Усё для яе. Пакуль не сяўба, але ўсё для яе
На паспяховы пачатак, выніковае правядзенне галоўнай сезоннай сельскагаспадарчай кампаніі скіраваны зараз думкі і штодзённыя клопаты раённых аграрыяў. Ужо дастаткова часу, як яны ў полі: аруць, уносяць арганіку і мінеральныя ўдабрэнні, «закрываюць» вільгаць, а некаторыя, нават, адкрылі ўжо сяўбу. Пакуль толькі шматга- довых траў, але чым не першая ластаўка.
Асноўныя работы па ўздыме зябліва сельгаспрадпрыемствы, як гэта дыктуюць тэхналогія і рацыянальнасць, выканалі з восені. Але і на вясну нешта засталося. Па стане на пачатак тыдня, веснавое ворыва праведзена на больш як 500-гектарнай плошчы. Найбольш актыўным у гэтым плане выдаўся дзень перадсправаздачны. За такі непрацяглы, увогуле, час было ўзнята больш за 450 гектараў поля. Практыкуюць аграрыі і прыём пад назвай ранне-веснавое закрыццё вільгаці. Яго мэта і сутнасць у тым, каб не даць вільгаці ўлятучыцца, прымусіць яе па максімуму ад магчымага «напаіць» глебу.
Пад яравую сяўбу гаспадаркі раёна ўжо назапасілі некалькі больш за 400 тысяч тон арганічных угнаенняў. Лічба, якая ў дастатковай ступені перавышае нават планавую.Толькі пара-тройка гаспадарак па гэтым паказчыку пакуль не ўпісваюцца ў заданне па нарыхтоўцы. Хоць, як правіла, і вельмі наблізіліся да патрэбнай лічбы. Абсалютная большасць нарыхтаванай арганікі знаходзіцца на палях і ўсё больш актыўна размяркоўваецца – уносіцца ў глебу. КСУП «Востраў-Агра», ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Жарабковічы», СВК «Ляхавіцкі» ўжо справіліся з работамі на 95, 83, 80 і 50 працэнтаў адпаведна ад запланаванага.
З мінеральнымі ўдабрэннямі сітуацыя адчувальна не такая аптымістычная. На даны момант раённы склад мінудабрэнняў «запоўнены, прыкладна, на трэць ад неабходных па плане аб’ёмаў. Калію назапашана 44 працэнты ад патрэбнага, азоту – 28, фосфару – 26. Па кожнай з трох абазначаных пазіцый адзначаецца некаторае адставанне ад мінулагодняй на гэты час расстаноўкі. У такой сітуацыі, думаецца, яшчэ большую «каціроўку» набываць арганічныя ўдабрэнні. Тым не менш, некаторыя прадпрыемствы прыступілі да азотнай падкормкі азімых культур, уносяць калій па шматгадовых травах, павышаюць урадлівасць будучых яравых палеткаў. Усё для яго, будучага добрага ўраджаю.
Іван КАВАЛЕНКА.