Пазітыўны блакнот

Закончылася шэрасць міжсезоння. Пакрысе і нават не пакрысе цяплее-святлее-зелянее. У кругазвароце пор года адбываецца ўсеагульная расквечанасць. Усё больш упэўненымі становяцца мазкі вясны на палатне сённяшняга сюжэта. А ў сюжэце столькі фрагментаў, столькі шматкроп’яў, косак, клічнікаў, што няма часу сядзець і думу думаць. Многа ўсяго прыспела. І перад тым, як «маяцца» (ад слова «май»), трэба ад душы пакрасавічыцца. А гэта работ поўны рот і на працы, і дома. Найпершая – пастскрыптум паслязімоўя, іншымі словамі перадвелікодная ўборка. І ва ўласных апартаментах, і на агульнай тэрыторыі, і ў душы. У добрай канцэнтрацыі ўсё гэта: месячнік па навядзенні парадку і добраўпарадкавання, тыдзень лесу, рэспубліканскі і раённы суботнікі, падрыхтоўка да сузор’я майскіх святаў. Канешне, зробім усё, канешне, падрыхтуемся, і не толькі рукамі – сэрцам папрацуем. Таму што і пераможнасць Мая, і яго першы дзень, і Вялікдзень, і Радаўніца – тэрыторыя любві са сваімі знакавымі прыпынкамі асэнсавання ўзвышанага і зямнога, складанага і простага, важнага і яшчэ больш важнага. Усяго таго, што ёсць жыццё.
Усплёскам-здабыткам красавіка назаву сонечны пазітыў ад спраў, спраўджаных і толькі задуманых мар, ад цудоўных ідэй нашых землякоў.


…На беразе Ведзьмы, быццам заўсёды там і былі, з’явіліся некалькі літар з чароўным словам «Люблю». Гэта аўтограф жылкамунгаса і адначасова падарунак усім землякам. А яшчэ самы кароткі ў свеце і пераканаўчы расказ гасцям пра горад і яго жыхароў (гл. стар. 9).
…Ідэя з канверта ад юнай ляхавічанкі Полі Татарыновіч не менш пранізлівая і дарагая. Расповяд дзяўчынкі пра яе Ляхавічы, пра яе раку Ведзьма, яе лебедзяў на водным люстры і яе асэнсаванне ўсяго гэтага завяршаецца геніяльна простай і вартай увагі прапановай: стварыць на беразе кампазіцыю «Сям’і прысвячаецца», у якой прататыпам шчаслівай сямейнай пары стануць гэтыя прыгожыя, гордыя, верныя птушкі – адна з мілых візітовак нашага горада (зноў гл. стар. 9).
…Добрай інфармацыі шмат не бывае. Давайце прыгадаем. Ляхавічы ярка засвяціліся ў Мінску на міжнародным кірмашы турпаслуг і міжнародным форуме-выставе дзелавых кантактаў у Брэсце. Варта правялі ў сябе рэспубліканскія спаборніцтвы дзіцяча-юнацкай гандбольнай лігі «ZUBR CUP» і лёгкаатлетычны турнір на прызы чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча. Андрэй Цямчык даспяваўся да фіналу адборачнага тура на «Славянскі базар», а «ВІНС-акорд» – у Санкт-Пецярбургу да дыплома І ступені міжнароднага фестываля «Талент. Музыка. Сцэна». Ну, а ўдзельніцы шоу-конкурсу «Міс Ляхавічы-2019» сваёй прыгажосцю і талентамі дабавілі ў вясну і сонца, і фарбаў. І гэта далёка не ўсё з таго, што можна ўнесці ў пазітыўны блакнот любімай пары года.
А літаральна хвіліну назад даведалася: вучаніца Малагарадзішчанскай школы Даша Наскавец удастоена дыплома І ступені ў рэспубліканскай акцыі Міністэрства адукацыі «Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусі» ў намінацыі «Мая радзіма ў адным імгненні». Малайчына, Даша!
А цяпер пра назву гэтых нататкаў. Дзяўчынка гартала забаўны блакнот з надпісам «пазітыўны» на вокладцы. Ружовыя старонкі, на некаторых радасныя малюнкі з коцікамі-русалачкамі і іншымі мілымі істотамі. Малой усё гэта падабалася. Яна не хавала захаплення. Потым памаўчала і…
– Вось думаю, што б падарыць маме на Вялікдзень… – у вачах дзяўчынкі пытанне планетарнага маштабу.
– А давай што-небудзь купім, – іду па шляху найменшага супраціўлення і атрымліваю далікатны ўрок:
– Я хачу зрабіць прыемнае сама.
І маё сэрца пакацілася ад усведамлення шчырай мудрасці маленькага чалавека. Канешне, не толькі добрыя малюнкі сталі прычынай дзіцячага жадання, але ўсё ж пазітыўны блакнот спрацаваў пазітыўным пасылам.
Няхай такім пасылам для нас, дарослых, стануць крокі вясны, увасобленая ў прыгажосць стваральнасць нашых рук, памкненняў, мар. Тут і цяпер.

Вольга БАРАДЗІНА.