Канкрэтныя арыенціры

У сакавіку ў нашай краіне адбыліся надзвычай важныя падзеі, якія вызначылі арыенціры для развіцця многіх галін народнай гаспадаркі. З’яўленню трох дырэктыў, што датычаць удасканалення дзейнасці аграрнага сектара, сферы ЖКГ, будаўніцтва, папярэднічала «Вялікая размова з Прэзідэнтам», якая, і гэта было анансавана, будзе пакладзена ў аснову штогадовага Паслання Прэзідэнта народу і парламенту.

Вынікі абавязваюць

Тэма сельскай гаспадаркі неаднойчы гучала падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам».
Аляксандр Лукашэнка спыніўся на праблемах аграрнай галіны, на дзяржаўнай падтрымцы гэтай сферы эканомікі.
Дырэктыва № 6 «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны» – план дзейнасці, у тым ліку для кожнага сельгаспрадпрыемства, на сёння, заўтра і перспектыву. Таму падрабязна вывучылі ўсе яе палажэнні.
Па некаторых пунктах СВК «Ляхавіцкі» дабіўся пэўных станоўчых вынікаў. Уручаныя калектыву раённыя пераходныя Ганаровыя сцягі за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці збожжавых і зернебабовых культур, бульбы, у рэалізацыі малака і прадукцыі жывёлагадоўлі па выніках 2018 года – таму пацвярджэнне. Аднак патэнцыял у гэтай галіны вытворчасці ў нас вялікі, і мы будзем яго выкарыстоўваць. Адно з патрабаванняў Дырэктывы –
павелічэнне прадукцыйнасці дойнага статка: да 2020 года трэба надаіць не менш за 6000 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. Па выніках мінулага года па гаспадарцы мы атрымалі 8750 кілаграмаў малака ад каровы, а нашы перадавыя аператары машыннага даення Вольга Грыкель і Зоя Сецька – амаль па 9500 кілаграмаў. Прычым на перапрацоўку сырадой пайшоў выключна гатункам экстра. Вынікі першых месяцаў 2019-га таксама радуюць.
Акрэсленая ў Дырэктыве наяўнасць на пачатак зімова-стойлавага перыяду паўтарагадовага запасу травяных кармоў, у тым ліку з выкарыстаннем упакоўкі ў поліэтылен, у «Ляхавіцкім» ужо некалькі гадоў – рэальнасць. Дарэчы, летась увялі ў эксплуа-тацыю дзве сянажныя траншэі, сёлета плануем будаўніцтва новых.
Разумеем, што важна задзейнічаць усе рэзервы – новыя тэхналогіі, дадатковае фінансаванне і, канешне, кадравы фактар. У Дырэктыве ўказана на неабходнасць павышэння эканамічнай эфектыўнасці жывёлагадоўлі. Трымаем планку і па селекцыйна-племянной рабоце: летась абнавілі трэцюю частку статка. Пастаянна працуем над паляпшэннем рацыёнаў жывёлы, пашыраем кармавую базу.
Важкія надоі немагчымы без належных умоў ўтрымання жывёлы. Усе МТФ аснашчаны неабходным абсталяваннем, па меры неабходнасці рамантуюцца. Другі год рэканструюем цялятнікі – гэта своеасаблівы падмурак для будаўніцтва сучаснага малочнатаварнага комплексу.
Адно з патрабаванняў Дырэктывы № 6 – удасканаленне структуры пасяўных плошчаў. Абапіраючыся на вопыт мінулых гадоў і ўлічваючы склад глебы, асноўную частку пасяўных плошчаў пад зерневыя даверылі азімаму ячменю, спадзяёмся на нядрэнны ўраджай.
У «Ляхавіцкім» пытанне дабрабыту працаўнікоў – заўжды на парадку дня, як і рост прадукцыйнасці працы.
Іван ВІТКО,  старшыня СВК «Ляхавіцкі».

Маладым можна давяраць

Вялікія магчымасці, шырокія перспектывы, істотная дзяржаўная падтрымка – моладзь у нашай краіне заўсёды ў цэнтры ўвагі. І, канешне, у цэнтры па-дзей: стараецца на працоўных месцах, прапануе перспектыўныя інавацыі ў бээрэсэмаўскім конкурсе «100 ідэй для Беларусі», займаецца валанцёрствам і дабрачыннасцю, задзейнічана на галоўных будоўлях і ў важнейшых мерапрыемствах – палітычных, спартыўных, культурных… Адным словам, молада – не зелена. Пра тое, што маладым не трэба баяцца давяраць важныя справы, неаднойчы гаварыў Кіраўнік дзяржавы. Як і пра тое, што ў маладзёжных аб’яднанняў, і ў прыватнасці БРСМ, істотны патэнцыял, якім трэба актыўней карыстацца, каб прыносіць карысць грамадству. Многія накірункі ўздымаліся ў «Вялікай размове з Прэзідэнтам».
У Дырэктыве № 6 «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны» Прэзідэнт заклікаў мясцовыя Саветы, Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі больш актыўна ўдзельнічаць у папулярызацыі працы і пражывання ў сельскай мясцовасці, у забеспячэнні выканання сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў і г.д.
Сельскагаспадарчая тэма надзвычай блізкая для Ляхавіцкага райкама БРСМ. Самая вялікая наша пярвічка – 268 членаў – дзейнічае ў мясцовым аграрным каледжы. Можна сказаць, што Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пастаянна прысутнічае ў жыцці каляджан. Тут праводзіцца мноства сустрэч, вечароў адпачынку, забаўляльных, пазнавальных і прафарыентацыйных, патрыятычных праграм. Разам мы робім нямала карысных спраў. У каледжы створаны валанцёрскі атрад «Добрае сэрца», які актыўна ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні, у тым ліку традыцыйных акцыях «Аднаўленне святынь Беларусі», #ЗаДело і іншых. Адна з нашых мэт – паказаць юнакам і дзяўчатам, што вельмі многае залежыць не ад таго, дзе ты жывеш – у вялікім горадзе ці маленькай вёсачцы, а ад цябе самога – тваёй жыццёвай пазіцыі, актыўнасці, жадання што-небудзь зрабіць не толькі для сябе, але і для тых, хто навокал, для сваёй малой радзімы.

Гэта ў поўнай меры адчулі на сабе і ўдзельнікі студатрадаў. Летась у нашым раёне іх дзейнічала чатыры, у тым ліку тры сельскагаспадарчыя: старшакласнікі, навучэнцы, студэнты і працоўная моладзь з задавальненнем дапамаглі аграрыям і скарысталіся магчымасцю зарабіць.
Шмат гадоў нашай добрай традыцыі ўшаноўваць лепшых маладых працаўнікоў на жніве. Пераканана: адчуваць падтрымку, ведаць, што тваю працу заўважылі і ацанілі, важна.
Канешне, на зробленым спыняцца не будзем. У нас мноства планаў, у тым ліку і па рабоце ў аграрным накірунку.
Марыя ЛУТАВІНАВА,
першы сакратар РК БРСМ.

За капітальную якасць


Запатабаванасць паслуг гэтай галіны не падлягае сумненню. ЖКП датычаць кожнага. Як у любой галіне народнай гаспадаркі , у яе ёсць свае набыткі і свае праблемы.
Так, сфера ЖКГ дынамічна развіваецца і ўдасканальваецца, што бачна і на прыкладзе нашага раёна. Павялічваецца колькасць капітальна адрамантаванага жылля, ідзе паступовае абнаўленне абсталявання на сучаснае энергаэфектыўнае. Шмат праблем належыць вырашыць нашаму прадпрыемству. Колькасць і якасць паслуг, дасягненне фінансава-эканамічнай трываласці – на парадку дня.
Дарэчы, пару дзён назад у Ляхавічы прыязджалі праекціроўшчыкі для падрыхтоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі на ўзвядзенне ў райцэнтры новых ачышчальных збудаванняў. Фінансаваць аб’ект будзе Сусветны банк развіцця.
Зроблена праектна-каштарысная дакументацыя і ўжо закупляецца неабходнае абсталяванне для рэканструкцыі цеплавых сетак у вёсцы Дарава-Чыж. Такая ж перазагрузка чакае і шэраг іншых цеплавых сетак як у раёне, так і ў горадзе. А па вуліцы Чкалава ў Ляхавічах плануецца будаўніцтва блочна-модульнай кацельні на мясцовых відах паліва. Комплексная замена абсталяванння на энергаэфектыўнае прадугледжана на шэрагу кацельняў. Сёлета будзе перакладзена 4,2 кіламетра цеплавых сетак. Без увагі не застанецца і стан водаправодных, каналізацыйных сетак, нарматыўны тэрмін эксплуатацыі якіх скончыўся. На капітальны рамонт жылфонда выдзелена 210 тысяч рублёў. Сёлетнія адрасы перазагрузкі: шматпавярховік па завулку Южакова,3, дамы па Чкалава, 12 і 3.
Асобная размова пра слабое звяно ў нашых паслугах – якасць пітной вады. Вядуцца работы па праектаванні станцый абязжалезвання ў аграгарадках Падлессе і Конькі. У нядаўна прынятай Дырэктыве №7 “Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны” даручана да 2025 года забяспечыць спажыўцоў якаснай пітной вадой – будзем выконваць.
Адзін з пунктаў Дырэктывы №7 – удасканаленне абыходжання з камунальнымі адходамі. У гэтым накірунку прапрацоўваем задачы блізкія і аддаленыя. Пакуль не на поўную магутнасць выкарыстоўваем цэх па перапрацоўцы і прасаванні другасных матэрыяльных рэсурсаў. Сітуацыю будзем выпраўляць. Яшчэ плануем на тэрыторыі палігона ў Грушаўцы ўстанавіць сартавальную станцыю па перапрацоўцы смецця. Неабходна ўзвесці будынак, афармляюцца дакументы на набыццё бульдозера і пагрузчыка за кошт аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў – сталічнай фірмы.
Адна з задач – павышэнне якасці жыллёва-камунальных паслуг. Працуем над гэтым штодня. Многія ляхавічане ўжо добра ведаюць адзіны нумар 115 і тэлефануюць на яго з камунальнымі праблемамі ці пакідаюць заяўкі на сайце.
Вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню. Майстры з камунгаса стараюцца, каб у Ляхавічах было ўтульна і камфортна. Дабавіцца дзіцячых пляцовак, кветак, чысціні. Важна толькі, каб беражліва і па-гаспадарску ставіліся да ўсяго гэтага.
Андрэй ЧАЙКОЎСКІ, дырэктар КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”.