Паміж «Усходам» і «Поўднем». У нядзелю «Белпрамтрэйдынг» сустракаецца з МФК «Баранавічы-Лакаматыў».
У мінулую нядзелю ў спартыўнай зале Ляхавіцкай СДЮШАР было горача: тут праходзіла гульня першай лігі чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па міні-футболе сезона 2018-2019 г.
У паядынку сышліся каманды «Белпрамтрэйдынг» (Ляхавічы) і «Меліяратар РСФК «Здароўе-7» (Ганцавічы). Нашы спартсмены ігралі тэхнічна, прыгожа, з поўнай самааддачай, падкрэслівае старшыня раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Генадзій Новік. На жаль, табло паказала агульны вынік 6:8 не на карысць ляхавічан.
А вось 10 лютага ўдача была на баку «Белпрамтрэйдынга»: у гульні з камандай Івацэвічаў нашы футбалісты атрымалі ўпэўненую перамогу – 7:2.
Ляхавіцкая, ганцавіцкая, баранавіцкая і івацэвіцкая каманды аб’яднаны ў так званую зону «Усход» і ў далейшым будуць супрацьстаяць «Поўдню» (столінскія, лунінецкія і пінскія футбалісты).
Клуб «Меліяратар РСФК «Здароўе-7» лідзіруе ў падгрупе. І ўжо забяспечыў сабе выхад у наступны этап, дзе сустрэнуцца па дзве каманды з тэрыторыі «Усходу» і «Поўдня». Напарнік ганцавіцкага клуба высветліцца праз тыдзень. У нядзелю мяч у вароты канкурэнтаў будуць старацца забіць «Белпрамтрэйдынг» і МФК «Баранавічы-Лакаматыў». Гульня ў СДЮШАР пачнецца ў 13 гадзін.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.