Дзюдаістаў запрасіў «Волат». Каторы тыдзень запар Ляхавічы былі цэнтральнай арэнай для юных спартсменаў, на гэты раз – для дзюдаістаў
Каторы тыдзень запар наш райцэнтр становіцца цэнтральнай арэнай для юных спартсменаў, на гэты раз – для дзюдаістаў. Больш за 300 дзяўчат і хлопцаў 2002-2008 гадоў нараджэння з розных раёнаў Беларусі, а таксама іх равеснікі з Расіі і Прыбалтыкі з 17 па 19 кастрычніка ўдзельнічалі ў першым адкрытым турніры па дзюдо «Ляхавіцкі Волат». У нашай камандзе – каля паўсотні выхаванцаў трэнераў-выкладчыкаў Рашыда Байрашэўскага і Віктара Богуша.
Да чаго ж горача было ў гэтыя дні ў СДЮШАР. Гучыць: «На татамі запрашаюцца…». Барацьба ідзе за кожнае ачко, кожны рух, кідок, задзейнічаны ўсе прыёмы, што неаднаразова адпрацоўваліся на трэніроўках. Калі не выходзіць атрымаць так званую чыстую перамогу, то міні-матч доўжыцца тры хвіліны і першынство застаецца за найбольш актыўным. Тры хвіліны трымаюць у напружанні не толькі юных дзюдаістаў, але і трэнераў, якія падказваюць, хвалююцца і нават спрачаюцца адзін з адным. Не на месцы нервы і ў балельшчыкаў (іх было шмат): крычаць, падтрымліваюць, падбадзёрваюць.
Спаборніцтвы прайшлі на адным дыханні. Як ад-значалі госці, Ляхавічы ўмеюць прымаць міжнародныя турніры, і «Волат» не выключэнне. А яшчэ выказалі спадзяванне, што атрымаюць запрашэнне і ў наступным годзе. Арганізатары запэўнілі: «Ляхавіцкі Волат» стане традыцыйным.
Пераможцы турніру ўзнагароджваліся не толькі медалямі, але і падарункамі ад спонсара – ТАА «Белпрамтрэйдынг».
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота аўтара.