Пра гэта гаварылася ў Пасланні.Спартыўныя таленты і прыхільнікі

Здароўе нацыі – гэта клопат не толькі медыкаў, але і кожнага з нас. Без фізічнай актыўнасці, заняткаў спортам не будзе здаровых дзяцей, здаровых людзей, здаровай нацыі ў цэлым», – падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.
Кіраўнік дзяржавы заклікаў усіх быць прыкладам для падрастаючага пакалення і знаходзіць час для заняткаў спортам. Што датычыць спартыўнай базы, то патрабаванне адназначнае: у нашых дзяцей павінны быць лепшыя ўмовы для заняткаў.

Пра пошук і гонар

З вышыні пражытых гадоў і з набыццём уласнага пераканання, што здароўе не купіш, прыходзіць і ўсведамленне: заняткі фізкультурай у школьным раскладзе ўсё ж былі зусім не лішнія. І сёння ўжо з лёгкай зайздрасцю глядзіш на юных, якія бесклапотнай чародкай перамяшчаюцца ў бок спартзалы, стадыёна ці мясцовай СДЮШАР. Апошняя, можна сказаць, цэнтр спартыўнага жыцця Ляхавіччыны. Тут сустрэнеш і малечу, і моладзь, і людзей у шаноўным узросце. Але дзеці, канешне, галоўны кантынгент: тут старанна шукаюць спартыўныя таленты. Дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч сцвярджае, што якраз у глыбінцы яны і ёсць, трэба толькі знайсці, падштурхнуць, разбудзіць у хлопчыкаў і дзяўчынак жаданне займацца фізкультурай і спортам:
– Хто ведае, а можа менавіта з гэтага на выгляд зусім неатлетычнага «хамячка», што прыйшоў з сябрамі проста за кампанію, вырасце другі Улад Цярпіцкі?
Улад – гонар мясцовай спартшколы і кумір для дзясяткаў тутэйшых юных дзюдаістаў. Сёння ён паспяхова выходзіць на татамі самых рэйтынгавых турніраў Еўропы і свету ў вагавай катэгорыі «сто плюс» і ў асабістай скарбонцы мае запаветныя для кожнага спартсмена золата-серабро-бронзу. А ляхавіцкая школа дзюдо славіцца не толькі ў вузкіх колах.
Наогул, са сваёй галоўнай задачай – пошукам і падрыхтоўкай спартыўнага рэзерву – наша СДЮШАР спраўляецца нядрэнна. Як расказала дырэктар, летась установа адправіла ў далейшы шлях да высокіх перамог – у вучылішчы алімпійскага рэзерву – восем юных кандыдатаў у майстры спорту. Яшчэ два КМСы з’явіліся тут сёлета – нарматывы выканалі дзяўчаты-самбісткі. Нямала «першаразраднікаў». З улікам гэтых і шматлікіх іншых абставін па выніках 2018-га ляхавіцкая спартыўная ўстанова ў абласным аглядзе-конкурсе заняла другое месца. Ды і атрыманы не так даўно статус СДЮШАР (замест ранейшай ДЮСШ) – яскравае сведчанне педагагічнага майстэрства тутэйшых трэнераў і поспехаў выхаванцаў. І, безумоўна, дзяржаўнага клопату пра падтрымку юных спартсменаў.

У Ляхавічах  падабаецца

– За апошнія месяцы база істотна абнавілася, умацавалася. За бюджэтныя сродкі набыты розны спартыўны інвентар на суму каля 9000 рублёў: мячы, лыжы з чаравікамі, канькі, веласіпеды і многае іншае. Купілі спартыўную форму для лёгкаатлетаў, а гэта таксама нятаннае задавальненне, – расказвае Валянціна Русакевіч.
Унушальныя сродкі былі накіраваны на рамонты. Летась пасля капітальнай мадэрнізацыі ўрачыста адкрылася гандбольная зала, абноўлены раздзявальні, у юных спартсменаў з’явіліся душавыя з гарачай вадой, пра што ў спартшколе калісьці нават і не марылі. Будаўнікі папрацавалі над залай агульнай фізпадрыхтоўкі, аднаўленчым цэнтрам, пакоямі для пражывання спартсменаў. Дарэчы, гэтыя аб’екты даюць СДЮШАР і магчымасць зарабіць. А за заробленыя сродкі набываецца частка інвентару.
Сучаснае аснашчэнне і зручнасці ў літаральным сэнсе прыцягваюць сюды спартсменаў не толькі з нашага раёна. Асабліва насычаным выдаўся красавік: у Ляхавічах прайшлі паўфінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў дзіцяча-юнацкай гандбольнай лігі, адкрыты турнір па лёгкай атлетыцы на прызы майстра спорту міжнароднага класа Генадзія Валюкевіча, першы адкрыты турнір па дзюдо «Ляхавіцкі волат». Да нас з’ехаліся сотні юных спартсменаў. І ім, і іх трэнерам, і спартыўным функцыянерам, мяркуючы па водгуках, у Ляхавічах спадабалася. Дарагога вартая і сакавіцкая сустрэча з алімпійцамі, арганізаваная кіраўніцтвам раёна.

Вас таксама чакаюць

Дзверы спартшколы расчынены з 8 да 22 гадзін. Ціха тут не бывае практычна ніколі: штодзённыя секцыі для школьнікаў, двойчы ў тыдзень заняткі для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і актыўных землякоў шаноўнага ўзросту. Бліжэй да вечара актывізуецца попыт на платныя паслугі: жанчыны спяшаюцца на фітнес і пілатэс (такія паслугі на базе СДЮШАР прапануюць ІП), аматары актыўнага адпачынку – узяць напракат веласіпед (ці ў сезон лыжы-канькі). Арганізацыі арандуюць гульнявыя залы (аматарскія каманды аддаюць перавагу футболу і валейболу), ёсць жадаючыя пазаймацца ў трэнажорцы, якая, праўда, патрабуе ўжо карэннага перааснашчэння.
Спартыўныя секцыі СДЮШАР  працуюць і на базе сельскіх школ: у Ліпску, Востраве, Начы і Навасёлках – па лёгкай атлетыцы, Востраве і Малым Гарадзішчы –  па футболе, у Свяціцкім фізкультурна-аздараўленчым клубе школьнікі маюць магчымасць займацца гандболам.
Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія займаюцца не першы год, усур’ёз задумваюцца пра спартыўныя перамогі. Як, напрыклад, дзюдаістка і самбістка Кацярына Ракуць, якая сёлета прадстаўляла Ляхавіччыну, Брэстчыну і Беларусь на чэмпіянаце Еўропы па самба. Выступіла дастойна, у чым «вінаваты» многія: і сама, і трэнер, і школа, і спонсары (ААТ «Жарабковічы», ТАА «Трансэлектракамплект»), і дзяржаўная падтрымка.
Але, канешне, для большасці рабят сяброўства з фізкультурай пачынаецца ўсё ж са школьных урокаў. У нашым раёне яны праходзяць у 16 спартзалах і на 17  спартпляцоўках (летась, дарэчы, на іх утрыманне і аснашчэнне пайшло больш за 12500 у асноўным бюджэтных рублёў).
У райцэнтры ёсць цудоўная магчымасць правесці з карысцю для здароўя паўгадзіны-гадзіну не толькі на стадыёне, а і на варкаўт-пляцоўцы. Сучасны комплекс, выдатныя ўмовы для трэніровак, заняткаў дзяцей і дарослых – даступна для ўсіх і абсалютна бясплатна.
А яшчэ сёлета на гарадскіх вуліцах з’явіліся веласіпедныя дарожкі – для агульнай зручнасці і бяспекі.
Ну ўсё, хопіць глядзець. Далучайцеся!

ФАКТ

Сёння ў Ляхавіцкай СДЮШАР на чатырох аддзяленнях (гандболу, футболу, дзюдо і лёгкай атлетыкі) – 488 хлопчыкаў і дзяўчынак. Узрост юных спартсменаў ад 6 да 18 гадоў. Усе дзеці займаюцца ў вучэбна-трэніровачных групах бясплатна.

ФАКТ

Як паведамілі ў фінаддзеле райвыканкама, на 2019 год на рэалізацыю дзяржпраграмы развіцця фізічнай культуры і спорту ў бюджэце раёна прадугледжана 545 тысяч рублёў.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.