Школьнікі з Конькаўскай СШ пасадзілі бярозы
Сёлета Беларусь адзначае 75 гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пакінула гэта страшная вайна след і ў ваколіцах нашай роднай вёскі Конькі.
4 ліпеня 1941 года вёска была акупіравана захопнікамі. Немцы сумесна са здраднікамі-паліцаямі мучылі і расстрэльвалі ні ў чым непавінных людзей.
У жніўні 1941 года каля 20 нашых былых аднавяскоўцаў былі арыштаваны і расстраляны за вёскай Туркі. Сярод загінуўшых ад рук фашыстаў — В.М.Чыхір, І.Ярашэвіч, П.І.Манарховіч, І.П.Тарлюк, І.Н.Сакун. На жаль, прозвішчы астатніх невядомыя.
У 1965 годзе над брацкай магілай узведзены помнік-абеліск, вакол яго высаджана ліпавая алея. Няўмольна бяжыць час… Маладзенькія дрэўцы ператварыліся ў вялікія дрэвы, некаторыя з якіх упалі ад ветру.
І вось у адзін з цёплых красавіцкіх дзён актывісты БРСМ Конькаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы разам з супрацоўнікамі мясцовага сельвыканкама на месцы старых ліп пасадзілі бярозкі, якія будуць напамінаць нашчадкам аб тых, хто аддаў сваё жыццё за наша светлае будучае.
Людміла Лузяніна, настаўніца Конькаўскага ДС-СШ.
Фота з архіва Конькаўскай СШ.