Будні ў рытме танга. «ЛВ» пабываў у гасцях у землякоў, якія наведваюць цэнтр дзённага знаходжання пажылых людзей
Назваць іх пенсіянерамі не паварочваецца язык. Сваім запалам, энергіяй наведвальнікі цэнтра дзённага знаходжання пажылых людзей дадуць фору юным. Амаль кожны дзень у іх распісаны па гадзінах: заняткі спортам, рукадзелле, танцы, спевы. «А як інакш? – дзівяцца яны. – У руху маладосць».
Сюды, на вуліцу Леніна, 54, яны кожны раз прыходзяць з задавальненнем. Нават калі спяшаюцца па сваіх справах, зазірнуць хаця б на хвілінку. А сакрэт просты: душэўную цеплыню і ўтульнасць, якія пануюць у гэтым аддзяленні ТЦСАН, адчувае кожны, хто сюды прыходзіць. Тут, як прызнаюцца яго наведвальнікі, адчуваюць сябе сапраўднай сям’ёй, дзе няма месца суму і адзіноце.
Сумаваць ім сапраўды няма калі. Кожны знаходзіць занятак па душы. У гуртку «Бабулін клубочак» вяжуць, вышываюць. Нядаўна асвоілі новую тэхніку дэкору – дэкупаж. Аматары шашак і шахматаў аддалі сваю прыхільнасць гуртку «Белая ладдзя». «Залаты ўзрост»
наведваюць тыя, хто любіць творчасць і рух: тут і танга танцаваць навучаць, і кадрылю, і народную песню заспяваюць, і невялікую тэатральную пастаноўку зладзяць. Стварылі літаратурнае аб’яднанне «Спадчына» і на кожнай сустрэчы абмяркоўваюць жыццёвы шлях і творчасць аднаго з класікаў.
Дарэчы, для творчасці ў аддзя-ленні ёсць усе ўмовы: утульная цёплая зала, сцэна, фартэпіяна, вялікі стол з крэсламі, каб парука-дзельнічаць і пасля насычанага дня за кубкам духмянай гарбаты абмеркаваць навіны, падзяліцца новым рэцэптам пірага ці проста ўспомніць маладосць.
З задавальненнем збіраюцца на духоўныя сустрэчы. У «Ціхай размове па душах» з праваслаўным святаром можна падзяліцца сваімі турботамі і перажываннямі, атрымаць неабходную падтрымку.
Узрост – гэта ўсяго толькі лічбы, смяюцца наведвальнікі цэнтра. Любую добрую ідэю падтрымліваюць аднагалосна. Экскурсія? Чаму б не! Велапрабег? З задавальненнем! Таму карта наведаных імі месцаў разрастаецца з кожным годам: тут і музей Вялікай Айчыннай вайны, і батанічны сад, і музтэатр, Косава і Нясвіж. А колькі дарог роднай Ляхавіччыны яны аб’ездзілі на веласіпедах! Гэта ўсё, дарэчы, пра клуб «Пілігрым».
Каб ісці ў нагу з часам, для навед-
вальнікаў цэнтра арганізаваны ўніверсітэт трэцяга ўзросту. Тут ёсць
камп’ютарныя курсы, можна наву-чыцца карыстацца смартфонам, вы-
вучаць англійскую і польскую мовы.
У плыні штодзённых спраў знаходзяць час і для дабрачыннасці. Летась разам з раённай арга-нізацыяй Чырвонага Крыжа правя-лі для дзяцей з інваліднасцю майстар-клас па выпяканні, зрабілі ім у падарунак сашэ з зёлак.
Сваімі сіламі арганізавалі фотавыставу і адначасова арыгінальную фотазону «Каб успомніць, якімі мы былі, зазірніце ў сямейны альбом». У экспазіцыі шмат цікавага, нават прадстаўлены сапраўдны рарытэт – капялюшык і сумачка 50-х гадоў мінулага стагоддзя з Францыі. Іх насіла мама сённяшняй наведвальніцы аддзялення Ліліаны Швед. Жанчына іх захоўвала шмат гадоў і зараз з задавальненнем дэманструе ўсім жадаючым.
Загадчыца аддзялення Кацярына Жукоўская і кіраўнік гуртковай работы Вольга Давідоўская сцвярджаюць: з такой камандай няма недасягальных мэт.
– Сёння наша аддзяленне наведваюць 40 чалавек. Спадзяюся, што тут знойдуць падтрымку і сапраўдных сяброў і іншыя ляхавічане шаноўнага ўзросту, – гаворыць Кацярына Жукоўская.
З загадчыцай згаджаюцца і наведвальнікі цэнтра. Ганна Малевіч прызнаецца, што ўсе тут паспелі пасябраваць:
– У нас горад маленькі, адзін аднаго ў твар кожны ведае. З некаторымі даводзілася сустракацца па працы. Але тут, калі знаёмішся з чалавекам бліжэй, разумееш, што знайшоў родную душу, з якой і пра агарод, і пра песні, і пра вершы можна пагаварыць.
Працуе па гэтым адрасе і сацыяльная цырульня, дзе па зніжаным кошце можна змяніць свой вобраз за лічаныя хвіліны.
Рэцэпт шчасця і добрага настрою наведвальнікі аддзялення ведаюць дакладна: сапраўдныя сябры побач, любімая справа і месца, дзе можна даць волю творчаму палёту.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.