Краіна сям’і мнагадзетнай
Сямёра па лаўках – так некалі гаварылі пра мнагадзетную сям’ю, маючы на ўвазе яе не зусім заможнае становішча. Сёння ж мнагадзетнасць успрымаецца з павагай і зусім не атаясамліваецца з адсутнасцю дабрабыту. У нашай краіне да сем’яў, якія выхоўваюць трое і больш дзяцей, – увага асаблівая. На вялікую ячэйку грамадства працуе адладжаная сістэма дзяржаўнай падтрымкі.
З жаночай перавагай
Арына, Яна і Соф’я – сапраўдны кветнік Стрыгельскіх. Крыху больш за месяц назад сям’я Паўла атрымала статус мнагадзетнай. «Дапамагла» ў гэтым малодшая дачка Сонечка. Тата зусім не крыўдуе, што колькасная перавага за жанчынамі. Наадварот, адзначае, пры такім раскладзе ўся ўвага будзе яму аднаму і сярод сваіх дзяўчынак адчувае сапраўдным героем.
Арына з Янай пагодкі – абедзвюм без двух месяцаў сем і шэсць гадоў. Раніцай, калі мама робіць кожнай прыгажуні хвосцікі-касічкі (хто што закажа), тата забаўляе Сонечку. Так камандай збіраюцца ў школу і сад, а як вяртаюцца дадому – адразу спяшаюцца да сястрычкі. Гавораць, што расце не па днях, а па гадзінах.
– З замілаваннем назіраем, як старэйшыя дзяўчынкі клапоцяцца пра малую. З дарослымі інтанацыямі разважаюць, кім стане, як вырасце, – расказвае мама.
Арына першакласніца, гаворыць: буду мадэльерам. З задавальненнем наведвае мастацкі гурток у СШ № 2. Яне падабаецца танцаваць, хочуць, каб яна займалася тэнісам.
Дружная сям’я Стрыгельскіх жыве ў арэнднай трохпакаёвай кватэры. Атрымала яе мама як малады спецыяліст. Ганна – педыятр і да водпуску па доглядзе за дачкой лячыла маленькіх пацыентаў у мясцовай паліклініцы. Паша – мінчанін, не раздумваючы змяніў сталіцу на райцэнтр. А месца працы мяняць не давялося – працуе дыстанцыйна.
Да мнагадзетнага статусу Стрыгель-скія пакуль прывыкаюць. Пацвердзілі яго – атрымалі адпаведнае пасведчанне. А льгот ім, як і ўсім, хто выхоўвае траіх і больш дзяцей, належыць нямала: падатковыя, сацыяльныя, жыллёвыя, іншыя.
Сярод пераліку асабліва спадабалася права для бацькі ці маці на штотыднёвы дадатковы выхадны з аплатай у памеры дзённага заробку. Проста падарунак! Плюс зніжэнне напалову платы за дзіцячы сад. Прадугледжаны і бясплатныя заняткі ў школе мастацтваў. Неабходныя дакументы –
пасведчанне мнагадзетнай сям’і ці даведка аб месцы жыхарства і аб саставе сям’і.
– А сямейны капітал чаго варты. Ведаю, што менавіта гэты від дапамогі для многіх стаў вызначальным на карысць нараджэння трэцяга дзіцяці. Вялікай сям’і прасцей вырашаць жыллёвае пытанне. Гэтаму садзейнічае пазачарговае права на атрыманне льготных крэдытаў на будаўніцтва або набыццё жылля, атрыманне аднаразовых субсідый. Дзяржава дапамагае мнагадзетным пагашаць запазычанасць па льготных жыллёвых крэдытах. Маёй сям’і пашанцавала атрымаць утульную кватэру, за што вельмі ўдзячна тым, хто да гэтага меў дачыненне, – гаворыць Ганна Стрыгельская.
Лепш – больш
Тры сыны і дачка – такі дзіцячы «камплект» у мнагадзетнай сям’і тухавічан Таццяны і Віталія Капусценкаў. Яшчэ нядаўна мама сярод сваіх мужчын хаця і адчувала сябе ўпэўнена і ўтульна, але ўсё ж крыху адзінока. Тры месяцы назад нарадзілася Ева, здаецца, жыццё заіграла новымі фарбамі, хоць і дабавіліся новыя абавязкі і клопаты.
Каля сястрычкі завіхаюцца Данііл, Сцяпан і Ваня. Маленькая прынцэса радасна ўсміхаецца, калі іх бачыць. І нікога не палохаюць пялёнкі, распашонкі, прагулкі і маміна «пабудзьце з Евай». Яны ж старэйшыя. Даніілу 17, і без яго дапамогі маме ніяк. Не адстаюць ад брата дзевяцігадовы Сцёпа і чатырохгадовы Ванюша – заўсёды старанна выконваюць бацькоўскія даручэнні.
Таццяна да водпуску па доглядзе за дачкой сумяшчала працу загадчыка гаспадаркі ў Тухавіцкай СШ і настаўніка выяўленчага мастацтва ў ДШМ. Галава сям’і Віталій – будаўнік. Да працы звыклыя, працавітасці і дзяцей вучаць. Тое, што мнагадзетных сур’ёзна падтрымлівае дзяржава, ведалі, але не думалі, што калісьці адчуюць гэта ў поўнай меры на сабе. У пачатку сваёй сямейнай гісторыі планавалі не менш дваіх дзяцей, але з часам зразумелі, што лепш – больш. Канешне, кожнаму з рабят трэба свая порцыя ўвагі, цяпла і любві, але ўсе выдаткі напружанага быту спаўна кампенсуе шчасце бацькоўства.
На самай справе быць мнагадзетнымі хоць і адказна, але паважана. А пры значнай дзяржаўнай падтрымцы становіцца яшчэ і модна, і мэтазгодна.
– Акрамя розных выплат (іх, дарэчы, хапае не толькі на «абмундзіраванне» немаўляці), мы сталі ўладальнікамі грашовага рахунку на 10 тысяч долараў – такое права дае сямейны капітал. Сума ўнушальная, а яшчэ за гады прыбавяцца працэнты. Пакуль не планавалі, куды яна пойдзе. Але вельмі прыемна, што ёсць такая «падушка бяспекі». Калісьці разам са сваімі рабятамі вызначым, куды выкарыстаць грошы. Хутчэй за ўсё пойдуць на адукацыю дзяцей ці набыццё жылля. Як мнагадзетная сям’я будуем дом, падалі дакументы ў райвыканкам на атрыманне субсідыі, што пойдзе на пагашэнне часткі крэдыту. Уласнымі сіламі без падтрымкі дзяржавы пабудаваць дом было б цяжка, а разам – рэальна. Афармляем дакументы на адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе прадуктаў харчавання для дзяцей першых двух гадоў жыцця. У Сцёпкі штодзень у школе бясплатныя сняданак і абед, маем 50-працэнтную льготу па аплаце дзіцячага садка, у школе за карыстанне падручнікамі, – пералічвае льготы Таццяна Капусценка.
Дзіяна ТРЫСЦЕНЬ, начальнік упраўлення па працы, занятасці
і сацыяльнай абароне райвыканкама:
– У Ляхавіцкім раёне на пачатак гэтага года пражываюць 393 мнагадзетныя сям’і, у якіх выхоўваецца 1303 дзіцяці. У параўнанні з папярэднім перыядам адзначаецца дэмаграфічны плюс. У краіне робіцца многае для павышэння нараджальнасці. Толькі ў нашым раёне з 2015 года сямейны капітал назначаны 240 сем’ям, 432 атрымалі пасведчанні мнагадзетных. Льготы працуюць, імі карыстаюцца. За мінулы год 66 дзецям да двух гадоў выдавалася бясплатнае харчаванне. Для бюджэту гэта абышлося амаль у 50 000 рублёў. І гэта толькі адзін з мноства магчымых прыкладаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.