Палессе сабрала крос. У Іванава прайшоў Палескі лёгкаатлетычны крос на прызы майстра спорту міжнароднага класа Уладзіміра Цямчыка


Фота з сайта Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Нядаўна ў горадзе Іванава 16 раз прайшоў Палескі лёгкаатлетычны крос на прызы майстра спорту міжнароднага класа Уладзіміра Цямчыка. Спаборніцтва, якое стала яшчэ і адкрытым першынством Брэстчыны, мае дастаткова высокую каціроўку ў суполцы бегуноў краіны. Зорнымі гасцямі сёлетняга форуму былі міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі парламентарый Вадзім Дзевятоўскі, канешне ж, Уладзімір Цямчык. 10 тысяч метраў «па зямлі» складала дыстанцыя для дарослых, юныя ўдзельнікі кросу спаборнічалі на адрэзках ад 500 метраў да 2 кіламетраў у залежнасці ад узроставай катэгорыі.
Лепшай у агульным заліку стала каманда Кобрынскага раёна, другое месца ў гаспадароў-іванаўцаў, трэцімі былі атлеты Пружанскага раёна. У спартсменаў Ляхавіччыны «драўляны» камандны прыз. Пры гэтым – залаты і сярэбраны фініш у спаборніцтвах на асобных дыстанцыях кросу. Ураджэнка раёна Ганна Макоўская, якая зараз працягвае заняткі ў абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву, фінішавала першай на дыстанцыі ў 2 тысячы метраў. 13-гадовы вучань СШ № 1 Максім Болтуць быў другі на кіламетровай дыстанцыі.
Узнагароды спартсменам уручылі Сяргей Кавальчук і Вадзім Дзевятоўскі. А спартыўную навуку прызёрам і іншым ляхавіцкім удзельнікам кросу выкладалі трэнеры-выкладчыкі СДЮШАР раёна Алена Ульянава і Андрэй Іванюценка.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з сайта Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.