Хіміка-біялагічны аспект любві да малой радзімы
Інтарэсы сённяшніх школьнікаў разнастайныя. Яны не абмяжоў-ваюцца вучэбнай праграмай, паспяхова развіваюць свае здольнасці па-за ўрокамі, «вандруюць» па юцюбе, Вікіпедыі і г.д. Хтосьці захапляецца мадэляваннем, мастацтвам, тэхнікай, іншыя спрабуюць сябе ў распрацоўцы камп’ютарных праграм, шукаюць адказы на медыцынскія пытанні, пакараюць вяршыні спартыўных п’едэсталаў. Талент і жаданне дапамагаюць невядомае рабіць вядомым, немагчымае – магчымым. Прыклад таму і сёлетнія вынікі даследчай дзейнасці: з рэспубліканскіх канферэнцый тры нашы юныя землякі вярнуліся з дыпломамі I, II і III ступеняў. Дастойны і ганаровы камплект!
Праект адзінаццацікласніка СШ №1 Эдуарда Казака «Электралітычная ачыстка жалеза: фізіка-хімічны аспект» заваяваў дыплом I ступені на XXIII рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. На ўдзел у ім прэтэндавалі 165 работ па хіміі з усёй рэспублікі, адабрана ж было толькі 25, у тым ліку і з СШ № 1. Пад кіраўніцтвам настаўніка хіміі Сяргея Абяргана старшакласнік устанаўліваў прычыны, па якіх падчас электралітычнай ачысткі жалеза адбываецца аддзяленне ржы ад металічнай асновы. Высвятлялі, ці не пашкодзяць праводзімыя маніпуляцыі паверхню.
– Інтарэс да тэмы тлумачыцца проста. У быце нас акружае вялікая колькасць металаў і сплаваў, вырабы з якіх з часам цямнеюць, пакрываюцца ржой. Спецыяльнымі навыкамі па аднаўленні металу валодаюць рэстаўратары. Нас зацікавіла, ці можна іх метады прымяніць у дамашніх умовах, каб абнавіць тыя ці іншыя рэчы, – тлумачыць Сяргей Абярган.
Пошук адказаў пачалі з вывучэння літаратуры і інфармацыі ў інтэрнэце. Аказалася, што электралітычная ачыстка жалеза ад іржы – даволі распаўсюджаны спосаб. А адказ, якія канкрэтна фізіка-хімічныя працэсы адбываюцца на паверхні электродаў і што іменна ўдаляе ржу, якая эфектыўнасць такой ачысткі, шукалі доследным шляхам. Даследаванне прывяло да высновы, што электралітычная ачыстка з’яўляецца незаменным спосабам ашчаднага выдалення карозіі з жалеза. Можна яго прымяняць як у лабараторных, так і бытавых умовах, на вялікіх і малых, простых і складаных паверхнях. У якасці электраліту выступае шчолач, падыдзе і звычайная кальцыніраваная сода.
Вынікі даследавання будуць карысны як рэстаўратарам, так і хімікам-энтузіястам. Перад нанясеннем антыкаразійных пакрыццяў прымяніце спосаб «Казака-Абяргана».
Для многіх агароднікаў не дзіва атрымаць два ўраджаі бульбы за сезон. Прычым некаторыя ўпэўнены, што бульба другой копкі лепш захоўваецца: для пасадкі выкарыстоўваюць насенне новага сезона, якое ўтрымлівае вялікую колькасць сілкавальных рэчываў. А калі замахнуцца на тры ўраджаі, каб мець бульбу ўжо ў маі?
Эксперыментам заняліся дзесяцікласнік Жарабковіцкай СШ Аляксандр Русакевіч і настаўніца біялогіі Галіна Бунель. На абласной канферэнцыі Саша з веданнем справы прэзентаваў праведзенае даследаванне і быў удастоены дыплома I ступені. На XXX рэспубліканскім біёлага-экалагічным конкурсе навуковых даследчых работ Аляксандр прадставіў у секцыі «эксперыментальная біялогія: палявы эксперымент і сучасныя агратэхналогіі» вынікі працы «Атрыманне трох ураджаяў ранніх сартоў бульбы з рознымі смакавымі якасцямі».
Дослед прадстаўнікоў Жарабковіцкай СШ быў ацэнены высока: Аляксандр Русакевіч стаў уладальнікам дыплома II ступені Міністэрства адукацыі. Практычная значнасць даследавання ў павышэнні прадукцыйнасці культуры, у станоўчым эканамічным эфекце. Аўтары эксперымента папярэджваюць: тэхналогія гэта падыходзіць больш для дачнікаў паўднёвых рэгіёнаў краіны ці фермераў, якія спецыялізуюцца на «другім хлебе». Прамысловае вырошчванне мае некаторую рызыку, а для прысядзібнага ўчастка асвоіць варта. Паспрабуйце атрымаць тры ўраджаі бульбы – гэта рэальна!
Гімназістка Анастасія Богдан лічыць, што ведаць гісторыю населенага пункта, у якім нарадзіўся і жывеш, – прыкмета выхаванасці. Краязнаўствам школьніцу захапіў настаўнік гісторыі Міхаіл Курловіч. Прыцягнула тэма «Ляхавіцкая фартэцыя як узор бастыённай сістэмы ўмацавання». У Год малой радзімы вывучэнне роднага краю – як прызнанне яму ў сваіх цёплых пачуццях. На нядаўнім рэспубліканскім конкурсе даследчых работ праект, прэзентаваны Анастасіяй Богдан, заслужыў увагу журы і дыплом III ступені.
Ляхавіцкі замак – знакавы (гістарычны) помнік. Велічнае і магутнае збудаванне ўражвала памерамі і архітэктурай не толькі ў часы Вялікага Княства Літоўскага, але і ў Рэчы Паспалітай. У XVII-XVIII стагоддзях нашу крэпасць часта асаджалі і штурмавалі ворагі. Сёння многія яе сляды схаваны пад зямлёй, а на беразе Ведзьмы стаіць памятны знак славутай фартэцыі.
Па меркаванні аўтараў праекта Міхаіла Курловіча і Анастасіі Богдан, Ляхавіцкі замак адпавядаў новаітальянскай мадэлі бастыённай сістэмы ўмацаванняў з карэкціроўкай на мясцовыя асаблівасці. Акрамя таго, існуе версія, што будаўніцтва магутнага і па тых часах вельмі сучаснага замка было задумана са згоды і пры падтрымцы караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы, і што фартэцыя магла служыць надзейным сховішчам для важных дзяржаўных скарбаў і прытулкам для членаў каралеўскай сям’і ў перыяд крызісных сітуацый. Яе будаўніцтва вялося ў зацішным месцы, удалечыні ад буйных цэнтраў, у лясіста-балоцістай у той час мясцовасці і, па сведчанні розных крыніц, асабліва не афішыравалася.
Ляхавічане на конкурсе захапляльную гісторыю роднага краю падмацавалі макетам замка, які зрабіў разам з навучэнцамі настаўнік тэхнічнай працы Генадзій Коршун. Аўтары даследавання мараць, каб на беразе Ведзьмы ля памятнага знака фартэцыі вырас макет замка з камня і цэглы. Разважаюць, што адсюль можна пачынаць экскурсію па «залатым кальцы Ляхавіччыны», расказваць пра род Хадкевічаў, Рэйтанаў, пра першага беларускага мемуарыста Еўлашоўскага і іншых вядомых дзеячаў нашага краю.
Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік не хавае задавальнення:
– Радуе, што навучэнцы і настаўнікі раёна дастойна прадставілі вынікі даследчыцкай дзейнасці на рэспубліканскіх канферэнцыях. Тое, што з трох заяўленых работ усе атрымалі дыпломы, лічу не супадзеннем, а вынікам мэтанакіраванай работы. Гэта прыклад прафесіяналізму настаўнікаў і матываванасці рабят. Даследчыцкай дзейнасцю ў раёне займаюцца нават дашкольнікі, а значыць, будуць новыя тэмы для вывучэння і новыя прозвішчы нераўнадушных і цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.