За работу, дарагія землякі!
Паход за парадкам і чысцінёй працягаецца круглагадзічна. Але асаблівае ажыўленне на гэтым маршруце традыцыйна адбываецца вясной.
З 25 сакавіка па 26 красавіка ў раёне аб’яўлены месячнік па добраўпарадкаванні, забеспячэнні належнага санітарнага стану, азеляненні і навядзенні парадку на тэрыторыі населеных пунктаў. Створана раённая рабочая група па правядзенні гэтай акцыі на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Андрэем Ляшчэнем.
Да 10 красавіка ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама неабходна прадаставіць планы мерапрыемстваў па прывядзенні ў час месячніка замацаваных тэрыторый у належны санітарны стан.
Зацікаўленыя службы, арганізацыі, сельвыканкамы абавязаны арганізаваць работу з насельніцтвам па навядзенні парадку, далучыць яго і працоўныя калектывы, а таксама моладзь да ўдзелу ў месячніку.
У час месячніка напярэдадні 75-годдзя вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў трэба навесці парадак на месцах воінскіх пахаванняў, помнікаў воінскай баявой славы, мемарыяльных комплексах.
Работы па добраўпарадкаванні і азеляненні неабходна завяршыць да 25 красавіка.
Кантроль за выкананнем рашэння райвыканкама ўскладзены на аддзел архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі і намесніка старшыні райвыканкама па накірунках дзейнасці.