Гасцінная дзясятка. Кафэ «Калі ласка» трывала трымае марку ўжо на працягу дзесяцігоддзя

Гэта кафэ трывала трымае марку ўжо на працягу дзесяцігоддзя. Гасціннасць пачынаецца з назвы. «Калі ласка» – і вас ветліва запрашаюць зайсці на смачны абед, прапануюць класна адзначыць якую-небудзь прыемную падзею. А можна проста забегчы на кубачак духмянага латэ. Стыльны дызайн інтэр’ера, утульнасць і цёплая атмасфера – хочацца затрымацца тут яшчэ на пару хвілінак. На імідж працуе і прывабна аформленая тэраса: калі цёпла, тут, у самым сапраўдным імправізаваным кветніку, часта заседжваюцца парачкі, мамы-таты з дзеткамі прыходзяць на марожанае. Зімой жа навагодні настрой ствараюць упрыгожаныя ёлачкі – цудоўная зона для фотасесіі.

Наталля Лойка (у цэнтры) са сваім калектывам.

У любым выпадку якаснае абслугоўванне і гурманскае задавальненне вы атрымаеце. Досыць заглянуць у меню – не расчаруецеся, ад асартыменту разбягаюцца вочы. Шмат апетытных варыянтаў гарачага, халодных закусак, салатаў (сярод наведвальнікаў асаблівую папулярнасць заваявалі салаты з соусамі ўласнага прыгатавання), дэсертаў. Можна паласавацца стравамі беларускай кухні: дранікі, мачанка, бабка – пальчыкі абліжаш! Любяць у «Калі ласка» і кулінарныя навінкі, ведаюць, чым здзівіць наведвальнікаў.
А не так даўно зарэкамендавала сябе «Калі ласка» да ўсяго і піцэрыяй. «Цэзар», «асарці», «вясковая», «гавайская», «італьянская» – піца з рознымі начынкамі задаволіць нават самага патрабавальнага гурмана. Дарэчы, яе можна заказаць па тэлефоне і ў прызначаны час забраць гарачанькую. У планах зрабіць і дастаўку ежы па горадзе.
Многія ляхавічане аддаюць перавагу абеду ў «Калі ласка». Пустуючых месцаў не бывае. Выбар страў шырокі: і гарачага, і першага, і салатаў тут па тры варыянты. Абед каштуе каля сямі рублёў.
Дарэчы, у «Калі ласка» можна звярнуцца за дапамогай у арганізацыі свята. Тут вам прапануюць і музыкальнае афармленне вечара, і вядучых, і забаўляльную праграму. Адным словам, «all inclusive».
Сёння кафэ можа ўмясціць 40 чалавек. Але гэта пакуль. Галоўны дызайнер, стыліст, стваральнік настрою і нашага «Калі ласка» Наталля Лойка падзялілася з «ЛВ» планамі: хутка чакаецца пераезд у памяшканне ГДК. А на месцы кафэ пачнецца будаўніцтва двухпавярховага рэстарана – на 80 чалавек, між іншым. А яшчэ Наталля Канстанцінаўна марыць адкрыць сямейнае кафэ.
«Смачнай справай» Наталля Лойка займаецца амаль тры дзесяцігоддзі. Прызнаецца, што больш ні ў якой сферы сябе і не бачыць. Калі даведалася, што ў Ляхавічах ёсць магчымасць арандаваць, а пасля выкупіць памяшканне пад кафэ, скарысталася ёю. І вось ужо дзесяцігоддзе гаспадыню «Калі ласка» называюць самай гасціннай прадпрымальніцай раёна.
«ЛВ» ужо расказваў, што нядаўна на абласным этапе конкурсу «Жанчына года-2018» Наталля Канстанцінаўна стала лаўрэатам і ўдастоена дыплома другой ступені ў намінацыі «Лідарства і паспяховае кіраўніцтва». А яшчэ гэта абаяльная жанчына днямі адзначыць прыгожы юбілей.
Для яе «Калі ласка» не толькі рэалізаваная мара і перспектыўныя планы, але і месца, якое стала працоўным для 12 чалавек.
З 12.00 да 1.00 без перапынкаў і выхадных па адрасе Савецкая, 4 кліентам заўсёды рады і абяцаюць здзівіць класнай кухняй і адпаведным абслугоўваннем.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.