Хлеб. Бяспека. Захаванасць
Пачалася пасяўная кампанія. Да яе аграрыі рыхтаваліся ўсё міжсезонне, ажыццяўлялі рамонт тэхнікі, запасаліся пасяўным матэрыялам. Ад таго, як будуць выкананы веснавыя палявыя работы, залежыць, які ўраджай змогуць сабраць.
Захаванне бяспекі пры правядзенні пасяўной кампаніі, недапушчэнне і спыненне крадзяжоў запасных частак да сельскагаспадарчай тэхнікі, насеннага фонду, гаруча-змазачных матэрыялаў на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу, выяўленне фактаў безгаспадарчасці – задача супрацоўнікаў сілавых ведамстваў.
Для яе якаснага выканання ў Ляхавіцкім РАУС створаны рэйдавыя групы.
Пацверджана жыццём, што адной з прычын крадзяжоў з’яўляецца безгаспадарчасць і нядбайныя адносіны да захаванасці дзяржаўнай уласнасці. Супрацоўнікі РАУС абследавалі ўмовы захоўвання таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў і сельгастэхнікі на мехдварах усіх гаспадарак. Прыемна, што большая частка кіраўнікоў ставіцца да захаванасці тэхнікі і іншай маёмасці адказна: тэрыторыі абсталявалі камерамі відэаназірання, наладзілі кругласутачную вартавую ахову і належны кантроль за работай вартаўнікоў, забяспечылі асвятленне тэрыторый у начны час. Аднак, ёсць прадпрыемствы, на якіх гэтыя пытанні ўпушчаны. У ходзе рэйдавых мерапрыемстваў па сельгасарганізацыях АПК выяўлены факт адсутнасці на працоўным месцы двух вартаўнікоў райаграсэрвіса.
Нядобрасумленнае нясенне службы супрацоўнікам вартавой аховы можа прывесці да крадзяжоў таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў (як гэта было ў студзені на мехдвары КСУП «Тальмінавічы»: там, нягледзячы на наяўнасць вартавой аховы, выкрадзены акумулятарныя ба-тарэі з аўтамашын, якія знаходзіліся ў рамонтных боксах).
Прыкладам безадказнага стаўлення да за-хаванасці маёмасці з боку службовых асоб з’явілася ўзбуджэнне крымінальнай справы ў адносінах жыхароў вёскі Шавялі, якія ў верасні 2018 г. з незачыненага склада ААТ «Жарабковічы» выкралі 3600 кілаграмаў зерня. Злачынства выявілі супрацоўнікі РАУС у ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў.
У апошні час найбольшай «папулярнасцю» ў несуноў карыстаецца дызельнае паліва. Не варта забываць, што паліва, якое выкарыстоўваецца пры правядзенні пасяўных работ, афарбавана. Устанавіць, адкуль яно, вельмі лёгка. Згодна ч.6 арт. 12.30 КоАП (набыццё, захоўванне, выкарыстанне або рэалізацыя фізічнымі асобамі афарбаванага нафтавага вадкага паліва, якое пастаўляецца ва ўстаноўленым парадку ў арганізацыі, якія выконваюць работы, звязаныя з вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі) цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 50 базавых велічынь.
Алена ВАСІЛЕВІЧ, старшы інспектар РАУС.