Чыстая эстафета. Месячнік добраўпарадкавання праходзіць у Ляхавіцкім раёне

Нешматлікім, але важкім аказаўся працоўны дэсант, які ў мінулы аўторак шчыраваў у сядзібе Рэйтанаў у Грушаўцы. Так раённы савет ветэранаў актыўна падтрымаў месячнік добраўпарадкавання, аб’яўлены напрыканцы сакавіка на Ляхавіччыне.
Нашы нераўнадушныя землякі прыбіралі сляды, пакінутыя восенню і зімой, у гістарычным куточку раёна. Працавалі, як заўсёды, з натхненнем: зграбалі смецце, галлё, мінулагодняе лісце.
Душа радуецца, гледзячы на наведзены парадак, шчыра прызнаваліся ўдзельнікі імправізаванага суботніка. Здаецца, наша Грушаўка яшчэ больш папрыгажэла.

Эстафету падхапілі школьнікі. У адзін з красавіцкіх дзён актывісты БРСМ Конькаўскай СШ разам з работнікамі мясцовага сельвыканкама садзілі бярозкі. Гэта не проста ўклад вучняў у навядзенне парадку ў Год малой радзімы, саўдзел у вялікай справе, а ўшанаванне памяці загінуўшых аднавяскоўцаў.
4 ліпеня 1941 года сярод 20 чалавек, расстраляных фашыстамі за Туркамі, былі і землякі сённяшніх бээрэсэмаўцаў. Больш за паўстагоддзя назад над брацкай магілай узведзены помнік-абеліск і высаджана ліпавая алея. Тыя маладзенькія гнуткія дрэўцы даўно сталі вялікімі, некаторыя з іх пад цяжарам гадоў страцілі былую прывабнасць. Зараз на іх месцы зашумелі беластволыя бярозкі – як знак светлай удзячнасці ўсім, хто цаной свайго жыцця адваяваў мір і незалежнасць.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.