Коласу прысвячаецца
12 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук адбылася ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў рэспубліканскага конкурсу творчых работ «У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных…», прымеркаванага да 100-годдзя паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка» і 95-годдзя паэмы «Новая зямля». Конкурс праводзіўся па ініцыятыве Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Удзел у ім прынялі рабяты ва ўзросце ад васьмі да васямнаццаці гадоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Усяго было прадстаўлена каля дзвюх тысяч работ (восем з іх – Ляхавіцкія) у пяці намінацыях: выяўленчае мастацтва; дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; літаратура (паэзія і проза); фотамастацтва; музычнае мастацтва.
Прыемна, што сярод пераможцаў ёсць і нашы землякі. Гран-пры ў намінацыі «Выяўленчае мастацтва» адзначана работа вучаніцы Дараўскага ВПК Дар’і Еўсючэня (кіраўнік – настаўнік-дэфектолаг Ларыса Чурылава).
А васьмікласніца Жарабковіцкай СШ Вераніка Казакевіч (кіраўнік – настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Навумік) атрымала дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Літаратурнае мастацтва. Паэзія» за верш «Гартаючы любімыя старонкі».
Для пераможцаў была арганізавана экскурсія па літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.
Галіна КАНЬКО.
Фота з сайта Жарабковіцкай СШ.