Тэма тыдня: Пытанні рэгіянальнага развіцця абмеркаваны на нарадзе ў Прэзідэнта

Фота БЕЛТА


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях рэгіянальнага развіцця. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што апошнім часам было праведзена некалькі маштабных мерапрыемстваў, на якіх разгледзелі стан спраў і паставілі першачарговыя задачы для розных сфер эканомікі. Абмеркаваны пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аграпрамысловага комплексу і будаўніцтва. «Гэтыя галіны шмат у чым вызначаюць стан беларускай эканомікі, а таксама яе магчымасці вырашаць сацыяльныя задачы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У выніку Прэзідэнт падпісаў тры дырэктывы — своеасаблівыя дарожныя карты для АПК, будаўніцтва і ЖКГ. Яны ўстанаўліваюць сістэмныя задачы і неабходныя для іх вырашэння інструменты.
«Намечаны шляхі ўдасканалення сістэмы адукацыі і перспектывы беларускай навукі. Мы таксама на адпаведных нарадах, форумах разгледзелі гэтыя пытанні. Вызначаны дакладныя этапы паскарэння развіцця рэгіёнаў. Мы дамовіліся на працягу двух гадоў забяспечыць паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё адразу 11 буйных гарадоў», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.
«Сёння перад урадам і губернатарамі стаіць задача забяспечыць рэалізацыю ўсіх прынятых рашэнняў, планаў і дырэктыў на месцах. Агульная мэта гэтых праграмных рашэнняў — дасягненне дастойнага ўзроўню і якасці жыцця нашых грамадзян», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што фундамент паспяховага развіцця дзяржавы — моцная эканоміка. «Я ўжо шмат разоў гаварыў, што калі ў нас і будуць нейкія праблемы — толькі тады, калі ў нас будзе дрэнна працаваць эканоміка. Іншых праблем у нас няма і быць не можа, — заявіў Прэзідэнт. — Таму перш за ўсё неабходна развіваць эканоміку рэгіёнаў (эканоміка наогул уся там — у рэгіёнах), ствараць там рабочыя месцы. І самае галоўнае — рабочыя месцы з дастойным узроўнем заработнай платы».
У нарадзе прынялі ўдзел кіраўнікі дзяржаўных органаў, старшыні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, памочнікі Прэзідэнта па рэгіёнах.
Лукашэнка патрабуе ствараць у рэгіёнах умовы і стымулы для прыцягнення працоўных рэсурсаў
На нарадзе кіраўнік дзяржавы адзначыў, што большасць ствараемых у краіне рабочых месцаў не адносіцца да высокапрадукцыйных і прадугледжвае нізкую кваліфікацыю работнікаў і невысокі ўзровень заработнай платы.
«Хоць адна з першарадных задач мясцовых органаў улады — арганізацыя вытворчасцей менавіта з паглыбленай перапрацоўкай сыравіны і атрыманне экспартна арыентаванай і імпартазамяшчальнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, — сказаў ён. — У раёнах і гарадах павінны быць створаны ўмовы і стымулы для прыцягнення працоўных рэсурсаў пад патрэбнасць эканомікі рэгіёнаў».
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што не трэба прыцягваць інвестыцыі дзеля справаздачнасці, яны павінны прыносіць краіне карысць. «Да нас прыходзіць шмат інвестараў, якія просяць поўнае вызваленне ад падаткаў, сацыяльных абавязацельстваў і іншага. Паўстае пытанне, навошта нам патрэбны такія прадпрыемствы? Яшчэ і зарплату плацяць мізэрную. Інвестар павінен прыходзіць у краіну і працаваць на агульных умовах — настаў той перыяд. Ільготы толькі тым, у кім мы жыццёва зацікаўлены», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Не выконваюцца патрабаванні па росце заработнай платы, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. «Больш таго, яна яшчэ і выплачваецца не своечасова. І гэта адказнасць прэм’ер-міністра і першага віцэ-прэм’ера», — заўважыў ён.
У 2018 годзе толькі 10 са 128 раёнаў і гарадоў мелі зарплату вышэйшую за сярэднюю па краіне. У Магілёўскай вобласці няма ніводнага такога раёна або горада. За студзень-люты сітуацыя кардынальна не змянілася.
«Вы ведаеце, што тэма занятасці і своечасовай выплаты зарплат пад маім асаблівым кантролем. І сваіх строгіх установак у гэтым пытанні я мяняць не маю намеру, таму што людзі хочуць кожны дзень есці і ў нешта апрануць дзяцей, каб адправіць у школу і ў дзіцячы сад. Не мне вам гэта тлумачыць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У будаўнічым комплексе, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, не забяспечваецца апераджальнае развіццё інжынернай і транспартнай інфраструктуры, а таксама стварэнне аб’ектаў сацыяльнай сферы. «Напрыклад, у Бараўлянах сёння ў дзіцячых дашкольных установах дэфіцыт месцаў. Па-ранейшаму адзначаюцца факты самавольнага будаўніцтва», — канстатаваў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што мясцовая ўлада ўпусціла гэты напрамак, не прымае тут патрэбных рашэнняў. «Вы самі выбіраеце свой шлях», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Важны не столькі аб’ём вытворчасці, колькі яе эфектыўнасць і рэнтабельнасць — Лукашэнка
«Пераважная большасць абласцей у мінулым годзе не дасягнула запланаваных лічбаў па валавым рэгіянальным прадукце і прадукцыйнасці працы. Некаторыя рэгіёны не выканалі заданні па экспарце тавараў, прыцягненні прамых замежных інвестыцый, і ніхто не знізіў узровень затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Гэта значыць, асноўныя паказчыкі эфектыўнасці правалены, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У гэтым годзе яшчэ не ўсімі губернатарамі забяспечваецца выкананне тых планаў, якія мы перад сабой намецілі».
«Але сёння важны не столькі аб’ём вытворчасці, колькі яе эфектыўнасць і канчатковы вынік — прыбытак і рэнтабельнасць», — падкрэсліў Прэзідэнт. Аднак значная частка прадпрыемстваў па-ранейшаму працуе са стратамі, канстатаваў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама незадаволены адсутнасцю сістэмнай работы з інвестарамі. Ён заўважыў, што з кожным трэба працаваць індывідуальна.
«Колькі з іх мы развярнулі за кошт сваёй валакіты, бюракратызму, адсутнасці рашучасці выканаць задачу. Усе рэгіёны падпісалі пагадненні з кітайскімі правінцыямі і гарадамі. Многія кіраўнікі не раз бывалі ў гэтай краіне. Дзе праекты і інвестыцыі?» — паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, нават па існуючых інвестыцыйных праектах работа вядзецца няякасна: не выконваюцца тэрміны рэалізацыі, аддача ад іх вельмі нізкая. «Як я падкрэсліваў, нам не патрэбны інвестыцыі дзеля інвестыцый. Патрэбны вытворчасці заўтрашняга дня, новыя тавары і тэхналогіі. Патрэбна адметнасць на кожным прадпрыемстве. Трэба генерыраваць новыя ідэі, укараняць ноу-хау, вырабляць запатрабаваную на рынку прадукцыю», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка: на кожным пятачку ў Мінску і абласцях павінны быць высаджаны дрэвы
«Бягучы год, як мы дамаўляліся, — гэта год навядзення парадку, прывядзення нашай Беларусі ў парадак, каб яна ўся была ў кветках і зеляніне. Краіна павінна быць прыгожай, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У кожнай вёсачцы, аграгарадку, у кожным раёне, вобласці, у Мінску — на кожным пятачку павінны быць высаджаны дрэвы. Гэта здароўе людзей, у рэшце рэшт».
«Гэта наша візітная картка. І вам трэба навесці парадак раз і назаўсёды — тады людзі будуць разумець, які парадак павінен быць і як яго падтрымліваць», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што даўно ставіў задачы высадзіць наўсцяж аўтамабільных дарог, на пустках і тэрыторыях, якія не выкарыстоўваюцца, дрэвы і кусты. «Гэта ж практычна. Менш трэба будзе абкошваць прыдарожныя палосы. Але воз і цяпер там. Запатрабую з кожнага памочніка па абласцях і горадзе Мінску, — папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. — Вазьміце гэта пад кантроль, пакуль пярун не грымнуў».

«Падрыхтаваліся вельмі дрэнна» — Лукашэнка раскрытыкаваў рэгіёны за праблемны пачатак палявых работ
«Веснавыя палявыя работы пачаліся з праблем. Губернатарам ужо даўно трэба было вызначыць дакладны, дэталёвы (наколькі гэта магчыма) план дзеянняў па правядзенні пасяўной кампаніі — ад вывазу арганікі на палі і да завяршэння ўсіх палявых работ. Правалаў у гэтым годзе быць не павінна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне дастатковы ўзровень развіцця аграпрамысловага комплексу, які дазваляе якасна працаваць у любых умовах. «Хопіць усе свае пралікі спісваць на надвор’е. Наогул жа на цяперашняе надвор’е цяжка нешта спісаць, — сказаў ён. — Гаспадаркі павінны быць забяспечаны тэхнікай, палівам, мінеральнымі ўгнаеннямі і насеннем. Але больш за ўсё мяне непакоіць і насцярожвае тое, што месцамі ў правядзенні палявых работ няма элементарнага парадку. Я хачу, каб губернатары і ўся вертыкаль улады зрабілі адпаведныя высновы з падзей у Магілёўскай вобласці і іншых рэгіёнах. Рэгіёны вельмі дрэнна падрыхтаваны да гэтай кампаніі. Бачыце, вясна рана прыйшла, не разварушыліся».
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на ролю ўрада ў пасяўной і ўборачнай кампаніях. «Гэта мабілізацыя сродкаў. Калі ў прамысловасці і іншых галінах людзі працуюць пад дахам у любое надвор’е, то сельская гаспадарка — гэта вельмі сур’ёзная галіна», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў прэм’ер-міністру Сяргею Румасу і міністру фінансаў Максіму Ермаловічу разабрацца ў бліжэйшы час з праблемнымі пытаннямі ў гаспадарках: «На працягу гэтага тыдня ўсе пытанні, якія ад іх залежаць, павінны быць зняты».
Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры і МУС, перад пачаткам пасяўных работ 503 адзінкі тэхнікі знаходзіліся ў нерабочым стане і не падлягаюць аднаўленню. Паўтары тысячы адзінак не прайшлі тэхагляд. Больш як тры тысячы машын і агрэгатаў спісаны, да гэтага часу не здадзены на металалом і захоўваюцца з парушэннем правіл.
«У некаторых гаспадарках у перыяд асноўных работ трактароў і камбайнаў пад плотам не менш, чым у полі. Як гэта выглядае ў жыцці, вы бачылі ў «Купалаўскім». І як захоўваецца вельмі дарагая тэхніка, вы таксама бачылі. Але ж тысячы разоў было сказана: імпартная дарагая тэхніка не павінна быць у гаспадарцы, дзе наогул не ўмеюць сеяць і ўбіраць. Навошта вы яе туды аддаяце?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Асобную ўвагу ён удзяліў выкананню рэгламентаў і нарматываў, падкрэсліўшы неабходнасць безумоўнага выканання тэхналогіі вытворчасці.
«Які вынік вы плануеце атрымаць, калі пад яравую сяўбу мінеральных угнаенняў назапашана толькі палова ад патрэбнасці. А ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, дзе ў нас земляробства на «найвышэйшым» узроўні, аж чвэрць, — адзначыў Прэзідэнт. — Кожны год праблема з нарыхтоўкай кармоў, умовамі іх закладкі і захоўвання».
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, даходзіць да таго, што зімой вада ў паілках для жывёл замярзае. «Спачатку парушаеце тэхналогію вытворчасці, а потым — трэба ж твар захаваць — займаецеся прыпіскамі», — адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў 2018 годзе ніводная вобласць не справілася з выкананнем даручэння па нарыхтоўцы паўтарагадовага запасу травяных кармоў. У выніку ў асобных раёнах іх пачынаюць завозіць з іншых рэгіёнаў ужо к канцу лістапада. «У мяне павінны быць на стале гэтыя гаспадаркі. Мы аб гэтым дамаўляліся па восені. Вось гэтыя перавозкі, уся лагістыка — гэта затраты. Адсюль няхватка грошай на бягучыя патрэбы. У выніку цяперашні фінансавы стан шэрага арганізацый не дазваляе павысіць прывабнасць сельгаспрацы, якая застаецца адной з самых нізкааплатных. І хто, скажыце, туды пойдзе працаваць на такую заработную плату?» — пацікавіўся Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што павінна быць вельмі строгая дыктатура тэхналогіі і вытворчай дысцыпліны: «Аб гэтым мы гаворым ледзь не на кожнай нарадзе. Але, як я думаю, вы адчулі: ніхто нікога ўгаворваць больш не будзе. Ваша безгаспадарчасць недапушчальна».

Ад «матрыцы задач» да дыктатуры тэхналогіі — падрабязнасці нарады ў Лукашэнкі па развіцці рэгіёнаў
Нарада прадаўжалася амаль дзве з паловай гадзіны. Былі падрабязна абмеркаваны розныя пытанні ў сферы рэгіянальнага развіцця, а Кіраўніком дзяржавы дадзены даручэнні. Пастаўлены канкрэтныя задачы і вызначаны шляхі вырашэння тых ці іншых праблемных момантаў.
Адной з галоўных тэм стала сітуацыя ў сельскай гаспадарцы, у прыватнасці, ход пасяўной кампаніі. Аб ім падрабязна далажылі кіраўнікі рэгіёнаў. Абмеркаваны пытанні забяспечанасці палівам, мінеральнымі ўгнаеннямі, фінансавання. Тут адказнасць на ўрадзе, якому неабходна аператыўна вырашаць праблемы, што ўзнікаюць, ва ўзаемадзеянні з губернатарамі.
У цэлым было адзначана, што на ўзроўні ўрада ўсе неабходныя ў маштабах краіны рашэнні па забеспячэнні якаснага правядзення веснавых палявых работ прыняты ўжо, аднак Прэзідэнт патрабуе і строгага кантролю выканання пастаўленых задач.
Чарговы раз гучала тэма навядзення парадку, падтрымання дысцыпліны, дакладнага прытрымлівання ўсіх тэхналагічных працэсаў на вытворчасці. Пакуль жа размовы і абяцанні на розных узроўнях часам пераважаюць над практычнай работай у гэтым напрамку.
Абмяркоўвалася і праблематыка стварэння новых рабочых месцаў, узроўню заработнай платы і забеспячэння своечасовасці яе выплаты. У тым ліку размова ішла аб стратных арганізацыях, іх далейшым функцыянаванні і знаходжанні шляхоў па вывядзенні іх на ўстойлівую работу. Пры гэтым падкрэслена недапушчальнасць прыпісак і ашуканства.
Галоўная мэта, якую ставіць Аляксандр Лукашэнка перад органамі ўлады, — згладзіць разрывы ва ўзроўні і якасці жыцця па ўсёй краіне.
У цэлым патрабаванні кіраўніка дзяржавы простыя і зразумелыя: тое, за што адказная ўлада на розных узроўнях, павінна быць зроблена, але значная частка адказнасці ляжыць і на саміх работніках, кіраўніках нізавога звяна. Паколькі падтрыманне вытворчай дысцыпліны і парадку садзейнічае паляпшэнню фінансава-эканамічных паказчыкаў прадпрыемстваў, што ўплывае непасрэдна на якасць і ўзровень жыцця.
Асобна Прэзідэнт звярнуў увагу на перспектывы развіцця прадпрыемстваў, пошук і ўкараненне новых напрамкаў работы. Разам з рэалізацыяй задач па імпартазамяшчэнні гэта павінна садзейнічаць эканамічнаму развіццю і стварэнню новых высокапрадукцыйных рабочых месцаў.
Падрабязнасцямі нарады з журналістамі падзяліліся і некаторыя яе ўдзельнікі. Напрыклад, старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка апісаў гэту нараду як зрэз выканання пастаўленых раней задач. «Была звернута ўвага на тое, што мы не зрабілі і што не атрымліваецца. Вядома, прыязджаючы на месца, мы робім усё, каб выканаць пастаўленыя задачы, — сказаў ён. — Пытанні заўсёды ёсць, але яны вырашаюцца на месцах, вырашаюцца спецыялістамі, сумесна з урадам. Невырашальных, глабальных пытанняў проста няма».
«Асаблівасць гэтага года — ранняя вясна. Вельмі сухое надвор’е. Таму трэба паспець своечасова ўсё зрабіць. Сяўба ранніх яравых збожжавых ужо напалову завершана. Разам з тым адчуваецца няхватка па асобных пазіцыях. Абмеркавалі на нарадзе ў тым ліку пытанні забеспячэння палівам, знойдзены рашэнні. Думаю, гэта ўсё пасадзейнічае, каб у аптымальныя тэрміны правесці сяўбу», — расказаў губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў.
Паводле яго слоў, Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў аб тым, каб разам з традыцыйнымі культурамі ў сельскай гаспадарцы знаходзілі месца і новыя напрамкі. «Ёсць неабходнасць вырабляць нешта новае. Тым больш клімат мяняецца. І вінаград, і кавуны… Як бы хто скептычна ні ставіўся, але ў нас сёння ёсць прыклады, калі сапраўды вырошчваюць добрыя прадукты», — сказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама. У гэтым напрамку ў вобласці ў тым ліку паспяхова супрацоўнічаюць з замежнымі кампаніямі, прыватнымі інвестарамі.

БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.