Эканоміка гульні. За інавацыі ў адукацыі Жарабковіцкая СШ атрымала дыплом міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі

Напачатку красавіка ў Мінску прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Інавацыі-2019. Выклікі часу». Сярод тых, хто дзяліўся сваімі распрацоўкамі і вопытам прымянення інавацыйных падыходаў у рабоце з адоранымі навучэнцамі, былі нашы землякі – настаўнікі Жарабковіцкай СШ з мадэллю практыка-арыентаванай бізнес-адукацыі школьнікаў у пазаўрочны час. За яе і адзначаны дыпломам канферэнцыі.
Сутнасць жарабковіцкай ідэі абумоўлена тым, што эканамічнае мысленне, як і любы навык або ўменне, павінна фарміравацца ў юным узросце. Гэта дапаможа маладому чалавеку свядома выбіраць прафесію, сферу сваіх інтарэсаў, закладваць трывалы падмурак для будучага жыцця.
У Жарабковіцкай СШ пабудавалі адпаведную адукацыйную сістэму: арганізавалі вучэбную бізнес-кампанію «Няхітрыя вырабы», наладзілі працу ў шосты школьны дзень. А тэма адзіная – «Эканоміка гульні ці гульня ў эканоміку». Тут рэалізуюць праект «Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умовы прафесійнага самавызначэння навучэнцаў». Да таго ж адкрылі міжшкольны факультатыў і школьныя факультатыўныя заняткі эканамічнай накіраванасці і іншае. У «Няхітрых вырабах» навучэнцы шыюць хусткі, фартухі, ручнікі, робяць дэкаратыўныя магніцікі і шмат чаго яшчэ. Да таго ж перадаюць свой вопыт установам адукацыі з іншых раёнаў.
Кіраўнік інавацыйнага праекта, дырэктар школы Вольга Бурак не хавае задавальнення:
– Педагогі стараюцца прыдумаць нестандартныя формы навучання і выхавання, каб рабятам было цікава і пазнавальна, каб атрыманыя навыкі і веды ім спатрэбіліся ў жыцці.
Намеснік дырэктара Вольга Камейша расказвае, што кожная трэцяя субота месяца, якая арганізуецца ў межах шостага школьнага дня, – тэматычная. Напрыклад, кліенты гульнёвага банка «Аграэканомбанк» удзельнічаюць у бізнес-гульні і праз яе набываюць эканамічныя веды. А на факультатыўных занятках знаёмяцца з азамі прадпрымальніцтва.
Загадчыца школьнага рэсурснага цэнтра Аксана Каляда ўдакладняе:
– Летась на базе нашай школы быў створаны рэсурсны цэнтр па эканамічным выхаванні навучэнцаў у пазаўрочны час. Ён дазваляе сістэматызаваць адукацыйны працэс у эканамічным напрамку, распаўсюдзіць эфектыўны вопыт і актывізаваць удзельнікаў у павышэнні сваёй дасведчанасці па гэтых пытаннях.
Для настаўніцы абслугоўвай працы Алены Рагаўцовай гэты праект надзвычай цікавы, таму што «Няхітрыя вырабы» – сюжэт ролевай гульні. Дзяўчынкі 8-11 класаў вучацца краіць, працаваць з аверлокам, хлопчыкі падбіраюць эскізы і малюнкі для магніцікаў і іншага, робяць паштоўкі з лагатыпамі арганізацый нашага раёна. І гэта спатрэбіцца ім абавязкова.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.