Сустрэча на роднай мове
21 лютага ў гімназістаў адбылося свята. І не толькі таму, што ў гэты дзень святкуюць Міжнародны дзень роднай мовы, а яшчэ і таму, што ў нас у гасцях пабываў цікавы чалавек, таленавіты беларускі паэт, перакладчык Віктар Шніп.
Сустрэча праходзіла ў актавай зале, дзе сабраліся вучні VIII-XI класаў, настаўнікі. Для госця гімназісты падрыхтавалі музычна-літаратурную кампазіцыю. Вучні чыталі вершы з душой, па-мастацку. У выкананні Марыі Свірэпы на словы паэта прагучала песня «Зорка кахання». Ірына Вількевіч і Кірыл Праневіч выканалі песню «Родная мова», якую напісала наша выпускніца Валянціна Місюкевіч.
Віктар Анатольевіч з першых хвілін зацікавіў прысутных шчырым аповедам пра сябе, нагадаў цікавыя гісторыі з дзяцінства і юнацтва, расказаў, як з’явіўся яго першы верш, які ганарар ён за яго атрымаў. Майстар слова пранікнёна чытаў свае творы, гаварыў пра тое, як важна нам, сучаснікам, вяртацца да мінулага, адчуваць сваю прыналежнасць да Радзімы, мець духоўную трываласць на зямлі. Вучні адказвалі на пытанні паэта і задавалі свае. Самым дапытлівым аўтар падарыў свае зборнікі вершаў з аўтографамі.
Алена УШКО, вучаніца XI класа гімназіі.