Гуманітарны фундамент эканомікі
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю.
13 лютага прэзідэнты Беларусі і Расіі абмеркавалі ключавыя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і перспектывы развіцця інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. 15 лютага прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна з міністрамі дзвюх краін, якія курыруюць адукацыю, культуру і спорт.
Агульная эканоміка
«Вы павінны ведаць, што ў кантэксце міжнародных адносін адносіны Беларусі і Расіі непарушныя, хто б што ні пісаў і ні гава- рыў, – заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Краснай Паляне (Сочы) з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. – Ды і не трэба вас у гэтым пераконваць. Прынамсі, мы з вамі гэта добра ведаем».
«Што датычыцца падтрымкі нашай эканомікі, я таксама вам удзячны. Пры гэтым я часта гавару, што эканоміка Беларусі – гэта фінішная вытворчасць расійскай эканомікі. Мы сыравіну, камплектуючыя – 60-70 працэнтаў па асноўнай машынабудаўнічай прадукцыі, нафтаперапрацоўцы – купляем у Расіі. Таму гэта наша агульная эканоміка. І падтрымліваючы нас, вы, вядома, падтрымліваеце тыя прыкладна 35-40 мільёнаў людзей (разам з сем’ямі), якія працуюць на расійскіх прадпрыемствах, пастаўляюць у Беларусь прадукцыю. Калі нехта там у Расіі і Беларусі не разумее гэтага, я думаю, зразумеюць», – падкрэсліў беларускі лідар.
«Вядома, заўсёды пытанні ёсць і будуць. Але мы заўсёды знаходзілі развязкі па гэтых пытаннях. Думаю, гэта не з’яўляецца вялікай праблемай для нас», – дадаў ён.
Карысны вопыт
У беларуска-расійскіх адносінах часта на першы план выходзяць пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а гуманітарная сфера застаецца крыху ўбаку. «Але гэта не значыць, што ў нас няма цесных адносін у гэтай сферы», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання адукацыйнага цэнтра «Сірыус» у Сочы.
Прэзідэнты Беларусі і Расіі азнаёміліся з апошнімі дасягненнямі і магчымасцямі ў рабоце цэнтра, наведалі вучэбныя аўдыторыі, агледзелі экспазіцыю творчых работ, паразмаўлялі з выхаванцамі, сярод якіх ёсць грамадзяне Беларусі. Студэнты расказалі прэзідэнтам аб сваіх праектах і падзяліліся ўражаннямі ад навучання.
Мэтавае прызначэнне цэнтра – ранняе выяўленне, развіццё і далейшая прафесійная падтрымка адораных дзяцей, якія праявілі выдатныя здольнасці ў галіне мастацтва, спорту, прыродазнаўчанавуковых дысцыплін, а таксама дабіліся поспеху ў тэхнічнай творчасці. Дарэчы, школьнікі і педагогі Беларусі не раз прымалі ўдзел у адукацыйных праграмах цэнтра «Сірыус» і ў праграмах павышэння кваліфікацыі.
«Сёння мы ўжо гатовы адкрыць тэхна-парк па прыкладзе «Сірыуса», – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Вопыт «Сірыуса» для нас вельмі важны па адборы і, зразумела, па праграмах, навучанні, пражыванні маладых людзей. Расія прайшла вельмі цікавы і важны для нас шлях, якім мы скарыстаемся. Мы павінны скапіраваць усё, што тут лепшае». Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб таленавітыя маладыя людзі не ад’язджалі за мяжу, а заставаліся ў сябе на радзіме.
Суверэнітэт саюзу не перашкода
Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнае значэнне суверэнітэту для любой дзяржавы і падкрэсліў, што тэма суверэнітэту не стаіць і ніколі не будзе стаяць на парадку дня ўзаемаадносін дзвюх дзяржаў.
Яшчэ адно пытанне датычыла тэмы падатковага манеўру. Беларускі лідар заявіў, што яна не абмяркоўвалася. Разам з тым ён адзначыў, што да гэтай тэмы ў беларуска-расійскіх адносінах бакі яшчэ падыдуць.
Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што ў ходзе пераднавагодніх сустрэч з Прэзідэнтам Расіі была дасягнута дамоўленасць правесці рэвізію адносін дзвюх краін, прычым пачаць знізу – з пытанняў розных напрамкаў супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў аб дасягнутай раней дамоўленасці з Уладзімірам Пуціным паглядзець і на развіццё адносін у рамках Саюзнай дзяржавы, у тым ліку на саюзны дагавор, што не выканана за мінулыя гады.
Прэзідэнт Расіі падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, якая з’яўляецца фундаментам і асновай развіцця любога грамадства: «Усё, што робіцца ў гэтай сферы, накіравана на чалавека. Гэта ўмацаванне чалавечага патэнцыялу. Без гэтага немагчыма вырашаць ніякія іншыя задачы, таму сённяшняя сустрэча мае вельмі важнае значэнне».
Гуманітарнае супрацоўніцтва
Гуманітарнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй характарызуецца разнастайнасцю напрамкаў узаемадзеяння і значнай колькасцю маштабных мерапрыемстваў. Асноватворным дакументам у гэтай сферы з’яўляецца міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі і навукі ад 21 лютага 1995 года.
У сферы культуры рэалізуецца праграма су-працоўніцтва паміж галіновымі міністэрствамі на 2018-2021 гады. Больш за 70 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі маюць пагадненні аб двухбаковым супрацоўніцтве ў сферы культуры з усімі абласцямі Беларусі.
Умацоўваецца супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Існуючая нарматыўна-прававая база ў цэлым дае магчымасць забяспечваць аднолькавыя магчымасці для насельніцтва Беларусі і Расіі ў атрыманні адукацыі, у тым ліку ў частцы паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы дзвюх дзяржаў. Сёння каля 11 тысяч грамадзян Беларусі навучаюцца ў расійскіх ВНУ, і больш як 1,5 тысячы расіян – у Беларусі. Рэалізуецца шэраг праектаў у галіне арганізацыі сумеснай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.
Развіваецца супрацоўніцтва паміж навукова-даследчымі арганізацыямі. З 2000 года рэалізавана 57 праграм Саюзнай дзяржавы па распрацоўцы новых тэхналогій і стварэнні інавацыйнай прадукцыі. Практычна ўсімі саюзнымі праграмамі прадугледжана атрыманне не толькі эканамічнай выгады, але і другаснага эфекту, які заключаецца ў стварэнні і тыражаванні высокатэхналагічных матэрыялаў, абсталявання і вытворчасцей.
У сацыяльнай сферы забяспечаны аднолькавыя правы беларускіх і расійскіх грамадзян на працаўладкаванне і аплату працы, ахову і ўмовы працы, рэжым рабочага часу і час адпачынку, прызнанне працоўнага стажу і асноўнага стажу работы па спецыяльнасці. Урэгуляваны шырокі спектр пытанняў пенсіённага і сацыяльнага забеспячэння.
У сферы аховы здароўя вырашаны пытанні ўстанаўлення роўных правоў грамадзян на аказанне медыцынскай дапамогі ў аздараўленчых установах, забеспячэння бясплатнага лячэння ў дзяржаўных і муніцыпальных установах аховы здароўя Беларусі і Расіі.
У рамках развіцця супрацоўніцтва ў галіне спорту з 2003 года праводзіцца «Спартакіяда Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва». Агульная колькасць удзельнікаў штогод складае да 1,5 тысячы чалавек.
ФАКТ
Згодна з апошнім Усерасійскім перапісам насельніцтва 2010 года ў Расійскай Федэрацыі пражываюць 521,4 тысячы беларусаў. На тэрыторыі Расіі дзейнічаюць больш за 20 беларускіх нацыянальна-культурных аўтаномій, а таксама каля 80 грамадскіх арганізацый беларусаў, культурна-асветных таварыстваў, культурных цэнтраў і зямляцтваў.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Фота БЕЛТА