«Іпон», ці Поўная перамога

Першынство Брэстчыны па відах спорту сярод выхаванцаў ДЮСШ і СДЮШАР – гэта свайго роду прадметная алімпіяда школьнікаў вобласці. Трапіць у прызы, тым больш стаць пераможцам азначае паказаць высокі ўзровень тактыка-спецыяльнай і фізічнай падрыхтоўкі, прадэманстраваць характар, волю.
І гэта ў «сольных» выступленнях, дзе кожны сам за сябе. Адказнасць і турнірная напружанасць прапарцыянальна ўзмацняюцца, калі асаблівае значэнне надаецца камандным вынікам спаборніцтва. У гэтым плане юныя (14-15-гадовыя) дзюдаісты СДЮШАР Ляхавіцкага раёна за сваё выступленне ў Брэсце заслужылі ацэнкі «іпон» – заваявалі камандную перамогу і прынеслі сваёй школе права звацца лепшай. Як мінімум, на бліжэйшы год, да будучага падобнага старту.
Спаборніцтвы праходзілі на татамі аблвучылішча алімпійскага рэзерву, сабралі 12 каманд з гарадоў і раёнаў Брэстчыны, дзе вядзецца выкладанне гэтага віду адзінаборства. Камандны поспех фарміравала дружына ў складзе дзевяці юнакоў і сямі прыгажунь, у кімано адзетых. І, як расказалі настаўнікі дзюдаістаў трэнеры-выкладчыкі СДЮШАР Віктар Богуш і Рашыд Байрашэўскі, у турнірным камандным золаце ляхавічан ёсць «віна» кожнага з 16-ці. Найбольшым укладам адзначыліся, канешне ж, тыя, хто стаў лепшым у асабістым заліку. Такіх у нас трое (на здымку): Аляксандра Байрашэўская, якая стала мацнейшай у спаборніцтве дзюдаістак вагавай катэгорыі да 48 кілаграмаў, Максім Маруцік (злева) выйграў залаты п’едэстал сярод атлетаў вагой да 73, а Раман Бацкалевіч – да 55 кілаграмаў. Яшчэ – прызёры спаборніцтва плюс тыя, хто хоць і не дацягнуўся да п’едэстала, але сваім выступленнем дапоўніў заліковымі баламі камандную скарбонку да сумарнага патрэбнага для перамогі.
Гэта перамога яшчэ і гарантавана расчыніла для нашых дзюдаістаў дзверы на рэспубліканскае першынство сярод ДЮСШ і СДЮШАР, якое стартуе ў сярэдзіне красавіка пад Мінскам.
У той жа геаграфічнай і часавай лакацыі аналагічнае спаборніцтва правялі старэйшыя – дзюдаісты 2001-2003 гадоў нара-джэння. Каманда з Ляхавіч размясцілася на высокім, але крыўдным у свеце спорту месцы – чацвёртым. І тут не без пераможцаў асабістага заліку, якімі сталі Ульяна Шчарбакова і Кацярына Ракуць.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.