Справа капітальная. У Беларусі ўвага да сям’і ўзведзена ў ранг аднаго з галоўных дзяржаўных клопатаў

Гэта пацвярджаюць, у тым ліку, сумы дапамогі, адрасаванай сем’ям. Па інфармацыі Ляхавіцкага раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва за 2018 год сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, з Фонду выплачана 2 мільёны 733 тысячы рублёў, у тым ліку  2 мільёны 200 тысяч рублёў – па доглядзе за дзіцем да трох гадоў, на дзяцей старэйшых за тры гады з асобных катэгорый сем’яў – амаль 118 тысяч, яшчэ 415 тысяч рублёў выплачана на дзяцей ва ўзросце ад трох да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці да трох гадоў (такі від дапамогі дзейнічае з 2016 года).
Прэферэнцыі мнагадзетным шырокія і значныя. Сямейны капітал –
адна з іх. Галоўнае – у клопатах не спазніцца з афармленнем дакументаў на яго назначэнне. На гэта ёсць шэсць месяцаў з моманту нараджэння дзіцяці.
Традыцыйна мнагадзетным сем’ям аказваецца матэрыяльная дапамога да навучальнага года. Летась (па інфармацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама) яна была аказана 366 мнагадзетным сем’ям, у якіх выхоўваецца 768 дзяцей.
Нараджэнне двайнят – неверагоднае шчасце для бацькоў, а яшчэ і двайныя расходы. Дзяржава і тут працягвае руку дапамогі: у мінулым годзе сям’я нашых землякоў, у якой нарадзіліся двайняты, атрымала аднаразовую выплату на набыццё дзіцячых рэчаў першай неабходнасці ў памеры больш за 790 рублёў.
Дзяржаўны клопат адчуваецца і ў забеспячэнні бяспекі ў домаўладаннях сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. За кошт раённага бюджэту ў мінулым годзе закуплена і ўстаноўлена дзевяць аўтаномных апавяшчальнікаў і сем АПА з вывадам на сігнальна-гукавое ўстройства на суму амаль 1000 рублёў. Тыя, каму патрабуецца такое абсталяванне, выяўлены падчас правядзення абследавання супрацоўнікамі ТЦСАН, аддзела па адукацыі райвыканкама, РАНС, старшынямі сельвыканкамаў.
З мэтай аказання неабходнай сацыяльнай, псіхалагічнай, прававой і іншай дапамогі неўладкаваным сем’ям летась спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра правялі 95 абследаванняў іх матэрыяльна-бытавога становішча. Усе атрымалі псіхалагічную кансультацыю, шэсць сем’яў – дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу, 17 аказана гуманітарная дапамога, васьмі прадастаўлена паслуга сацыяльнага патранату.
І гэта далёка не поўны пералік.

Наталля  ПЕРАПЕЧКА.