Пасяўная з абноўкай. У поле выйшлі ўсе сельгаспрадпрыемствы Ляхавіцкага раёна. Добры старт забяспечаны ў СВК «Ляхавіцкі»


Сяўбу механізатар   Генадзій Граблюк  праводзіць на новым   агрэгаце.

У поле выйшлі ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна. Добры старт забяспечаны ў СВК «Ляхавіцкі»

За апошнія дні з сеялкамі ў поле выйшлі ўсе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна.
Вясна як вясна. Хіба толькі малавільготная. Старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко звярнуў увагу: тэхніка толькі так «бярэ» нізкія ўчасткі палёў.
Дарэчы, пра тэхніку. Учора на русінавіцкім палетку яравую сяўбу гаспадаркі «рухаў» агрэгат-навінка «Кёкерлінг». Можна быць упэўненым, што такім ён з’яўляецца не толькі для сельгаскааператыва – для раёна і, магчыма, не толькі. Галоўны аграном «Ляхавіцкага» Аляксандр Шымкевіч не шкадуе эпітэтаў: абноўка надзвычай прадукцыйная, энергаэфектыўная. У працэсе работы агрэгат «чытае» літаральна кожную няроўнасць на паверхні глебы. Кожны сашнік аўтаматычна падстройваецца пад «прачытанае», гарантуючы такім чынам раўнамернаць задзелкі насення. І гэта толькі адзін пласт яго бонусных магчымасцяў.
Такую тэхніку можна і неабходна даверыць адказным кіроўцам з высокапрафесійным падыходам да справы, наватарскімі метадамі работы і ўмелымі рукамі. Механізатар Генадзій Граблюк, безумоўна, з ліку такіх. На жніве яго месца за рулявой калонкай камбайна. На сяўбе іменна яму даверылі асвойваць новы ва ўсіх сэнсах пасяўны агрэгат. Кароткі «піт-стоп» для фотаздымка, вонкавы агляд тэхнікі і – зноў у баразну.
Сеялі ячмень, пад які пазней будуць падсеяны шматгадовыя травы. 80-гектарнае поле размешчана непадалёку ад аграгарадка за КЗС. Чацвёртая частка плошчаў аддадзена і ўжо засеяна гарохам – на зялёны корм. Астатняя – пад ячмень, як ужо гаварылася, у кампаніі са шматгадовымі травамі. 60 гектараў не плошча для такой тэхнікі, такога сеяльшчыка, такіх спецыялістаў і кіраўніцтва, як у «Ляхавіцкім». Ды і ў цэлым, сказанае пра стартавае пасяўное поле можна і трэба аднесці да ўсёй яравой кампаніі гаспадаркі.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.