Віншаванне для абаронцаў

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ўрачыстасці прайшлі і ў Ляхавічах. Ускладанне кветак і вянкоў ад улады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, сённяшніх воінаў да помніка на плошчы Перамогі, мінута маўчання, ганаровая варта як даніна павагі загінуўшым героям – ужо гістарычная традыцыя.

Урачыстасці перамясціліся ў ГДК. З віншаваннямі да ветэранаў вайны, тых, хто ў армейскім страі, воінаў запасу звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса. Ён уручыў узнагароды райсавета за актыўны ўдзел у рабоце ГА «Беларускі саюз афіцэраў», актыўную грамадзянскую пазіцыю і работу па ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.
Землякоў павіншаваў і начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята Аляксандр Байчык.
На сцэне змяняліся творчыя калектывы, якія дарылі абаронцам лепшыя песні, танцавальныя нумары, шчырыя словы ўдзячнасці і павагі.
Святочна і цікава было і ў фае ГДК. Сучаснае воінскае абмундзіраванне, армейскія атрыбуты, а таксама рыцарскія даспехі – выстава зацікавіла і дарослых, і, канешне, дзяцей. Нямала жадаючых было папазіраваць у тэматычнай фотазоне.
Галіна КАНЬКО

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ