Задачы прававога поля. Пра асноўныя накірункі дзейнасці Ляхавіцкага райаддзела ўнутраных спраў – у размове з яго кіраўніком

Міліцыянер у нашым уяўленні той чалавек, які заўсёды прыйдзе на дапамогу, абароніць. Менавіта ад людзей у пагонах у многім залежыць лёс і пацярпелага, і таго, хто па розных прычынах схільны да ўчынення супрацьпраўных дзеянняў, і таго, хто ўжо ступіў на слізкі шлях.
Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу падкрэсліў прафесійную адказнасць у тым ліку і вартавых правапарадку: «Тут недапушчальныя абыякавасць, фармалізм, некампетэнтнасць. А тым больш – несправядлівасць».
Пра асноўныя накірункі дзейнасці райаддзела ўнутраных спраў – у размове з яго кіраўніком падпалкоўнікам міліцыі Андрэем СТУДЗЯНІЧНІКАМ.

– Андрэй Леанідавіч, якая асноўная задача стаіць сёння
перад супрацоўнікамі райаддзела міліцыі?

– У Пасланні Прэзідэнт краіны заявіў: у першую чаргу, перад праваахоўнымі органамі ставіцца мэта працаваць так, каб кожны грамадзянін быў упэўнены, што надзейна абаронены дзяржавай. Міліцыя заўжды на варце закону.
На жаль, сказаць сёння, што мы поўнасцю выкаранілі злачыннасць, пакуль не можам. Тым не менш, сітуацыя пад кантролем. І гэта паўсядзённая напружаная работа, дзякуючы якой у раёне сёлета раскрываецца большасць цяжкіх злачынстваў. Адна з нашых задач – выхоўваць, весці прафілактычную работу, у тым ліку ў сферы сямейна-бытавых адносін, правапарушэнняў і злачынстваў з удзелам непаўналетніх.
Асноўныя намаганні засяроджваем на абароне правоў, свабод чалавека і грамадства. На парадку дня актывізацыя работы па выяўленні злачынстваў прэвентыўнага характару, папярэджанні крадзяжоў усіх формаў уласнасці, барацьба з незаконным абаротам наркотыкаў, эканамічнымі злачынствамі і карупцыяй.

– Паведамленні пра чарговыя карупцыйныя праяўленні і злачынствы заўсёды  надзвычай рэзанансныя. Якая сітуацыя ў гэтым накірунку  ў нашым раёне?
– Тэма карупцыі – адна з многіх, узнятых у Пасланні Кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што асабліва важная якасная прафілактычная работа ў тых сферах, дзе карупцыйныя рызыкі найбольш высокія.
Хоць беларускае заканадаўства даволі жорсткае ў плане санкцый да парушальнікаў, а вынікі работы па супрацьдзеянні карупцыі максімальна адкрытыя, Прэзідэнт даручыў Генеральнай пракуратуры падрыхтаваць комплекс антыкарупцыйных мер для прыдання новага імпульсу ў барацьбе з гэтымі злачынствамі.
Што тычыцца Ляхавіцкага раёна, сёлета зарэгістравана чатыры злачынствы карупцыйнай накіраванасці: крадзеж, учынены службовай асобай, махлярства і падлог.
Канешне, без дапамогі насельніцтва нам з такімі праяўленнямі справіцца цяжка, неабходна фарміраваць у людзей негатыўныя адносіны да карупцыі ва ўсіх яе формах і праяўленнях.
На кожным прадпрыемстве, ва ўстано-вах і арганізацыях раёна рэалізуюцца антыкарупцыйныя мерапрыемствы.
– Калі зазірнуць у статыстыку некалькіх апошніх гадоў,
то асноўны від злачынстваў – крадзяжы. Ці змянілася сітуацыя
сёлета?

– Крадзяжы па-ранейшаму пераважаюць. Прычым сёлета іх зарэгістравана ўжо 23 – на 15 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд летась. І такая тэндэнцыя насцярожвае. Расце колькасць крадзяжоў, учыненых прадстаўнікамі, як цяпер прынята называць, нацыянальнасці рома.
На жаль, даводзіцца канстатаваць зніжэнне раскрыцця крадзяжоў. Асабліва складаная абстаноўка з гэтым на тэрыторыі Конькаўскага, Альхоўскага і Востраўскага сельсаветаў.
Варта дадаць, што ў раскрыцці такога кшталту злачынстваў цесна ўзаемадзей-нічаем з райаддзелам Следчага камітэта. Нядаўна па гарачых слядах устаноўлены злодзей, які абрабаваў магазін «Востраў чысціні» ў Ляхавічах.

– Яшчэ адна праблема сучаснага грамадства, якая не абышла і Ляхавіцкі раён, – распаўсюджванне наркотыкаў…
– За першы квартал 2019 года зарэгістраваны два злачынствы па лініі наркакантролю, яны адносяцца да катэгорыі цяжкіх. Неўстаноўленая асоба, пошукі якой прадаўжаюцца, збывала наркотыкі ў лесапасадцы каля аўтадарогі Баранавічы-Ляхавічы.
Па стане на 1 красавіка ў наркалагічным кабінеце райбальніцы на ўліку стаіць 9 грамадзян, якія ўжываюць наркотыкі.
З 8 па 12 красавіка падчас спецаперацыі «Допінг» супрацоўнікі РАУС сумесна з калегамі з Баранавічаў праверылі ўсе медустановы і аптэкі раёна, дзе ёсць дазвол на легальны абарот лекавых сродкаў, у складзе якіх утрымліваюцца наркатычныя і псіхатропныя рэчывы. Парушэнняў не выяўлена.
Зарэгістравана адно правапарушэнне, прадугледжанае часткай 4 артыкула 17.3 КоАП (з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане, выкліканым ужываннем таксічных рэчываў).
Пра тое, што вырошчванне маку і канапель пад забаронай, нагадваем насельніцтву пастаянна. Сёлета з 1 чэрвеня па 15 верасня зноў будзе праводзіцца спецыяльная праграма «Мак».
Тэма наркаманіі таксама была закранута ў Пасланні. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што маючая адбыцца амністыя не закране асуджаных, якія адбываюць пакаранне за распаўсюджванне і выраб наркотыкаў. І гэта цалкам абгрунтавана цяжкасцю такіх злачынстваў.
Канешне, і супрацоўнікам міліцыі ёсць над чым працаваць у плане прафілактыкі, хаця за апошні час зроблена нямала. Пастаянна адпрацоўваем месцы масавага знаходжання для выяўлення асоб, якія могуць учыніць злачынствы па лініі наркакантролю. Арганізуем мерапрыемствы па ўстанаўленні і спыненні дзейнасці віртуальных «наркамагазінаў», дзе псіхатропы распаўсюджваюцца праз інтэрнэт.
– Трапіла на вочы такая статыстыка: на Брэстчыне за апошнія тры гады колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій павялічылася больш чым у пяць разоў. Што ў нас?
– Колькасць зваротаў грамадзян у праваахоўныя органы па такіх пытаннях расце. З пачатку года ўзбуджана восем крымінальных спраў у сферы высокіх тэхналогій. Адзначаецца павелічэнне колькасці выпадкаў крадзяжоў грошай з выкарыстаннем рэквізітаў банкаўскіх плацежных картак, атрыманых падманным шляхам.

– Андрэй Леанідавіч, як вы ахарактарызуеце дарожную сітуацыю ў раёне?
– Канешне, пажадана, каб яна была больш спакойнай. Хаця тэндэнцыя ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам станоўчая. Сёлета адбылося адно ДТЗ (у мінулым годзе тры), загінуўшых няма (у 2018 – адзін чалавек), паранены адзін (пяцёра). Разам з тым, за тры месяцы выяўлена 1461 парушэнне правілаў дарожнага руху – на 293 больш, чым за першы квартал 2018 года. У тым ліку сямёра вадзіцеляў кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, 41 не меў вадзіцельскіх правоў, 284 парушылі скорасныя рэжымы. 405 парушэнняў на рахунку пешаходаў.
Традыцыйна самая «праблемная» дарога ў нас Ляхавічы-Баранавічы. Менавіта на ёй часцей за ўсё нясуць дзяжурства і супрацоўнікі АДАІ Ляхавіцкага РАУС, і калегі з суседніх райаддзелаў міліцыі.
За спакой на дарогах у адказе не толькі Дзяржаўтаінспекцыя. Ёсць пэўныя нараканні ў адрас дарожных службаў. Калі выконваемыя імі работы будуць больш якаснымі, дарожная бяспека толькі выйграе.
Ёсць пытанні і да адказных асоб прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, якія выпускаюць няспраўную тэхніку і нават нецвярозых вадзіцеляў у рэйсы, што таксама негатыўна ўплывае на сітуацыю на дарогах.
А ў цэлым магу сказаць, што крымінагенная сітуацыя ў раёне пад пільным кантролем праваахоўных органаў.
Гутарыла Галіна КАНЬКО.