Па законе «ОМА»

Але шукаць залежнасць паміж сілай тока, супраціўленнем правадніка і рознасцю патэнцыялаў зусім не варта. Патэнцыял «ОМА» – у аптовым і рознічным гандлі будаўнічымі матэрыяламі і інструментамі, таварамі для добраўпарадкавання дома, іншае. Буйная, з шырокім геаграфічным прадстаўніцтвам у краіне, кампанія займаецца таксама выпускам сухіх будаўнічых сумесяў, лакаў і фарбаў, тавараў для адпачынку, саду-агароду.
У мінулую сераду «ОМА» прыйшла ў Ляхавічы. На першым паверсе адміністрацыйнага будынка райпо расчыніў дзверы магазін «Будаўнічыя матэрыялы і інструменты». Аўтарамі ідэі і – як практычны працяг – самой падзеі сталі ўжо ўзгаданыя «ОМА» і мясцовае спажыўтаварыства, якія і адкрылі спецыялізаваны магазін на ўмовах франчайзінгу. Брэнд – «ОМА», а гандлёвыя плошчы, персанал – ляхавіцкія.
Было святочна, урачыста, рознакалярова і дастаткова шматлюдна – у адпаведнасці з апошнімі падобнага кшталту прэзентацыйнымі тэндэнцыямі.
Скажу коратка: багаты асартымент. А не разгубіцца ў гушчары гандлёвых радоў дапаможа навігацыя ў выглядзе шыльдачак-указальнікаў. Настрою ад наведвання магазіна дабавіць ветлівая ўсмешка касіра і надпіс на фінішы маршруту: «Дзякуй за пакупку».
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.