Тры дні гандбола. Феерычнага

І зноў вялікі гандбол у Ляхавічах. Мінулагодні наваселец – гандбольная зала спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву – з 5 па 7 красавіка была галоўнай арэнай паўфінальнага этапу рэспубліканскіх спаборніцтваў «Дзіцяча-юнацкая гандбольная ліга ZUBR CUР» (маштабны праект пад патранажам Брэсцкага гандбольнага клуба імя А. П. Мяшкова).
Гэта не першы турнір па гульнявым відзе спорту, які прымае наш раён. У лістападзе мінулага года тут праходзіў чвэрцьфінальны этап, менавіта тады наша каманда заваявала права выступаць у паўфінале. Ляхавіччына славіцца гандбольнай школай. Быў час, калі каманда раёна сілкавала каманду вобласці. Чаго варта імя Святланы Мінеўскай (Жыхаравай) – двухразовай чэмпіёнкі свету ў складзе каманды СССР, Заслужанага майстра спорту, якая свае першыя крокі ў гандболе пачынала менавіта ў нашай спартшколе.

Наш  Данііл Валчкоў.

У першы дзень спаборніцтваў падчас урачыстага адкрыцця ўдзельнікаў вітала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, якая падкрэсліла, што ў краіне, на Брэстчыне і ў нашым раёне шмат робіцца для развіцця спорту, і, магчыма, сярод сённяшніх юных спартсменаў ёсць будучыя чэмпіёны Еўропы, свету, Алімпійскіх гульняў.
Шэсць каманд – з Віцебска, Салігорска, Оршы, Маларыты, Бялынічаў і гаспадароў-ляхавічан – разыгрывалі месцы з 13 па 18.
Першы матч паміж зборнымі гаспадароў (каманду рыхтаваў трэнер-выкладчык СДЮШАР Дзмітрый Дудараў, у яе складзе 15 удзельнікаў 2005-2006 гадоў нараджэння) і Віцебска.
– Гандбол – спорт нумар адзін у нашай сям’і. Ім захапляюцца мама, тата і старэйшая сястра Юля. Гэта класная гульня. У нас дружная каманда, дзе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, – расказвае капітан ляхавіцкай каманды Максім Лойка, які займаецца гэтым відам спорту сем гадоў.
– З нецярпеннем чакаю кожную трэніроўку, каб адпрацоўваць абводку, дак-ладнасць удараў па варотах. І, канешне, каб сустрэцца з сябрамі. Нас здружыў гандбол, – дадае Мікалай Адаська.
Пятніца стала для ляхавічан феерычна перамож- най. Спачатку яны не па-кінулі шанцаў гандбалістам з Віцебска (32:20), а праз некалькі гадзін ва ўпартай барацьбе зламалі супраціўлен-не каманды з Салігорска. У актыве Максіма Лойкі 15 закінутых мячоў у вароты Віцебска і 13 – Салігорска (увогуле, па выніках турніру ён стаў у складзе ляхавічан самым рэзультатыўным).
А вось у суботу матч супраць Оршы ляхавічане прайгралі з лікам 17:20, у нядзелю перамаглі Бялынічы (29:24) і ўсяго адзін мяч прайгралі Маларыце. Наша каманда заняла 14 выніковае месца і 2 непасрэдна на турніры.
Увогуле, як адзначалі балельшчыкі, усе гульні былі цікавымі.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.