што тыя хлопчыкі, што навечна засталіся маладымі, адтуль – з невяр- тання – усміхаюцца шчыра і задзірліва, такія жывыя на партрэтах з помнікаў.
«Цынкавыя хлопчыкі».
Чорныя хусціны на мамах.
Афганская рулетка.
А той, хто вярнуўся жывым, ужо ніколі не стаў ранейшым – даваенным.
Прабачце, але не… Ён мае поўнае права на гэту далікатную адмову. І не трэба ніякіх аргументаў для апраўдання нежадання браць спадарожнікаў ва ўспаміны, у якіх баліць у душы Афганістан.
Вольга БАРАДЗІНА.