Зямля і людзі

У аддзела землеўпарадкавання райвыканкама і мясцовага бюро агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры заўтра агульнае прафесійнае свята. Але і ў святочны дзень гэтыя службы будуць працаваць – разам з віншаваннямі прымаць заявы, вывучаць і рыхтаваць важныя дакументы, разглядаць скаргі, а часам і разбіраць чыесьці заблытаныя жыццёва-маёмасныя сітуацыі.
Сярод задач аддзела землеўпарадкавання райвыканкама – кантроль за рацыянальным і эфектыўным выкарыстаннем зямель, іх аховай, разгляд зваротаў грамадзян і арганізацый па пытаннях землеўпарадкавання і землекарыстання, падрыхтоўка матэрыялаў па выдзяленні і адабранні зямельных участкаў, вырашэнне рознага роду зямельных спрэчак. Гэтымі і шматлікімі іншымі пытаннямі займаецца невялікі калектыў – усяго пяць чалавек. А «гаспадарка» аддзела – 135231 гектар (такая плошча зямель нашага раёна), у тым ліку 63362 – сельскагаспадарчага прызначэння.
Больш за 4100 заяў ад грамадзян і юрасоб летась прынялі супрацоўнікі Ляхавіцкага бюро Баранавіцкага філіяла Брэсцкага агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры. Сярод найбольш запатрабаваных паслуг – рэгістрацыя зямельных участкаў і домаўладанняў, а таксама рэгістрацыя пераходу права ўласнасці на маёмасць пры дарэнні, наследаванні і г.д. Рэгістратары, спецыялісты па тэхнічнай інвентарызацыі, архіварыус гадзінамі карпяць над паперамі, выязджаюць у самыя аддаленыя кропкі раёна, каб кліенты ў назначаны час атрымалі патрэбныя дакументы.
Дарэчы, у практыку работы абедзвюх службаў даўно і трывала ўвайшоў прынцып «аднаго акна» – для зручнасці землякоў.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

СЛОВА ВІНШАВАЛЬНАЕ

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў накіравалі віншаванні з прафесійным святам – Днём работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы – калектывам і ветэранам зямельнай службы райвыканкама і Ляхавіцкага бюро Баранавіцкага філіяла РУП «Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры».