Святарскае благаславенне
Сімвалічна, что менавіта ў першы майскі дзень, калі католікі адзначаюць урачыстасць Юзэфа Рамесніка, у 25-годдзе ляхавіцкага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Ляхавічах Біскуп Антоній Дзям’янка правёў прэсвітарскае пасвячэнне дыякана Дзмітрыя Прыступы.
Асаблівы дзень у яго жыцці, асаблівы для бацькоў. І, безумоўна, для Кангрэгацыі ксяндзоў Найсвяцейшага Сэрца Езуса, да якога належыць новапрэсвітар. А яшчэ для ляхавіцкага храма, у сценах якога ўпершыню прайшла такая ўрачыстасць – дыякан атрымаў святарскія пасведчанні.
Яго шлях да мары – стаць святаром – пачаўся з дзяцінства. Вучыўся ў духоўнай семінарыі, служыў у касцёле святога Антонія Падуанскага ў Паставах, што адносіцца да Віцебскай дыяцэзіі. Хоць малады ксёндз родам з Баранавіч, яго карані ўсё ж тут – на Ляхавіччыне, дакладней, у вёсцы Дарава. У мясцовым храме яго прадзядуля быў фундатарам звону.
Абяцанне Біскупу і Богу служыць годна, літанія да ўсіх Святых, якая рыхтуе кандыдата да галоўнага моманту – ускладання рук і малітвы пасвячэння, – усё гэта кранае за душу.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел ксяндзы з Гродзенскай, Пінскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай дыяцэзій, яны шчыра радаваліся і віншавалі новапрэсвітара. Сярод тых, хто прыехаў павіншаваць святара, – першы пробашч ляхавіцкага касцёла ксёндз Тадэвуш.
Ксёндз Дзмітрый дзякаваў кожнаму, хто ў такі важны дзень яго жыцця быў побач, у тым ліку вернікам, якія маліліся за яго. З гэтага моманту ён будзе служыць у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Ляхавічах.
На заканчэнне літургіі новапрэсвітар атрымаў місіянерскі крыж як знак таго, што гатовы служыць Богу.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара. БОЛЬШ ФОТА ТУТ