Па літары сумлення. Пра ХІV Беларускі міжнародны медыяфорум у Брэсце, а таксама пра цырымонію ўзнагароджання пераможцаў абласнога творчага журналісцкага спаборніцтва, сярод якіх — «Ляхавіцкі веснік»
Май напоўнены знакавымі падзеямі: Дзень працы, Дзень Перамогі, Дзень беларускіх Герба і Сцяга – гэтага, ды яшчэ ў спалучэнні з вясновым росквітам прыроды, хапіла б на высокія пачуцці, безліч уражанняў, натхненне на стваральнасць. А для журналістаў у гэтым месяцы да таго ж прапісаны Дзень друку, Міжнародная выстава СМІ, «Залатая Ліцера»… Прыемны спіс папоўніўся ХІV Беларускім міжнародным медыяфорумам «Партнёрства ў імя будучыні: журналістыка і сацыяльная абарона грамадства». Сёлета ён праходзіў у Брэсце. Тысячагадовы юбіляр – культурная сталіца СНД 2019 года – прымаў журналістаў з 25 краін, больш за 250 дзяржаўных грамадскіх дзеячаў, дыпламатаў, прадстаўнікоў экспертнай і медыйнай супольнасці.
Прывітанне ўдзельнікам і гасцям ХІV Беларускага міжнароднага медыяфоруму накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. «Сімвалічна, што ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў месцам правядзення форуму выбраны Брэст – горад-герой, які мужна прыняў на сябе першыя ўдары ворага», – гаворыцца ў прывітанні.
«Нашы народы здзейснілі вялікі подзвіг, адстаялі ў той вайне сваю свабоду і незалежнасць, таму што былі разам. Сёння мы таксама сумесна павінны зберагчы агульную гісторыю, не дапусціць перагляду і фальсіфікацыі гераічнага мінулага. Зрабіць не толькі прафесійны, але і глядацкі, чытацкі выбар на карысць журналістыкі праўды, справядлівасці і аб’ектыўнасці», – падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што сёлетні форум натхніць яго ўдзельнікаў на новыя ідэі і творчыя рашэнні ў рэалізацыі актуальных праектаў, нацэленых на захаванне ў грамадстве адзінства, згоды і міру ў імя будучыні.
Знакавай падзеяй у грамадска-палітычным жыцці краіны назваў медыяфорум намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк, які падкрэсліў, што канцэнтрацыя намаганняў міжнароднай медыясупольнасці на выпрацоўку пазітыўных поглядаў на падзеі ў Беларусі, на адкрытасць і чысціню нашай знешняй палітыкі, заснаванай на прынцыпах добрасуседства, узаемаразумення, міру, з’яўляюцца мэтай медыяфоруму.
Журналістыка праўды
Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў, што ўпершыню ў форума рэгіянальны адрас. І аргументаваў: не выпадкова гэта Брэст. Па-першае, сёлета мы адзначаем 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па-другое, Брэст першым прыняў эстафету агню ІІ Еўрапейскіх гульняў «Полымя міру». А яшчэ горад адзначае 1000-годдзе, і ёсць магчымасць паказаць удзельнікам форуму, многія з якіх не ўпершыню ў Беларусі, іншыя рэгіёны нашай краіны.
Міністр акцэнтаваў увагу на ролі сродкаў масавай інфармацыі ў фарміраванні грамадскіх настрояў, у забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі, прагназаванні і канструяванні сучасных геапалітычных і эканамічных рэалій.
«У сённяшніх няпростых умовах нам трэба развіваць дыялог і супрацоўніцтва, каб разам супрацьстаяць варожасці і канфліктам, выпрацоўваць агульныя падыходы ў супрацьдзеянні выклікам і пагрозам ХХІ стагоддзя. Сродкі масавай інфармацыі закліканы стаць у гэтай важнейшай справе магутным аб’ядноўваючым фактарам», –падкрэсліў Аляксандр Карлюкевіч.
Міністр адзначыў, што размова на форуме павінна датычыць таго, як зрабіць наш свет лепшым і што значыць журналісцкая прафесія сёння. А сама стылістыка выступленняў і запрошаныя эксперты – гэта магчымасць зазірнуць у заўтрашні дзень.
Сярод тых, хто вітаў удзельнікаў форуму, – і старшыня Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Рагачук.
Падчас работы па секцыях адбыліся панэльныя дыскусіі, на якіх ішла размова пра ролю СМІ ў жыцці грамадства, іх адказнасць, у тым ліку перад будучыняй, закраналіся і абмяркоўваліся вострыя і праблемныя тэмы: «Медыяпрастора і інфармацыйная бяс-пека», «Уплыў сацыяльных сетак і благасферы на фарміраванне грамадскай думкі», «Сучасныя трэнды інтэрнэт-журналістыкі і яе роля ў вырашэнні сацыяльна-палітычных праблем рэгіёнаў».
Першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі адзначыў, што аб’ёмы інфармацыі, колькасць інфармацыйных каналаў імкліва павялічваюцца, а функцыі, якія раней выконвалі выключна прафесійныя журналісты, цяпер гатовы ўзяць на сябе любы. На жаль, акрамя новых магчымасцяў з’яўляюцца і новыя пагрозы, рэзка ўзрастае колькасць інфармацыйнага «смецця». Павел Лёгкі перакананы, што абарона грамадства ад фэйкавых навін сёння суперактуальная, і што існуюць два шляхі абароны насельніцтва ад няякаснай інфармацыі – на ўзроўні нарматыўна-прававой базы, а таксама якаснага росту прафесіянальных СМІ.
Мноства цікавых поглядаў, ідэй, высноў былі агучаны ўдзельнікамі медыяфоруму.
Стымул для творчасці і натхнення
А для журналістаў Брэстчыны ў праграме медыяфоруму адбылася яшчэ адна знакавая падзея – падвядзенне вынікаў абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, аб’яднаных, раённых і гарадскіх газет, тэлебачання і радыё, прафесійных журналістаў па выніках 2018 года. Чатырнаццаты раз ладзіўся гэты прафесійны фэст.
Гасцінна, душэўна, як заўсёды непаўторна, на адным дыханні прайшла ўрачыстасць у аграгарадку Мухавец. Побач з журналістамі былі першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Мурашкін, намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў, старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын, дырэктар Брэсцкага філіяла «Белпошты» Валянціна Пух, намеснік старшыні абласной арганізацыі ГА «Белая Русь» Васілій Лашч.
Дыпломы пераможцам абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый раённых і гарадскіх газет – «Ляхавіцкаму весніку» і пружанскім «Раённым будням», у сваіх намінацыях – «Заре» і тэлерадыёкампаніі «Брэст» – уручыў Павел Лёгкі.
Узнагароды атрымалі і пераможцы ў персанальных намінацыях, якія ўручыла Таццяна Гагакава.
Свае адзнакі лепшым паставілі аб’яднанне прафсаюзаў, «Белая Русь», пошта, пісьменніцкая арганізацыя.
…Гэта было ўчора. А сёння новы нумар раёнкі прыйшоў па ўсіх адрасах, дзе яго чакаюць нашы верныя сябры – не проста чытачы, а дарагія, нераўнадушныя, справядлівыя, аб’ектыўныя, патрабавальныя і ў той жа час дружалюбныя нашы землякі. «Веснік» піша пра вас, для вас і з вамі ў галоўнай ролі. Дзякуй за наша шматгадовае сяброўства.
Вольга БАРАДЗІНА.