Хуткая дапамога камп’ютару
Для многіх ляхавічан яго тэлефонны нумар – першая хуткая дапамога, калі з камп’ютарам здарылася нешта «незразумелае», прынтар перастаў выводзіць на друк старонкі ці яшчэ якая-небудзь тэхнічная непаладка.
З усім гэтым і многім іншым індывідуальны прадпрымальнік Віктар Яраш спраўляецца, як гаворыцца, на адным дыханні.
Праграмісты – людзі асаблівыя, для іх недапушчальна пакінуць нявырашанай тэхнічную праблему. Вось і Віктар Віктаравіч з веданнем справы займаецца камп’ютарамі, ноутбукамі, планшэтамі, наладжвае, рамантуе. І ўпэўнены, што ў век высокіх тэхналогій гаджэты павінны быць заўсёды пад рукой.
Ён не проста высакакласны профі, але яшчэ і добры, уважлівы чалавек. У гэтага індывідуальнага прадпрымальніка індывідуальны падыход да кожнага кліента. Дарэчы, сёлета спаўняецца дзесяць гадоў, як Віктар займае трывалае месца на камп’ютарным рынку паслуг у нашым райцэнтры.
А ўсё пачыналася з дзяржаўнай субсідыі на адкрыццё ўласнай справы. На выдаткаваныя сродкі ён закупіў неабходнае абсталяванне і пачаў напрацоўваць кліенцкую базу. Гаворыць, што такая дзяржаўная падтрымка стала ўпэўненым стартам да паспяховай сённяшняй работы.
Дэталёва пералічваць усё, з чым працуе Віктар Яраш, давядзецца вельмі доўга. У асноўным ён займаецца рамонтам камп’ютарнай, бытавой і офіснай тэхнікі. А з мінулага года пачаў устанаўліваць сістэмы відэаназірання. Такая паслуга запатрабавана як у прыватных домаўладаннях, так і ў мясцовых арганізацыях і прадпрыемствах.
У камп’ютарнай справе заняты і яго брат таксама ІП Яўгеній Яраш. Сёння яны калегі і надзейная падтрымка адзін для аднаго.
Прафесійнае крэда Ярашаў простае і выніковае:
– Працаваць трэба якасна. Рабіць усё так, нібы гэта для сябе. Сваё слова трымаць… Усё астатняе прыйдзе з часам.
Маргарыта КУХТА.