У Надзеі заўсёдная вясна. Сёння на «Подыум «ЛВ» запрашаецца Надзея Цямчык
Гэта была самая кароткая фотасесія за ўвесь час існавання «Подыума «ЛВ» і самая ўраджайная па колькасці фотаздымкаў. Такой мадэлі пазайздросціць любы фатограф: у якіх бы каардынатах ні размяшчалася студыя, Надзея засланяе ўсё навокал. Яна – настрой, толькі паспявай націскаць на затвор фотаапарата і фіксаваць яе позірк, рухі, выраз твару, эмоцыі.
Першы выхад – рабочы: сустракайце заатэхніка-селекцыянера СВК «Ляхавіцкі» Надзею Аляксандраўну.
– Ціха! Не трэба шумець! – камандуе яна нам, калі падыходзіць да сваіх рагуль. – Зараз распужаеце маіх дзевачак, маіх прыгажунь, маіх самых мілых дам! З імі толькі так – ласкава, пяшчотна і з песняй (смяецца).
Як ні дзіўна, рагулі ўміг становяцца ручнымі, моргаюць сваімі доўгімі густымі вейкамі, нібы вітаюцца ў адказ. Пасля наведвае цялят. Там, гаворыць Надзея, можна… парэлаксаваць, насмяяцца ад душы і атрымаць порцыю бадзёрасці. У блакітным форменным халаце яна шпацыруе па малочнатаварным комплексе, уся ў пытаннях і думках пра работу.
Дзяўчына з Вілейкі адчувае сябе стапрацэнтнай ляхавічанкай. Але пра ўсё па парадку. Знаёмства з райцэнтрам у яе пачалося з агракаледжа, дзе сустрэла сваю другую, дарэчы, таксама галасіста-творчую палавіну – Андрэя і стала Надзеяй Цямчык.
Пасля адвучылася ў БарДУ і атрымала дыплом зааінжынера. І вось хутка два гады, як працуе ў СВК «Ляхавіцкі». А нядаўна Цямчыкі ладзілі наваселле – атрымалі арэндную кватэру ў райцэнтры.
Такую Надзею ведаюць яе калегі, а гараджанам яна больш знаёма як удзельніца народнай эстраднай студыі «Экспрэс» і арт-групы «Вінс-акорд». Калі на сцэне хто-небудзь з Цямчыкаў – у зале заўсёды шквал апладысментаў.
А цяпер на «Подыум «ЛВ» запрашаецца харызматычная Надзея ў вячэрнім вобразе. Энергетыка, позірк, усмешка засталіся нязменнымі, а вось сукенка якраз для яе тэмпераменту – яркая, смелая і бліскучая. Наша гераіня ззяе, прычым незалежна ад таго, дзе знаходзіцца. Асабліва атрымліваецца рабіць гэта на сцэне: цудоўны моцны вакал, з яе ў добрым сэнсе чартаўшчынкай – і атрымайце незабыўнае выступленне.
Сельскагаспадарчую фотастудыю мы мянялі і на мясцовы прыродны каларыт: цяпер у якасці галоўных элементаў дэкору – квітнеючыя дзюшэсавае дрэва і бэз. І Надзея ў ім таксама кветачка – мілая, летуценная…
Хвіліна – і вяртаецца дзёрзкая Надзя – рукі на пояс, хітранькі лісічкін позірк, вытрыманая ўсмешка, і яна паходкай мадэлі пакарае ўяўны подыум.
Яшчэ хвіліна… І дзяўчына шчыра смяецца, нешта напяваючы. Надзіна непасрэднасць, заўсёднае «на сваёй хвалі» – ад яе немагчыма адвесці вачэй.
А яна дадае:
– Мы ўсе Цямчыкі такія. Творчасцю жывём, ёю ж натхняемся і з яе дапамогай выхоўваем самага галоўнага чалавека ў жыцці – сына Ягора.
P.S. Наступны выхад ваш…
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара і з архіва Надзеі ЦЯМЧЫК.
Спадзяёмся, гэты праект ад «веснікаўцаў» вам, паважаныя чытачы, даспадобы. І вы з нецярпеннем будзеце чакаць наступных вытворчых і фэшн-фотасесій нашых землякоў.
«ЛВ» працягвае кастынг (не турбуйцеся, ён без моднага прыгавору). Вы жадаеце стаць героем праекта «На подыум «ЛВ» запрашаецца…»? Калі ласка, мы толькі за! Разгарнём фотазону на працоўных квадратах і ўміг скрэацівім наконт моднага пераўвасаблення. А можа сярод вашых знаёмых, калег, сяброў ёсць проста стапрацэнтная кандыдатура для гэтай задумкі? Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, лідары бээрэсэмаўскіх пярвічак, старшыні прафкамаў, прыгледзьцеся і падкажыце нам.
А «веснікаўцы» возьмуць справу ў свае рукі!