Пра што маўчыць апавяшчальнік

Перахрэсце – невялікі населены пункт у 9-ці кіламетрах ад Ляхавічаў.
Жыхары вёскі і іх домаўладанні сталі аб’ектам увагі назіральнай камісіі на чале са старшынёй Начаўскага сельвыканкама Вячаславам Новікам.

Нягледзячы на тое, што ацяпляльны сезон скончыўся, камісіі працягваюць кантраляваць стан пячнога і газавага абсталявання, нагадваюць жыхарам раёна правілы супрацьпажарнай бяспекі. У красавіку правялі агляд каля 350 дамоў ва ўсіх сельсаветах.
Першы адрас, куды завітала камісія ў Перахрэсці, – Матросава, 82. Сюды старшыня сельвыканкама, супрацоўнікі міліцыі і РАНС заходзяць часта. Гаспадар дома нідзе не працуе, злоўжывае алкаголем. А яшчэ не адмаўляе сабе ў «задавальненні» пакурыць у доме. Звычка не проста шкодная, можа прывесці да непапраўных наступстваў.
У доме стаяць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, але карысці ад іх ніякай – няма батарэек. Вячаслаў Новік і старшы інспектар нагляду і прафілактыкі РАНС Сяргей Рабцэвіч раяць яму купіць батарэйку і выдаюць карысныя памяткі.
На суседнім падворку сустракаем пенсіянерку Галіну Мікалаеўну Карпаву, якая пераехала ў вёску з Баранавічаў. Жанчына жыве адна, у хаце утульна і прыбрана. Печка, калі не ўлічваць некалькі сколаў пліткі, адпавядае правілам бяспекі. Але аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у хаце няма. Таму парада членаў камісіі – устанавіць АПА.
Наступны дом – ненадзейны адрас. Мужчына таксама злоўжывае алкаголем, курыць у хаце. Дом даўно не бачыў уборкі, а каля ложка ўтварылася вялізная смеццевая куча з бутэлек, папер і ануч. Пажарны апавяшчальнік ёсць, але без батарэек, у печцы віднеецца расколіна.
– Калі запалку кінуць, гэта куча смецця адразу загарыцца, –
трывожыцца Вячаслаў Новік. – Смецце тэрмінова трэба прыбраць. І расколіну ў печцы глінай замазаць.
– Не магу знайсці добрую, – апраўдваецца гаспадар хаты. Але прыбраць смецце згаджаецца.
Дарэчы, калі рэйд па вёсцы скончыўся, старшыня сельвыканкама вярнуўся праверыць, ці выканана яго патрабаванне. І сапраўды, бутэлькі і анучы адпраўлены на сметнік.
У доме № 87 па вуліцы Матросава жыве сям’я Мурочак. Дзядуля Ілья Міхайлавіч даглядае маленькую ўнучку. У доме апавяшчальнікі таксама не ўстаноўлены, але мужчына завярае, што з газавым абсталяваннем абыходзіцца акуратна, а печку выкарыстоўваюць рэдка: хіба што на Вялікдзень пякуць у ёй кулічы, ды калі ўнукі прыходзяць, запальваюць, каб цяплей было.
Гаспадар атрымлівае слушную заўвагу ад камісіі: забараняецца сушыць бялізну ля печы, можа адбыцца ўзгаранне. Ён паабяцаў больш не парушаць гэта правіла пажарнай бяспекі.
Гаспадароў дома № 66 застаём у агародзе. Гаспадыню Святлану Уладзіміраўну здзіўляе наша вялікая «дэлегацыя», але яна гасцінна запрашае ў хату. Зараз бацькоўскі дом выкарыстоўваецца пераважна як дача. Камісія заўважае некалькі парушэнняў: у печцы расколіна, адсутнічае металічная бляха на падлозе.
У бліжэйшы час выправім, абяцаюць гаспадары.
Яшчэ адрас: мужчына жыве адзін, мае інваліднасць. Печка ў парадку, устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі. А батарэек зноў няма…
Назіральная камісія наведала 21 дом у Перахрэсці. Асаблівая увага – адзінокім і адзінока пражываючым пажылым людзям, інвалідам, мнагадзетным і неўладкаваным сем’ям, грамадзянам, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
Наша бяспека ў многім у нашых руках. І ў гэтым пытанні важныя нават дробязі. Напрыклад, такія, як батарэйкі.

У 2019 годзе на тэрыторыі Начаўскага сельсавета адбыліся тры пажары, у якіх загінулі тры чалавекі. У тым ліку і па гэтай прычыне ў вёсцы Перахрэсце праводзіўся чарговы рэйд па папярэджанні пажараў

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.