Я ў аграрыі пайду, у ЛДАКу навучаць!
Залічэнне адбылося. На бюджэтных месцах — поўны камплект.
— Набор адбыўся на ўсе бюджэтныя спецыяльнасці, — такімі словамі сустрэў карэспандэнта «ЛВ» адказны сакратар прыёмнай камісіі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Мікалай Краўчук.
Сёлета навучэнцамі ўстановы сталі 179 чалавек. Большасць з іх — выпускнікі школ Ляхавіцкага, Баранавіцкага, Клецкага, Ганцавіцкага раёнаў. Юнак і 3 дзяўчыны залічаны на платнае навучанне. Яны пажадалі атрымліваць прафесіі на аддзяленнях заатэхніі і ветэрынарнай медыцыны. Дарэчы, «платнікам» 1-3 курса год навучання абыходзіцца ў залежнасці ад спецыяльнасці, ад 3,3 да 3,5 мільёна рублёў. Больш за ўсё «каштуюць» веды па ветэрынарнай медыцыне. Дзяржава ж затрачвае на падрыхтоўку спецыяліста ў каледжы больш за 20 мільёнаў рублёў у год.
У сёлетнім наборы — і 33 выпускнікі прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, якія вырашылі прадоўжыць навучанне ў ЛДАКу.
У параўнанні з мінулагоднім, спіс найбольш папулярных спецыяльнасцяў не змяніўся. Як і летась, юнакі з ахвотай выбіраюць агранамію, а дзяўчаты — ветэрынарную медыцыну. Сярэдні бал паступіўшых 5,0-5,4 — на ўзроўні папярэдняй уступнай кампаніі. Радуе, што кожны год расце папулярнасць сельскагаспадарчых прафесій сярод выпускнікоў гарадскіх школ. Гэта сведчыць аб добра пастаўленай сістэме прафарыентацыйнай работы каледжа сярод школ не толькі Ляхавіч, але іншых раённых цэнтраў Брэсцкай, Мінскай абласцей. Як вынік — амаль роўная колькасць навучэнцаў з горада і сяла, адпаведна 90 і 89 чалавек. Усе першакурснікі забяспечаны інтэрнатам.
Пажадаем будучым аграрыям паспяховай вучобы і, наогул, цікавага студэнцкага жыцця.
Дарэчы, выпускнікі мінулага навучальнага года з 1 жніўня прыступілі да работы ў гаспадарках Брэстчыны. Але яны ведаюць, што заўсёды могуць звярнуцца за дапамогай і парадай у ЛДАК. Ва ўстанове створана кансультацыйная служба дапамогі, тэлефон якой працуе кругласутачна. З верасня і на працягу года выкладчыкі каледжа праводзяць маніторынг адаптацыі маладых спецыялістаў на рабочых месцах, выязджаюць у гаспадаркі, высвятляюць праблемы, выслухоўваюць меркаванні і пажаданні кіраўнікоў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА